Помнік Францыску Скарыну (Прага)

Прага

Помнік Францыску Скарыну — помнік у Празе, размешчаны ў Градчанах. Прысвечаны беларускаму першадрукару і асветніку Францыску Скарыну, які займаўся ў гэтым горадзе друкарскай дзейнасцю, а пасля працаваў батанікам па запрашэнні караля Фердынанда I. Устаноўлены ў 1996 годзе ў скверы паміж вуліцамі Еленя і Кеплерава. Аўтарамі помніка з’яўляюцца скульптар Э. Астаф’еў і архітэктар Ю. Казакоў[1].

Помнік
Помнік Францыску Скарыну
SkarynavjeleniuliciPRAHA.jpg
50°05′32,84″ пн. ш. 14°23′23,62″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Скульптар Эдуард Барысавіч Астаф’еў
Архітэктар Юрый Іванавіч Казакоў
Дата пабудовы 1996 год
Камень з надпісам
Пражская Біблія

Побач з помнікам устаноўлены камень з надпісам на беларускай і чэшскай мовах: «1535-1539. У гэтых месцах працаваў каралеўскім батанікам выдатны беларускі гуманіст і ўсходнеславянскі першадрукар Францішак Скарына». «З Прагай звязаны два перыяды дзейнасці Ф. Скарыны. Тут ён пры дапамозе віленскіх мецэнатаў стварыў першае ў гісторыі беларускае выдавецтва, пераклаў, пракаментаваў і надрукаваў 23 кнігі Бібліі (1517—1519 гг). Пражскае выданне Бібліі было значнай падзеяй навуковага і грамадскага значэння, а таксама мастацка-паліграфічным шэдэўрам»[2][1].

У вобразе Ф. Скарыны спалучаюцца яго характарыстыкі і як канкрэтнага чалавека, і як сімвала беларускай культуры. У адной руцэ — пяро, у другой — пражская Біблія, разгорнутая на тытульным лісце. Постаць урачыстая і адначасова спакойная, у напружаным позірку спалучыліся інтэлектуальнасць вучонага-асветніка і цвёрдасць, перакананасць грамадскага дзеяча і патрыёта. Дэмакратычнасць і чалавечнасць вобраза прачытваецца ў жывых рысах твару, падкрэслены нізкім для такога помніка (вышыня скульптуры 2,3 м) пастаментам, натуральнасцю позы і характарам лепкі — абагульненасцю і выразнасцю прапрацоўкі дэталяў. Дастаткова камерныя памеры помніка адпавядаюць характару архітэктурнага асяроддзя.[2][1]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 М. П. ЧАЙКО. З НАГОДЫ 500-ГОДДЗЯ БЕЛАРУСКАГА І ЎСХОДНЕ-СЛАВЯНСКАГА ПІСЬМЕНСТВА: ВОБРАЗ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ Ў ТВОРАХ МАНУМЕНТАЛЬНАЙ СКУЛЬПТУРЫ
  2. 2,0 2,1 Шамрук, А. Прыйшоў з мінулага, каб увайсці ў будучыню. Помнік Францішку Скарыне ў Празе / А. Шамрук // Роднае слова. — 2000. — № 9. — С. 99-100.

СпасылкіПравіць