Палабскія славяне
Пала́бскія славя́не — група заходніх славян (племянныя саюзы бодрычаў, люцічаў, лужыцкіх сербаў), якія размаўлялі на палабскай мове.
У канцы 1 — пачатку 2-га тыс. насялялі землі паміж рэкамі Лаба (Эльба) і Одра (Одэр) ад Балтыйскага мора на поўначы да Рудных гор на поўдні (цяпер тэрыторыя Усходняй Германіі і часткова Заходняй Польшчы).
Найважнейшыя цэнтры — Торгаў, Прыворна, Рэрык , Убаба, Бранібар (цяпер Брандэнбург) і інш.
У 6—8 ст. у палабскіх славян адбываўся распад першабытнаабшчыннага ладу, складваліся феадальныя адносіны.
Займаліся пераважна земляробствам, у 9—10 ст. значнае развіццё атрымалі рамёствы.
Гандлявалі з Саксоніяй, Даніяй, Швецыяй, Кіеўскай Руссю.
У 10 ст. пачалося заваяванне палабскіх славян германскімі феадаламі. 11—12 ст. — перыяд найбольшага росквіту палабскіх славян, паспяховага супраціўлення германскай агрэсіі, узнікнення раннефеадальных дзяржаўных утварэнняў, т.зв. Вендскай дзяржавы бодрычаў і люцічаў. Палабскія славяне на чале з князем бодрычаў Ніклатам разграмілі крыжовы паход супраць славян 1147. У 2-й палавіне 12 ст., скарыстаўшы тэрытарыяльную раздробленасць палабскіх славян, германскія феадалы захапілі іх землі. Нямецкая каланізацыя прывяла да частковага знішчэння і асіміляцыі палабскіх славян.
Літаратура
правіць- Палабскія славяне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. С. 531.