Партрэт Катажыны і Марыі Радзівіл
Партрэт Катажыны і Марыі Лупу Радзівіл[1] — сумесны партрэт дзвюх жонак Януша Радзівіла, работы Іагана Шрэтэра. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь[2].
| ||
Іаган Шрэтэр | ||
Партрэт Катажыны і Марыі Радзівіл. 1646 | ||
Матэрыял | палатно | |
---|---|---|
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск | ||
(інв. ЗЖ-125) |
Гісторыя Правіць
Паходзіць з калекцыі Радзівілаў у Нясвіжы (№ 10, 37 (?) да 1941).
Да 1941 года ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, з 1948 года ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у 1957—1968 гадах у Дзяржаўным музеі БССР[2].
Рэстаўрыраваны ў Варшаве Б. Гімінскім у 1885[3], ва Усесаюзнай цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі па кансервацыі і рэстаўрацыі музейных мастацкіх каштоўнасцей С. С. Гарбуновым у 1962—1967 гадах у Маскве[2].
Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (Мінск)[2].
Апісанне Правіць
Партрэт мае памеры 201,5×123,7 см. На ім паказаны першая і другая жонкі ваяводы віленскага і вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла. Воблік Катажыны, якая памерла ў 1642 годзе, мастак пісаў на падставе яе ранейшага пажыццёвага партрэта, а партрэт Марыі — з натуры[4].
Абедзве жанчыны апранутыя ў сукенкі, пашытыя па французскай палацавай модзе 1640-х гадоў[5].
Катажына Правіць
Катажына апранута ў чырвоную сукенку з невялікім чатырохкутным дэкальтэ. Спіна і плечы пакрыты паўпразрыстым батыставым каўняром, аздобленым карункамі[5]. Такімі ж карункамі аздоблены манжэты. Сукенка мае кароткі станік-жакет з баскай, падобны на мужчынскі пурпуэн, перахвачаны вузкім паяском[5]. Рукавы, засцежка і берагі пол жакеціка, перад і падол спадніцы ўпрыгожаны палосамі багатых іспанскіх карункаў з сярэбраных ніцяў. Пасакай з такіх жа карункаў з бантам перахвачаны шырокія рукавы. Шыя ўпрыгожана ніткай буйных жамчужын, а зверху каўняра надзеты вялікі залаты ланцуг з кулонам і вялікай жамчужынай. У правай руцэ з бранзалетам і пярсцёнкам на пальцы яна трымае складзены веер[5].
Доўгая спадніца, з адбітым валікам на бёдрах, поўнасцю закрывае абутак. Прычэсана Катажына таксама па французскай палацавай модзе: спераду валасы разабраны на папярэчны прабор, ад якога на лоб спускаецца грыўка[5]. Астатнія валасы зачэсаны назад і ўкладзены з бакоў на каркас у пышную прычоску, упрыгожаную залатой эгрэткай з жамчужын[5].
Марыя Правіць
Марыя апранута ў чорную ўзорыстую сукенку, з чатырма залатымі гузамі на станіку. Спадніца сукенкі на бёдрах пашарана падбітым валікам[5]. Зверху дэкальтэ, таксама па французскай модзе, надзеты два празрыстыя каўняры з батысту, абшытыя па краях карункамі. На ніжні авальны каўнер, які ахінае плечы і спіну, наложаны залаты ланцуг з вялікім бантам пасярэдзіне грудзей. Зверху надзеты другі каўнер[5].
Прычоска, якая на галаве ў Марыі, называецца «Севінье»[6][7], яна была папулярна пры французскім каралеўскім двары. Валасы Марыі локанамі абрамляюць твар і спускаюцца да плячэй[5]. Прычоска ўпрыгожана эгрэткай з жэмчугам, белым стравусіным пяром і стужкай з нашытымі каштоўнымі камянямі[5].
Выстаўкі Правіць
- Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна. Мінск. 1982
- Партрэты з Нясвіжа і Гродна. Каўнас. Яраслаўль. 1983
- Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985
- Партрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітай у мінскіх зборах. Кракаў. 1991
- Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991
- Дзе Усход сустракаецца з Захадам. Варшава. 1993
- Партрэты XVI—XVIII стст. з Нясвіжа. Мінск. 1994
- Мастацтва Міншчыны XV—XVIII стст. Мінск. 1997
- Мастацтва Гродзеншчыны XVI—XVIII стст. Мінск. 1998
- Датаваныя помнікі мастацтва Беларусі XVII—XVIII стст. Мінск. 1999
Зноскі
- ↑ І. Шрэтэр. Партрэт Катажыны і Марыі Радзівіл(недаступная спасылка). Беларускі нацыянальны мастацкі музей. Архівавана з першакрыніцы 4 лістапада 2016.
- ↑ а б в г Высоцкая Н. Ф. Жывапіс барока Беларусі. — 2003. — С. 62-63. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-11-0253-9.
- ↑ Katalog portretow. 1928
- ↑ * Portrety osobistości dawnej Rzeczypospolitej w zbiorach mińskich = Портрэты знакамітых постацяў даўняй Рэчы Паспалітaй у мінскіх зборах : katalog wystawy / Państwowe Zbiory Sztuki na Wawelu [etc.]; [katalog wystawy opracowali] Jerzy T. Petrus , Taisija A. Karpowicz; wstęp: Jerzy T. Petrus; redaktor katalogu: Joanna Winiewicz. Кракаў, 1991. С. 50
- ↑ а б в г д е ё ж з і Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5
- ↑ фр.: Sévigné Coiffure
- ↑ Кирсанова Р. М. Розовая ксандрейка и драдедамовый платок. С. 208—209
Літаратура Правіць
- Высоцкая Н. Ф. Жывапіс барока Беларусі. — 2003. — С. 62-63. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-11-0253-9.
- Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5