Плана́рыі (Planariidae) — сямейства плоскіх чарвей класа раснічных чарвей.

Планарыі
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Planariidae Stimpson, 1857


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы

Знешні выгляд і спосаб жыцця правіць

Невялікія (да 2 см даўжынёй) драпежныя чэрві. Удзень яны хаваюцца ў зацішных месцах, уначы палююць. Іх здабычай з’яўляюцца розныя дробныя чэрві, малюскі, рачкі.

Анатамічная будова і фізіялогія правіць

У планарый, як і ва ўсіх чарвей, развіты скурна-мускульны мяшок, у якім знаходзяцца ўсе ўнутраныя органы. Ён складаецца з аднаго слоя покрыўных клетак (эпітэлій), якія нясуць раснічкі, і размешчаных пад імі трох відаў мышцаў: касых і падоўжных. З дапамогай біцця раснічак і руху мышцаў планарыі могуць плаўна слізгаць па паверхні і плаваць.

Прастора паміж скурна-мускульным мяшком і ўнутранымі органамі запоўнена клеткамі парэнхімы. Парэнхіма служыць апорай для мышцаў, пераносіць пажыўныя рэчывы і прадукты жыццядзейнасці, у яе клетках утрымліваецца запас пажыўных рэчываў. У парэнхіме ляжыць яшчэ адзін від мышцаў — спінна-брушныя. Дзякуючы парэнхіме планарыі здольны да рэгенерацыі — аднаўлення цэлага арганізма з часткі цела і зажыўлення пашкоджанняў.

Стрававальная сістэма прадстаўлена двума аддзеламі кішэчніка: пярэднім (рот, глотка) і сярэднім (моцна разгалінаваным і слепа замкнутым).

Рот у планарый знаходзіцца на брушным баку цела і вядзе ў мускулістую глотку. Пры захопліванні здабычы чарвяк выварочвае глотку вонкі, пранікае ў цела ахвяры і высмоктвае яе. У планарыі, кая наелася, праз покрывы добра бачны разгалінаваны кішэчнік. У кішэчніку ежа ператраўліваецца і ўсмоктваецца, а неператраўленыя рэшткі выдаляюцца праз рот. Кішэчнік замкнуты, анальнай адтуліны няма.

Крывяноснай і спецыяльнай дыхальнай сістэм таксама няма. Дыхаюць планарыі ўсёй паверхняй цела, здабываючы кісларод з вады. Таму яны жывуць у чыстай, багатай на кісларод вадзе.

Выдзяляльная сістэма планарыі — протанефрыдыі. Вывядзенне прадуктаў жыццядзейнасці з тканак і органаў адбываецца праз шматлікія тонкія канальцы, якія пранізваюць усё цела планарыі. Кожны каналец пачынаецца клеткамі з пучком раснічак, якія ўвесь час рухаюцца. Дзякуючы руху гэтых раснічак вадкія прадукты абмену рэчываў паступаюць з канальцаў у два буйныя падоўжныя выдзяляльныя каналы, а з іх выводзяцца вонкі.

Нервовая сістэма планарый, якія вядуць рухомы драпежны спосаб жыцця, арганізавана адносна складана. У пярэдняй частцы цела нервовыя клеткі ўтвараюць парны галаўны нервовы вузел, ад якога адыходзяць нервовыя ствалы, што даюць шматлікія адгалінаванні нерваў да органаў і тканак. Ёсць у планарый і органы зроку, смаку, нюху, дотыку, раўнавагі.

Планарыі — гермафрадыты. Кожная асобіна мае мужчынскую і жаночую палавыя сістэмы. Размнажэнне адбываецца летам пры вялікай колькасці ежы і спрыяльных умовах асяроддзя. Апладненне ўнутранае. Адкладзеныя яйцы пакрываюцца абалонкай і ўтвараюць кокан, які прымацоўваецца да розных падводных прадметаў і лістоў раслін. З кокана выходзяць маладыя планарыі. Развіццё прамое.

Літаратура правіць

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6.