Партал:Гродна/Добры артыкул/Красавік

Барысаглебская Каложская царква.

Барысагле́бская царква́, Кало́жская царква́, Кало́жа — помнік мураванай старажытнарускай архітэктуры, адзіны помнік Гродзенскай школы дойлідства, які часткова захаваўся. Знаходзіцца ў Гродне на тэрыторыі былога Каложскага пасада на высокім правым беразе Нёмана, побач з Замкавай гарой, непадалёку ад Старога замка. Пабудавана ў 2-й палавіне 12 ст. з цэглы.

Да нашых дзён захавалася паўночная і частка заходняй сцяны, тры апсіды і два заходнія падкупальныя слупы. Храм мае памеры: даўжыня каля 21,5 м, шырыня — каля 13,5, таўшчыня сцен — 1,2 м. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслоевай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступенчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй частцы сцен размешчаны вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. Адметнасцю інтэр'ера з'яўляецца мноства керамічных збаноў-галаснікоў, умураваных у верхнія часткі сцен і скляпенні. У цагляную муроўку сцен фасадаў уключаны рознакаляровыя шліфаваныя камяні, якія ўтвараюць розныя геаметрычныя фігуры і крыжы. Усё гэта надае фасадам прыгажосць, стварае ўражанне інкрустацыі сцен каштоўнымі камянямі.

З-за сваіх архітэктурных асаблівасцей: маёлікавая падлога, галаснікі, каменныя ўстаўкі, узоры з керамічных плітак, — храм не меў аналагаў ва ўсходнеславянскай архітэктуры.

Верхняя частка будынка разам са скляпеннямі і купалам аднаўлялася ў 16 ст. і 17 ст. У 1853 годзе часткова разбурана ў выніку апоўзня, у 1889 годзе абвалілася паўднёвая апсіда. У канцы 19 ст. знішчаныя часткі храма былі адноўлены з дрэва, а сама царква была накрыта двухсхільным дахам з маленькім купалам.

Храм дзейнічае, аднак застаецца пагроза знішчэння помніка. Існуюць планы рэстаўрацыі царквы.

(далей...)