Покер
Покер (англ.: poker) — картачная гульня, мэта якой — выйграць стаўкі, сабраўшы найлепшую покерную камбінацыю або вымусіўшы ўсіх супернікаў спыніць удзельнічаць у гульні. Гульня ідзе з цалкам або часткова закрытымі картамі. Канкрэтныя правілы могуць вар’іравацца ў залежнасці ад разнавіднасці покера. Агульнымі элементамі ўсіх разнавіднасцей покера з’яўляюцца камбінацыі і наяўнасць торгу ў працэсе гульні.
З прычыны таго, што гулец не ведае карт сваіх праціўнікаў, покер з’яўляецца гульнёй з няпоўнай інфармацыяй, як і многія іншыя картачныя гульні, у адрозненне ад, напрыклад, шахмат, у якіх абодва гульцы бачаць становішча ўсіх фігур на дошцы.
Правілы гульні
правіцьУ покер гуляюць рознымі калодамі — па 32, 36 або 54 карты, але часцей за ўсё выкарыстоўваецца стандартная калода з 52 карт з раўназначнымі масцямі. Гуляе некалькі удзельнікаў (два і больш, звычайна да дзесяці за адным сталом). Значэнні карт ляжаць у сыходным парадку ад туза і далей (кароль, дама, валет, 10) да двойкі. Туз можа разглядацца і як малодшая карта для утварэння паслядоўнасці (стрэйт) да 5 уключна, і як старэйшая (у камбінацыі туз — кароль — дама — валет — 10). Гульня складаецца з некалькіх фаз (у залежнасці ад разнавіднасці покера), а іменна раўндаў торгу (вуліц). Кожная з іх пачынаецца з абавязковых ставак (блайнды, антэ) і раздачы новых карт. Пасля раздачы кожны гулец мае магчымасць зрабіць стаўку або выйсці з гульні. Пераможцам лічыцца той, чыя камбінацыя з пяці карт апынецца найлепшай, або той, хто зможа выцесніць з гульні іншых гульцоў з дапамогай ставак або блеф-ставак і застанецца адзін да адкрыцця карт.
Таксама існуе версія гэтай гульні для гульнявых аўтаматаў — відэапокер, хоць праз адсутнасць торгу эксперты звычайна не лічаць відэапокер разнавіднасцю покера.
Камбінацыі ў покеры
правіцьВарта адзначыць, што часам некаторыя тэрміны ўжываюць у традыцыйных недакладных транскрыпцыях: замест стрэйта — стрыт, замест флаша — флэш.
Магчымыя камбінацыі карт у парадку змяншэння вартасці:
- Роял-флаш або флэш-раяль (англ.: royal flush — «каралеўская масць»): не з’яўляецца асобнай камбінацыяй, а з’яўляецца прыватным выпадкам стрэйт-флаша, старэйшым з усіх магчымых, і складаецца з пяці старэйшых (туз, кароль, дама, валет, дзесяць — г. зв. «брадвей») карт адной масці, напрыклад: Т♥ К♥ Д♥ В♥ 10♥.
- Стрэйт-флаш (англ.: straight flush — «масць па парадку»): любыя пяць карт адной масці па парадку, напрыклад: 9♠ 8♠ 7♠ 6♠ 5♠. Туз можа як пачынаць парадак, так і заканчваць яго. Самы малодшы стрэйт-флаш (ад пяцёркі да туза) часам называюць «сталёвае кола» (англ. steel wheel).
- Карэ/Чацвёрка/Покер (англ.: four of a kind, quads — «чатыры аднолькавыя»): чатыры карты аднаго годнасці, напрыклад: 3♥ 3♦ 3♣ 3♠.
- Фул-хаўс/Поўны дом/Тры плюс два (англ.: full house, full boat — «поўны дом», «поўная лодка»): адна тройка і адна пара, напрыклад: 10♥ 10♦ 10♠ 8♣ 8♥.
- Флаш (англ.: flush — «масць»): пяць карт адной масці, напрыклад: К♠ В♠ 8♠ 4♠ 3♠.
- Стрэйт (англ.: straight — «парадак»): пяць карт па парадку любых масцей, напрыклад: 5♦ 4♥ 3♠ 2♦ Т♦. Туз можа як пачынаць парадак, так і заканчваць яго. У даным прыкладзе Т♦ пачынае камбінацыю і яго вартасць ацэньваецца ў адзінку, а 5♦ лічыцца старэйшай картай. Самы малодшы стрэйт (ад пяцёркі да туза) часам называюць «кола» (англ.: wheel).
- Сэт/Трыплет/Трыпс/Тройка (англ.: three of a kind, set — «тры аднолькавых», «набор»): тры карты адной годнасці, напрыклад: 7♣ 7♥ 7♠ . Сэтам называюць такую тройку, калі на руках у гульца пара, а трэцяя карта на стале, а трыпсам — усе другія варыянты.
- Дзве пары (англ.: two pairs): дзве пары карт, напрыклад: 8♣ 8♠ 4♥ 4♣.
- Адна пара (англ.: one pair): дзве карты адной вартасці, напрыклад: 9♥ 9♠.
- Старэйшая карта (англ.: high card): ні адна з вышэйпералічаных камбінацый, напрыклад (камбінацыя называецца «старэйшы туз»): Т♦ 10♦ 9♠ 5♣ 4♣.
У некаторых варыянтах гульні таксама выкарыстоўваецца камбінацыя фор флаш — чатыры карты адной масці і адна карта іншай (пры ўмове, што не створана ніякая іншая камбінацыя), якая па свайму становішчу знаходзіцца паміж адной парай і дзвюма парамі.
Пры супадзенні мацнейшай з’яўляецца камбінацыя са старэйшымі картамі, напрыклад 8♣ 8♠ 4♥ 4♣ 2♠ мацнейшая за 7♣ 7♠ 5♥ 5♣ K♠, а камбінацыя 6♠ 5♦ 4♥ 3♠ 2♦ мацнейшая за 5♦ 4♥ 3♠ 2♦ Т♦.
Пры супадзенні камбінацый і старэйшай карты — кікера — (калі ён знаходзіцца сярод пяці адкрытых карт) выйгрыш дзеліцца пароўну паміж гульцамі з аднолькавай камбінацыяй. У выпадку супадзення першай старэйшай карты параўноўваюцца другія, а ў выпадку пары і трэція старэйшыя карты[1].
У некаторых разнавіднасцях покера, якія называюцца Хай-Лоў (англ.: Hi-Lo ад High-Low) выйгрыш можа дзяліцца пароўну паміж гульцамі, якія маюць на руках самую моцную камбінацыю з карт любога вартасці (разгледжаны вышэй) і самую слабую камбінацыю з няпарных карт вартасцю не больш за 8, напрыклад: Т♣ 7♥ 2♠ 4♦ 8♠ (у слабых камбінацыях туз лічыцца картай ніжэйшай вартасці). Пры гэтым адзін і той жа гулец можа адначасова мець на руках самую моцную і самую слабую камбінацыю карт.
У гульнях з джокерам камбінацыя покер/пяцёрка (англ.: five of a kind — «пяць аднолькавых») — карэ і джокер, напрыклад: T♥ Т♦ T♣ T♠ Дж, лічыцца найвышэйшай камбінацыяй і цэніцца нават вышэй, чым «Royal Flush».
Торг
правіцьУ большасці варыянтаў покера кожная раздача мае некалькі колаў торгу.
- У некаторых варыянтах покера перад здачай усе гульцы ўносяць аднолькавую пачатковую стаўку — антэ (лац.: ante)
- У некаторых варыянтах покера некаторыя гульцы ўносяць першую стаўку ўсляпую — блайнды (англ.: blinds).
- У працэсе торгу гулец можа рабіць наступныя дзеянні:
- Паставіць, «бэт» (англ.: bet) — зрабіць стаўку;
- Паставіць усе грошы, «ва-банк», «ол-ін» (англ. all-in) — зрабіць стаўку на ўсе грошы;
- Адказаць, «кол» (англ.: call) — паставіць столькі ж, колькі паставіў супернік — зраўнаць;
- Падняць, атакаваць, задушыць, «рэйз» (англ.: raise) — павялічыць стаўку — паставіць больш, чым супернікі;
- Спасаваць, скінуць карты, «фолд» (англ.: fold) — адмовіцца ад далейшага ўдзелу і скінуць карты;
- Адзначыцца, «чэк» (англ.: check) — у сітуацыях, калі стаўкі не былі зробленыя супернікамі або стаўка ўжо была зробленая ўсляпую — не падымаць стаўкі, пакінуць «як ёсць».
- Кола торгу сканчаецца, калі ўсе сапернікі зрабілі роўныя стаўкі або скінулі карты.
- Зробленыя стаўкі складаюцца ў банк (англ.: pot).
- Калі ў працэсе апошняга кола торгу засталося больш за аднаго гульца, то карты адкрываюцца і камбінацыі параўноўваюцца паміж сабой. Калі ў гульні застаецца толькі адзін гулец, то ён забірае банк.
- Пры гульні ў казіно частку банка казіно забірае сабе ў якасці платы за гульню (англ.: rake).
- Калі больш за аднаго гульца перамаглі ў гульні, банк дзеліцца пароўну паміж усімі, хто выйграў (англ.: split pot).
Пры гэтым трэба сказаць, што не заўсёды пры гульні ў покер выйграе найлепшая рука, бо з добра прадуманай стратэгіяй гульні і з блефам можна выйграваць і з горшымі за саперніка картамі.
У покеры існуе правіла, па якім гулец удзельнічае ў гульні толькі тымі грашыма, якія ён паклаў на стол — стэк (англ.: stack). Папаўняць стэк можна толькі паміж гульнямі. Забіраць са стэка нельга без сыходу з-за стала. У выпадку, калі ў гульца скончыліся грошы ў працэсе торгу, ён працягвае ўдзельнічаць у гульні, але не ўдзельнічае ў далейшым торгу і на стале ўтворыцца дадатковы або пабочны банк (ці банкі) (англ.: side pots), якія могуць выйграць толькі тыя сапернікі, што засталіся.
Часта існуе некалькі разнавіднасцей адной і той жа гульні, адрозненне паміж якімі заключаецца ў памерах стаўкі, якія могуць рабіць гульцы:
- Ліміт (англ.: limit) — гульцы могуць рабіць толькі фіксаваныя стаўкі або падымаць толькі на суму фіксаванай стаўкі.
- Пот-ліміт (англ.: pot limit) — гульцы могуць рабіць стаўкі ад мінімальнай да бягучага памеру банка.
- Без ліміту, ноў-ліміт (англ.: no limit) — гульцы могуць рабіць стаўкі ад мінімальнай да памераў свайго стэка.
Стратэгія гульні
правіцьУ клубным покеры, як і ў любой іншай гульні, якая не мае канчатковай колькасці станаў, не існуе чыстай аптымальнай стратэгіі гульні. Гэта тлумачыцца вялікай ступенню нявызначанасці — гульцы не ведаюць карт адзін аднаго. Ім даступная толькі абмежаваная інфармацыя — уласныя карты, агульныя карты, а таксама ход торгу. Каб заблытаць апанентаў і атрымаць перавагу, гульцы выкарыстоўваюць цэлы шэраг стратэгічных прыёмаў, такіх як блеф (або паўблеф, сутнасць якіх заключаецца ў тым, каб адвесці ўвагу гульца ад рэальнага становішча спраў у раскладзе гульні), атрыманьне бясплатнай карты, чэк-рэйз, стыл (крадзеж блайндаў). Ва ўмовах нявызначанасці для прыняцця аптымальнага рашэння ў покеры шырока выкарыстоўваецца імавернасны падыход з вызначэннем матэматычнага чакання магчымых дзеянняў. Падчас гульні звычайна выкарыстоўваецца падлік шанцаў банка і параўнанне іх з шанцамі на паляпшэнне для прыняцця рашэння аб працягу гульні.
Існуе так званая «фундаментальная тэарэма покера», аўтарамі якой з’яўляюцца Дэвід Скланскі (David Sklansky) і Мэйсан Малмут (Mason Malmuth): «Кожны раз, калі вы разыгрывае камбінацыю не так, як бы вы гулялі, калі б бачылі карты ўсіх вашых праціўнікаў, яны выйграюць; і кожны раз, калі вы разыгрываеце камбінацыю так, як паступілі б, бачачы ўсе іх карты, яны прайграюць. І наадварот: кожны раз, калі апаненты разыгрываюць свае камбінацыі не так, як яны б гэта зрабілі, бачачы ўсе вашы карты, вы выйграеце; і кожны раз, калі яны разыгрываюць рукі такім жа чынам, як калі б бачылі ўсе вашы карты, вы прайграваеце». Гэтая тэарэма наўрад ці ўжываецца падчас гульні наўпрост, аднак яна падкрэслівае важнасць дзвюх рэчаў: якаснай ацэнкі карт суперніка і аптымальнага прыняцця рашэнняў з улікам гэтай ацэнкі. Але самы вялікі ўклад у навучанне покерным стратэгіям унеслі Дэн Харынгтан, які таксама вядомы ў прафесійных покерных колах як «Завадны Дэн», і Дойл Брансан. Дэн Харынгтан у адрозненне ад іншых настаўнікаў покера разглядаў не толькі тэорыю, а і мноства жывых прыкладаў, узятых з асабістага вопыту, а знакамітай працай Дойла Брансона з’яўляецца кніга «Суперсістэма: курс па моцнай гульні ў покер».
Банкрол
правіцьБанкрол (англ.: Bankroll) — гэта сума грошай на рахунку гульца, якую ён выкарыстоўвае для гульні ў покер на грошы. Банкрол прынята вымяраць ў бай-інах — узносах за ўдзел у гульні, турніры. Кіраванне банкролам — важная частка гульні ў покер на грошы.
Асноўнае правіла кіравання банкролам — наяўнасць на рахунку гульца сумы, якая дазваляе бяспечна гуляць на выбраных лімітах. Вылучаюць кансерватыўны метад кіравання банкролам — яго велічыня складае 5000 — 6000 вялікіх блайндаў ці 50 — 60 бай-інаў для рынгавых гульняў па стратэгіі вялікіх стэкаў і 200 бай-інаў для турніраў, класічны — 3000 — 4000 вялікіх блайндов для рынгавых гульняў і 100 —150 бай-інаў для турніраў, агрэсіўны — 2000 вялікіх блайндаў ці 20 бай-інаў для рынгавых гульняў і 50 бай-інаў для турніраў. Спосаб кіравання банкролам падбіраецца ў залежнасці ад стылю гульні і псіхалагічных асаблівасцей гульца, а таксама мэты гульні (для гульні на пастаяннай аснове прафесіяналу патрабуецца больш кансерватыўны метад банкрол-менеджменту). Пры зніжэнні сумы грошай на рахунку гульца трэба знізіць ліміты, на якіх вядзецца гульня ў покер.
Гісторыя
правіцьАб паходжанні самой гульні і нават яе назвы да гэтага часу ідуць спрэчкі. Па адной з версій, назва паходзіць ад нямецкага слова pochen (стукаць). Покер як картачная гульня існуе больш за 450 гадоў. Зарадзіўся ён у Еўропе, правілы былі тадыі іншымі і з цягам часу мяняліся. Першыя ўспаміны аб гульні, падобнай на покер, адносяцца да 1526 года: у Італіі і Іспаніі любілі гуляць у «primero», у Францыі гэтую ж гульню называлі «la prime».
У ХІХ ст. французскія каланісты з Луізіяны распаўсюдзілі покер у Амерыцы, дзе гульня стала надзычай папулярна і набыла сучасныя рысы. Першыя пісьмовыя згадкі аб сучасным варыянце покера з’яўляюцца ў 1829 годзе ў мемуарах артыста Джо Каўэла. У 1834 годзе ў покер сталі гуляць калодай з 52 карт. Аднак, як бы ні мяняліся правілы, пераможца вызначаўся па наяўнасці ў яго покерных камбінацый. Вяртанне покера ў Еўропу адбылося ў 1870 годзе, калі пасол ЗША ў Вялікабрытаніі палкоўнік Джэйкаб Шэнк рэпрэзентаваў гульню пры двары каралевы Вікторыі.
Покер з’яўляецца самай распаўсюджанай картачнай гульнёй у ЗША.
Штогод праводзіцца мноства міжнародных турніраў, самым знакамітым з якіх лічыцца Сусветная серыя покера (World Series of Poker або скарочана WSOP). Таксама значнай лічыцца Еўрапейская серыя (ECP — European Poker Tour).
Разнавіднасці
правіцьІснуе мноства разнавіднасцей покера. У некаторыя гуляюць на афіцыйным узроўні, некаторыя папулярныя толькі ў дамашніх колах. Ніжэй прыводзіцца некалькі самых папулярных разнавіднасцей:
Дро-покер (Draw poker)
правіцьАдна з самых простых разнавіднасцяў покера. Больш за ўсё распаўсюджаны ў дамашніх гульнях, на сяброўскіх сустрэчах.
- Гульцы ўносяць пачатковую стаўку, атрымліваюць пяць карт.
- Далей ідзе кола торгу.
- Гульцы аб’яўляюць, колькі карт яны хочуць памяняць. Дылер забірае іх карты і здае ім столькі ж новых.
- Ідзе апошняе кола торгу.
Дабл Дыскардынг Дро-покер (Double Discarding Draw-poker)
правіцьРазнавіднасць дро-покера, у якім гульцы робяць дзве замены карт за кон.
- Гульцы ўносяць пачатковую стаўку і атрымліваюць пяць карт закрытымі.
- Далей ідзе кола торгу.
- Гульцы аб’яўляюць, што яны змяняюць некалькі карт. Дылер забірае іх карты і здае ім столькі ж новых.
- Далей ідзе кола торгу.
- Гульцы другі раз аб’яўляюць, што яны змяняюць некалькі карт. Дылер забірае іх карты і здае ім столькі ж новых.
- Ідзе апошняе кола торгу.
У дабл-дро-покер можа гуляць да сямі гульцоў адначасова. Абменяныя гульцамі карты вяртаюцца ў калоду і там ператасоўваюцца.
Стад (Stud)
правіцьІснуе некалькі разнавіднасцяў стада, напрыклад чатырох-, пяці- або сямікартачны стад, сямікартачны стад хай-лоў. Далей ідзе апісанне сямікартачнага стада.
- Гульцы ўносяць пачатковую стаўку
- Часам некаторыя гульцы таксама робяць стаўкі ўсляпую
- Кожнаму здаецца адна карта ў адкрытую і дзве ў закрытую
- Ідзе кола торгу
- Здаецца адна карта ў адкрытую (усяго стала 4)
- Ідзе кола торгу
- Здаецца адна карта ў адкрытую (усяго стала 5)
- Ідзе кола торгу
- Здаецца адна карта ў адкрытую (усяго стала 6)
- Ідзе кола торгу
- Здаецца адна карта ў закрытую (усяго стала 7)
- Ідзе апошняе кола торгу
Гулец выбірае камбінацыю з пяці карт у сябе ў руцэ.
Разнавіднасцю стада з’яўляецца хай-лоў, калі выйграюць самая старэйшая і самая малодшая камбінацыя. Яшчэ адна разнавіднасць — раз, калі выйграе толькі малодшая камбінацыя.
Пяцікартачны стад — папулярная дамашняя гульня; сямікартачны стад доўгі час быў найпапулярнейшай разнавіднасцю покера да таго часу, пакуль не стаў выцясняцца тэхаскім холдэмам.
Тэхаскі холдэм (Texas hold’em)
правіцьТэхаскі холдэм (часам званы проста холдэм) — самая папулярная разнавіднасць покера. Папулярнасць холдэма звязаная з яго правіламі, якія даюць аптымальнае суадносіны агульнай і схаванай інфармацыі. Напрыклад, у пяцікартачным дро-покеры агульнай інфармацыі практычна няма (толькі колькасць карт, якія змяніў праціўнік), а ў сямікартачным стадзе наадварот, агульнай інфармацыі занадта шмат. Збалансаваныя суадносіны даюць больш магчымасцей для манеўраў, у выніку ў гульні больш дзеянняў. Амаха даволі блізкая да холдэма, але ён папулярнейшы праз прасцейшыя правілы.
Гульня праходзіць наступным чынам:
- У некаторых гульнях усе гульцы ўносяць невялікі пачатковы ўзнос (антэ, англ. ante), гэта павялічвае памер банка (агульных грошай на стале) і актыўнасць гульцоў.
- Два гульцы, якія сядзяць за тым, хто здае (пазіцыю якога называюць «батан» або «дылер», англ. button, dealer), уносяць стаўкі ўсляпую (блайнды). Звычайна першы ўносіць палову мінімальнай стаўкі (малы блайнд, англ. small blind), а другі — цэлую стаўку (вялікі блайнд, англ. big blind).
- Кожны гулец атрымлівае па дзве карты ў закрытую (прэфлоп, англ. preflop), ідзе кола торгу.
- На стол перад усімі гульцамі кладуцца тры карты ў адкрытую (флоп, англ. flop), ідзе кола торгу.
- На стол кладзецца чацвёртая карта ў адкрытую (тэрн, англ. turn), ідзе кола торгу. Пры гульні ў лімітаваны холдэм фіксаваная стаўка ў гэты момант падвойваецца.
- На стол кладзецца пятая карта ў адкрытую (рывер, англ. river). Такім чынам, на стале ляжаць пяць карт, ідзе апошняе кола торгу.
- Гульцы могуць выкарыстоўваць свае (кішэнныя) і агульныя карты са стала для складання пяцікартачных камбінацый.
Амаха (Omaha)
правіцьАмаха (часам называецца амаха-холдэм) па правілах гульні падобная на тэхаскі холдэм.
Гульня праходзіць наступным чынам:
- Часам усе гульцы ўносяць невялікую пачатковую стаўку (антэ).
- Два гульцы (часам адзін), якія сядзяць за дылерам, уносяць стаўкі ўсляпую. Звычайна першы ўносіць палову мінімальнай стаўкі, а другі — цэлую стаўку.
- Кожны гулец атрымлівае чатыры карты ў закрытную.
- Ідзе кола торгу
- На стол перад усімі гульцамі кладуцца тры карты ў адкрытую.
- Ідзе кола торгу
- На стол кладзецца яшчэ адна карта ў адкрытую.
- Ідзе кола торгу. Пры гульні ў ліміт фіксаваная стаўка ў гэты момант падвойваецца.
- На стол кладзецца яшчэ адна карта ў адкрытую. Такім чынам на стале ляжаць пяць карт.
- Ідзе апошнае кола торгу
- Гульцы павінны выкарыстаць любыя дзве з сваіх карт і тры з адкрытых для складаньня пяцікартачных камбінацый.
Існуе разнавіднасць гульні амаха-хай-лоў ці амаха-8. Розыгрыш раздачы адбываецца як і ў класічнай амасе, але банк дзеліцца паміж самай моцнай і самай слабой камбінацыяй — адсюль і адбылося назва «амаха-хай-лоў». Амаха-хай-лоў гуляецца з умовай «8 ці лепш», гэта значыць, каб гулец мог прэтэндаваць на выйгрыш лоў часткі банка, у яго павінна быць камбінацыя з карт не старэйшых за васьмёркі.
Амаха і амаха-хай-лоў таксама бываюць ліміт, пот-ліміт і ноў-ліміт, але варыяцыя пот-ліміт найбольш папулярная ў абедзвюх гульнях. Калі ў супернікаў аднолькавыя карты, г. зн. дзве пары, то ўлічваецца старэйшая карта з наяўных у іх. Калі ў супернікаў аднолькавая пара, то кікерам (картай, па якой вызначаецца пераможца) з’яўляецца другая карта суперніка.
Лоўбол ад двойкі да сямёркі (2-7 Lowball)
правіцьСупрацьлегласць дро-покеру, выйграе найгоршая камбінацыя.
Мэта гульні — сабраць камбінацыю з пяці карт як мага меншага наміналу, якая не з’яўляецца стрэйтам, або флашам. Найлепшай камбінацыяй у гэтай гульні з’яўляецца, напрыклад, камбінацыя 7♥ 5♠ 4♣ 3♦ 2♥, адкуль і пайшла назва разнавіднасці гульні.
Розыгрыш рукі аналагічны дро-покеру.
Існуе варыянт гульні з патройным абменам карт, пасля кожнага з якіх ідзе кола торгу (2-7 Lowball Triple Draw).
Х. О. Р. С. Е. (H. O. R. S. E.)
правіцьУ гэтай разнавіднасці покера гульцы гуляюць па чарзе ў холдэм, амаху, раз, стад, і хай-лоў-стад.
Бадугі (Badugi)
правіцьБадугі (кар. вясёлка) — новая разнавіднасць покера, прыдуманая ў Карэі. Сумяшчае ў сабе асаблівасці лоўбола і дро-покера. Найбольш папулярная разнавіднасць з фіксаваным лімітам ставак.
Бадугі — гэта камбінацыя з чатурох разнамасных карт рознага наміналу. Мэта гульні — сабраць найніжэйшую бадугі. Найлепшай камбінацыяй з’яўляецца, напрыклад, 4♥ 3♠ 2♣ Т♦. Далей ідзе апісанне працэсу гульні.
- Кожнаму гульцу здаецца чатыры карты ў закрытую
- Ідзе кола торгу
- Гульцы аб’яўляюць, што яны зьмяняюць некалькі карт. Дылер забірае іх карты і здае ім столькі ж новых (1-й абмен)
- Ідзе кола торгу
- Ідзе кола абмену (2-і абмен)
- Ідзе кола торгу
- Ідзе кола абмену (3-і абмен)
- Ідзе апошняе кола торгу
Выйграе гулец, які сабраў найменшую бадугі (ніжэйшую за намінал старэйшай карты камбінацыі). У выпадку, калі ні ў аднаго з гульцоў няма бадугі, разглядаюцца трох-, дзвюх- і аднакартачныя камбінацыі, складзеныя з карт найменшай вартасці кожнай масці. Напрыклад, камбінацыя 7♥ 6♠ 4♠ 3♦ (трохкартачная камбінацыя 7, 4, 3) лепшая за камбінацыю 8♠ 3♦ 2♦ Т♥ (трохкартачная камбінацыя 8, 2, Т). А камбінацыя К♦ — Д♠ 5♠ 2♦ (дзвюхкартачная камбінацыя 5, 2) лепшая за камбінацыю 7♠ 7♦ 7♥ — Т♥ (дзвюхкартачная камбінацыя 7, Т).
Цікавае
правіцьАнглійскі маніпулятар з картамі па імі Дэрэк Дынгл (англ.: Derek Dingle) умеў адначасова здаць чатыры роял-флашы. Для гэтага ён распрацаваў трук, названы «Перавернутыя тузы» (англ.: «Rollover Aces»). Яго сутнасць у наступным[2][3][4]:
- Бярэцца калода карт, якая добра тасуецца.
- З калоды выбіраецца чатыры тузы, якія дэманструюцца і затым вяртаюцца ў розныя часткі калоды.
- Калода зноў добра ператасоўваецца і падздымаецца.
- Калоду падзяляюць на дзве часткі і зноў складаюць у адну, але так, каб кашулі частак былі накіраваныя ў розныя бакі, пасля чаго зноў дбайна перетасоўваюць.
- Калоду выкладваюць на стол і, круцячы, як бы разраўніваючы, з кожным паўабаротам утвараюць чатыры столкі карт, якія ляжаць пад чатырма тузамі, усе асобай уверх. Рэшту калоды складае пяты стос і асобы яго карт таксама арыентаваны ў адзін бок.
- Пры адкрыцці першых чатырох столак высвятляецца, што гэта чатыры роял-флашы, раскладзеных не толькі па масці, але і па старшынстве карт.
З 16 сакавіка 2007 года па 20 ліпеня 2009 года покер з’яўляўся афіцыйным відам спорту ў РФ[5]. У 2009 годзе покер пазбаўлены статусу віду спорту загадам міністра спорту і турызму РФ Віталія Мутко[6].
Покерныя праграмы
правіцьЁсць розныя тыпы праграм для покера, адны імітуюць гульню чалавека, другія закліканы дапамагаць чалавеку падчас гульні. Створана даволі многа розных праграм, якія дапамагаюць гульцам пры гульні анлайн. Ёсць як аматарскія праграмы, так і прафесійныя.
Зноскі
- ↑ M. Farha. Poker Training: From Boot Camp to Elite Forces = Poker Training: From Boot Camp to Elite Forces. — Lulu.com, 2007. — С. 13. — 96 с. — ISBN 978-1411699458.
- ↑ Дерек Дингл Трюк «Переворачивающиеся Тузы» // Сайт Youtube.com
- ↑ Roll-Over Aces // Site Geniimagazine.com
- ↑ Richard Kaufman The Complete Works of Derek Dingle. Published by Kaufman and Greenberg, 1982, Рages 219, р. 148
- ↑ Покер как вид спорта
- ↑ Приказ об отмене и признании утратившими силу некоторых актов Федерального агентства по физической культуре и спорту от 20 июля 2009 г. № 517
Спасылкі
правіць- Федэрацыя Спартыўнага Покера Расіі Архівавана 2 лістапада 2009.
- Правілы гульні з вызначэннем базавых тэрмінаў Архівавана 2 лістапада 2009.