«Пан» (нарв.: Pan) — раман нарвежскага пісьменніка Кнута Гамсуна, упершыню апублікаваны ў 1894 годзе. На беларускую мову пераклала Лідыя Ёхансен[1].

Пан
нарв.: Pan
Выданне
Тытульная старонка нарвежскага выдання 1894 года.
Жанр раман
Аўтар Кнут Гамсун
Мова арыгінала нарвежская
Дата першай публікацыі 1894
Выдавецтва Gyldendal Norsk Forlag[d]

Сюжэт правіць

Трыццацігадовы лейтэнант Томас Глан прыгадвае падзеі, што адбыліся з ім два гады таму, у 1855 годзе. Успаміны абудзіў атрыманы ім па пошце ліст — у пустым канверце ляжалі два зялёныя птушыныя пяры. Глан вырашае для ўласнага задавальнення і каб проста прабавіць час напісаць пра тое, што яму давялося перажыць. Тады недзе каля года ён правёў на самай поўначы Нарвегіі, у Нурлане.

Глан жыве ў лясной вартоўні разам са сваім паляўнічым сабакам Эзопам. Яму здаецца, што толькі тут, удалечыні ад чужой яму гарадской мітусні, сярод поўнай адзіноты, назіраючы за павольным жыццём прыроды, любуючыся фарбамі лесу і мора, адчуваючы іх пахі і гукі, ён па-сапраўднаму вольны і шчаслівы. Аднойчы ён хаваецца ад залевы ў паветцы для лодак, там жа вырашаюць схавацца мясцовы багацей гандляр Мак з дачкой Эдвардай і доктар з суседняга прыходу. Выпадковы эпізод амаль не пакідае следу ў душы Глана. Неўзабаве, сустракаючы на прыстані паштовы параход, ён звяртае ўвагу на маладую прыгожую дзяўчыну Еву, якую прымае за дачку сельскага каваля.

Глан здабывае сабе ежу паляваннем, а выпраўляючыся ў горы, бярэ сыр у лапароў-аленяводаў. Любуючыся велічнай прыгажосцю прыроды, ён адчувае сябе неаддзельнай яе часткай, ён пазбягае таварыства людзей, разважаючы над марнасцю іх намераў і ўчынкаў. Сярод буйства вясны ён адчувае дзіўнае, бударажачае пачуццё, якое соладка трывожыць і п’яніць душу. Аднаго разу ў госці да Глана наведваюцца Эдварда і доктар. Дзяўчына ў захапленні ад таго, як паляўнічы ўладкаваў свой побыт, жыллё Глана, абвешанае рознымі шкурамі і пёрамі, нагадвае ёй логавішча дзікуна. І хоць паляўнічы заўсёды знойдзе, чым прахарчавацца, яна ўсё ж прапануе лейтэнанту абедаць у доме яе бацькі. Гэта кранае Глана. Сам не заўважаючы таго, ён аказваецца захоплены Эдвардай. Адпраўляючыся на паляванне, ён усё спадзяецца, што выпадкова сустрэне яе, калі ж гэтага не адбываецца, то ён вырашае адправіцца на вячэру ў дом Мака. Аднак вечар у таварыстве іншых гасцей, занятых картачнай гульнёй, аказваецца страшэнна сумным, а Эдварда зусім не звяртае на яго ўвагі. Вяртаючыся ў вартоўню, ён са здзіўленнем адзначае, што Мак ноччу прабіраецца ў дом каваля. Глан зноў застаецца сам на сам з лесам і сваёй адзінотай. Аднаго разу ён сустракае ля свайго жытла пастушку і прымае яе ў сябе.

Глан тлумачыць Эдвардзе, што займаецца паляваннем не дзеля забойства, але каб пражыць. Хутка адстрэл птушак і звяроў будзе забаронены, і яму давядзецца рыбачыць. Глан з такім захапленнем распавядае пра жыццё лесу, што гэта ўражвае купецкую дачку, ёй яшчэ не даводзілася чуць такіх незвычайных прамоў. Эдварда запрашае Глана на пікнік і ўсяляк падкрэслівае на людзях сваю прыхільнасць да яго. Глан адчувае сябе няёмка, спрабуе згладзіць неабдуманыя выхадкі дзяўчыны. Калі ж на наступны дзень Эдварда прызнаецца, што кахае яго, ён губляе галаву ад шчасця. Каханне захоплівае іх, яны сустракаюцца штодня ў лесе, а часам нават і ў вартоўні Глана. Але адносіны маладых людзей складваюцца няпроста, узаемнае захапленне і палкія прамовы раз-пораз змяняюцца барацьбой самалюбстваў. Эдварда капрызная і свавольная, дзівацтвы і нелагічнасць яе ўчынкаў парой выводзяць Глана з сябе. Аднойчы падчас лодачнай прагулкі ён спрабуе прыцягнуць увагу раўнадушнай да яго Эдварды і дорыць ёй на памяць два зялёныя пяры.

Эдвардзе надакучваюць лясныя сустрэчы з лейтэнантам, цяпер яна выдзяляе доктара. Той наведваецца да яе ў госці і сустракае ласкавы прыём, тым часам як Глан адчувае сябе забытым і пакутуе ад рэўнасці. На балі, спраўленым Эдвардай, дзяўчына то набліжае Глана да сябе, то адштурхвае, раз-пораз яна адпускае з’едлівыя заўвагі ў яго адрас. Калі ж Глан у парыве рэўнасці ўказвае дзяўчыне на кульгавасць доктара, тая выдае гэта за перавагу. Глан вяртаецца да сябе ў вартоўню надзвычай узбуджаны і ад прыкрасці прастрэльвае сабе нагу. Цяпер доктар часты госць у жытле лейтэнанта. Падчас аднаго з візітаў Глан дапытваецца ў яго, ці была ў іх з Эдвардай узаемная схільнасць? Доктар відавочна спачувае Глану. У Эдварды моцны характар і няшчасны нораў, тлумачыць ён, яна чакае ад кахання цуду і спадзяецца на з’яўленне казачнага прынца. Уладная і гордая, яна прывыкла ва ўсім верхаводзіць, і захапленні па сутнасці не закранаюць яе сэрца.

Мак прывозіць у дом госця, фінскага барона, з якім Эдварда з гэтага часу праводзіць увесь час. Глан шукае суцяшэння ў таварыстве Евы. Дзяўчына прастадушная і добрасардэчная, у яе прысутнасці яму добра і спакойна, з ёй ён можа падзяліцца набалелым, няхай яна нават і не здольная зразумець яго. Ён шчаслівы з ёй, аднак жа яна не запаўняе ні яго сэрца, ні яго душы. Пра іх адносіны даведваецца спадар Мак, які таксама закаханы ў Еву і гатовы на ўсё, каб пазбавіцца ад саперніка. Пры сустрэчах з Эдвардай Глан стрымана халодны. Ён вырашае, што не дасць больш сябе марочыць свавольнай дзеўцы. Эдварда, у сваю чаргу, абражана сувяззю Глана з Евай. Яна не прапускае выпадку пакпіць з яго наконт інтрыжкі з чужой жонкай. Глан непрыемна здзіўлены, даведаўшыся пра сапраўдны стан спраў, ён быў упэўнены, што Ева — дачка каваля.

Помслівы Мак падпальвае вартоўню лейтэнанта, і Глан вымушаны перабрацца ў закінутую рыбацкую халупку ля прыстані. Даведаўшыся пра ад’езд барона, ён вырашае адзначыць гэтую падзею своеасаблівым салютам. Глан падкладвае порах пад скалу, маючы намер у момант адплыцця парахода падпаліць кнот і зладзіць незвычайнае відовішча. Але Мак здагадваецца пра яго задуму. Ён падстройвае так, што ў момант выбуху на беразе пад скалой аказваецца Ева, якая гіне пад абвалам. Глан прыходзіць у дом Мака паведаміць аб сваім ад’ездзе. Эдварда абсалютна спакойна ўспрымае яго рашэнне. Яна просіць толькі пакінуць ёй на памяць Эзопа. Глану здаецца, што яна стане мучыць сабаку: то лашчыць, то секчы бізуном. Ён забівае сабаку і дасылае Эдвардзе яго труп.

Мінае два гады, аднак успаміны не пакідаюць Глана ў спакоі, яго душа ные, яму холадна і сумна. Глан разважае, а ці не з’ехаць развеяцца, папаляваць дзе-небудзь у Афрыцы ці Індыі?

Эпілогам да рамана служыць навела «Смерць Глана», падзеі якой адбываюцца ў 1861 годзе. Гэта запіскі чалавека, які быў з Гланам у Індыі, дзе яны разам палявалі. Менавіта ён, справакаваны Гланам, стрэліў яму проста ў твар, прадставіўшы гэта як няшчасны выпадак. Ён ніколькі не раскайваецца ў зробленым. Ён ненавідзеў Глана, які, здавалася, шукаў гібелі і атрымаў тое, чаго хацеў.

Персанажы правіць

  • Лейтэнант Томас Глан — персанаж, ад асобы якога вядзецца апавяданне. Мужчына трыццаці гадоў, ён прыгадвае падзеі, што адбыліся з ім за два гады да таго, у 1855 годзе. Тады недзе каля года ён правёў на самай поўначы Нарвегіі, у Нурлане.
  • Эдварда Мак — высокая, какетлівая і сваявольная дзяўчына, адзінае дзіця самага багатага чалавека ў Сірылуне.
  • Ева — сімпатычная і прастадушная маладая жонка каваля. Яна ўлюбляецца ў прыгожага незнаёмца Глана і аддаецца яму, хаця той закаханы ў Эдварду. Дзяўчына гіне пад камняпадам, арганізаваным Гланам, але па віне спадара Мака, які падстроіў яе прысутнасць у тым месцы ў момант абвалу.
  • Спадар Мак — паспяховы і ўладны гандляр. Удавец, ён патаемна сустракаецца з Евай, маладой жонкай мясцовага каваля. Калі ў іх краях аб’яўляецца лейтэнант Глан, спадар Мак губляе ўплыў на дзяўчыну, якая ўлюбляецца ў лейтэнанта. Гандляр зайздросціць поспехам Глана і незадаволены ўвагай да яго сваёй дачкі. Ён прыкладае ўсе намаганні, каб выдварыць лейтэнанта з іх ваколіц і адпомсціць яму.
  • Доктар — супернік Глана ў барацьбе за прывязаннасць Эдварды. Захоўваючы строгасць і суровасць у адносінах да дзяўчыны, ён імкнецца пераадолець яе складаны характар.

Экранізацыі правіць

Раман экранізаваўся 4 разы[2]:

Акрамя таго раман стаў крыніцай натхнення для яшчэ некалькіх фільмаў:

Крыніцы правіць

  1. Голад / Пер. Л.Баршчэўскага; Пан. Вікторыя / Пер. Л. Ёхансен. Мн.: Выдавец А.Янушкевіч, 2017.
  2. Lunde Arne. Knut Hamsun at the movies in transnational contexts(англ.) // Nordlit. — 2009. — Vol. 13. — P. 41—52. — DOI:10.7557/13.688

Літаратура правіць

Спасылкі правіць