Партугальскія адкрыцці

Партугальскія адкрыцці (парт.: Descobrimentos portugueses) — адкрыцці партугальцамі шматлікіх тэрыторый і марскіх маршрутаў у выніку іх інтэнсіўных марскіх даследаванняў на працягу XV і XVI стагоддзяў. Партугальскія маракі былі ў авангардзе еўрапейскіх замежных даследаванняў, выяўлення і адлюстравання берагоў Афрыкі, Канады, Азіі і Бразіліі; гэтыя адкрыцці сталі вядомы як эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Метадычныя экспедыцыі пачаліся ў 1419 годзе ўздоўж узбярэжжа Заходняй Афрыкі пры патранажы прынца Генрыха Мараплаўца, пры ўдзеле Барталамеу Дыяша быў дасягнуты мыс Добрай Надзеі і адкрыты шлях у Індыйскі акіян у 1488 годзе. Праз дзесяць гадоў Васка да Гама ўзначаліў першую экспедыцыю вакол Афрыкі ў Індыю, гэтая экспедыцыя дасягнула Калікута, і пачаўся марскі гандаль Партугаліі з Індыяй. Неўзабаве пасля дасягнення Бразіліі пачаліся экспедыцыі на паўднёвы ўсход Азіі, якія дасягнулі Японіі ў 1542 годзе.

Планісфера Кантына, зробленая невядомым картографам у 1502 годзе, паказвае свет, як яго разумелі еўрапейцы пасля серыі вялікіх даследаванняў у канцы XV стагоддзя.