Біблія Францыска Скарыны
Бі́блія Францы́ска Скары́ны — першая друкаваная ўсходнеславянская кніга, выдадзеная Францыскам Скарынам у 1517—1519 гадах у Празе ў беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы[1][2].
Біблія Францыска Скарыны | |
---|---|
Аўтар | Францыск Скарына |
Мова арыгінала | старабеларуская мова |
Выдавецтва | Francysk Skaryna typography in Prague[d] |
Выпуск | 1517—1519 |
Месца публікацыі | Прага |
Кнігі
правіцьСкарынаўская Біблія ўяўляе сабой 20 кніг (ці 23 кнігі, калі лічыць кожную кнігу Царстваў паасобку) Старога Запавету аб’ёмам 2400 старонак пад агульнай назвай «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко ч(ес)ти и людем посполитым к доброму научению»[3]:
- «Песни царя Давыда еже словуть Псалтыр» (6 жніўня 1517)
- «Книга светого Иова» (10 верасня 1517)
- «Притчи Саломона царя Израилева, сына Давыдова» (6 кастрычніка 1517)
- «Книга Исуса Сирахова, рекомая Панаретос, Еклесиастыкус или Церъковник» (5 снежня 1517)
- «Еклесиастесъ, или Соборникъ премудрого царя Саломона» (2 студзеня 1518)
- «Книга премудрого царя Соломона, рекомая Песнь Песням» (9 студзеня 1518)
- «Премудрости Божией книга» (19 студзеня 1518)
- «Книги царьствь» (10 снежня 1518)
- «Книга Исуса Навина» (20 снежня 1518)
- «Книги Иудифъ вдовици» (9 лютага 1519)
- «Кніга Суддзяў»
- «Кніга Быццё»
- «Книги пятыи Моисеовы, зовемые от евреи Гельгадворим, по-гречески Девтерномос, по латине Секунда лекс, а по рускии Вторый закон» (1519)
- «Книги светого пророка Даниила» (1519)
- «Эсъферъ»
- «Книга о Руфееже»
- «Книжка, рекомая Плачъ Еремиін»
- «Книги вторые Моисеовы, зовемые Исход» (1519)
- «Лявіт»
- «Лічбы»
У 1525 годзе былі надрукаваныя «Деания и посълания Апостольская», якія складаліся з 4 частак:[4]
- Дзеянні Апосталаў
- 7 саборных лістоў (3 — Пятра, 3 — Іаан, 1 — Іуды)
- 14 лістоў апостала Паўла
- «Саборнік»
Сярод кніг Скарыны няма выдання «Прарокаў» і Параліпаменан. Рускі гісторык Пагодзін меў рукапісны спіс кніг рэдакцыі Скарыны, у якім былі і Прарокі. У 1865 годзе Я.Ф. Галавацкі выявіў у біблятэцы Ануфрыеўскага манастыра ў Львове ў рукапісным спісе кніг Скарыны кнігу Параліпаменан. Такім чынам, хутчэй за ўсё Скарына пераклаў усе кнігі Бібліі, аднак не змог іх выдаць, або выдаў, але яны не зберагліся.
Парадак выдання Скарынаю кніг не адпавядае таму, як яны змешчаны ў Бібліі. Лічыцца, што такі парадак абумоўлены парадкам вывучэння асноў Сямі вольных мастацтваў, пры вывучэнні якіх Скарына рэкамендаваў у якасці дапаможнікаў тую ці іншую кнігу[5]
Пераклад
правіцьМоўная традыцыя Скарынаўскіх выданняў вызначаецца айчыннымі мовазнаўцамі як беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1][2][6]. Адначасова выданні ўсходнеславянскага першадрукара ўтрымліваюць значную колькасць уласнабеларускай лексікі, якая мае праславянскае ці старажытнарускае паходжанне і ў большасці выпадкаў працягвае традыцыю старажытнарускай мовы, якая да XIV ст. служыла сродкам пісьмовых зносін усходніх славян[7].
Даследчыкі выдзяляюць найбольш старажытныя лексічныя адзінкі, якія захаваліся ў беларускім фанетычным абліччы: «вежа», «волотъ», «гай», «детинство», «жниво», «згода», «клопотъ», «криница», «лосеня», «лытка», «медведеня», «помста», «промень», «севба», «смутокъ», «стежка», «стрижень», «початокъ», «узгорокъ», прыметнікі «горший», «даремный», «дробный», «житний», «лагодный», «приветливый», «пригожий», «росный», дзеясловы «гучати», «досягати», «змовитися», «лаяти», «робити», «ховати», прыслоўі «вдолжъ», «домовъ», «досыть», «лепей», «николи» і іншыя[7].
Свае пераклады біблейскіх тэкстаў Скарына рабіў на падставе дзвюх крыніц: Вульгаты Ераніма і чэшскай Бібліі 1506 года. Менавіта з-за асаблівасцей чэшскага перакладу, якія перайшлі і ў скарынаўскія кнігі, апошнія былі адрынуты праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі.
Як вынікае са Скарынаўскай прадмовы да першай кнігі Царстваў, ім былі перакладзеныя ўсе кнігі Старога і Новага Запаветаў, «на руські язык выложенных»[8]. Гэта пацвярджаецца знойдзенымі ў XIX стагоддзі Якавам Галавацкім у Львоўскім Ануфрыеўскім манастыры рукапісамі, сярод якіх знаходзіліся дадаткова 30 кніг, ідэнтыфікаваных паводле прадмоў як скарынаўскія.
Апісанне
правіцьПерад кожнай з кніг Скарына дадаваў уласныя прадмовы з разнастайнымі звесткамі па гісторыі, геаграфіі, культуры і сціслы пераклад зместу. На палях даваў тлумачэнне незразумелых слоў, а таксама спасылкі на паралельныя месцы.
Упершыню ў кірылічным друкарстве Скарына ўвёў тытульны ліст, фаліяцыю старонак, прамежкі між словамі і водступы-абзацы, а таксама адмовіўся ад скарачэння слоў[9][10]. Сам тэкст падзелены на раздзелы, у пачатку кожнага з іх дададзены напісаны Скарынай кароткі змест. У той жа час Скарына захаваў традыцыі рукапісаў - застаўкі з візантыйскай арнаментыкай. Каб чытач мог лепш зразумець тэкст, у кнігі былі змешчаны ілюстрацыі - гравюры[5].
Памеры скарынаўскіх выданняў сведчаць, што яго Біблія прызначалася для штодзённага чытання, а не дзеля літургічных мэт. Калі напрастольныя Евангеллі ў той час рабіліся «ў аркуш», то кнігі Скарыны былі надрукаваныя «ў чацвёрку», а то і ў «васьмёрку» (то бок у 4 ці 8 разоў меншыя), што рабіла іх зручнейшымі ў карыстанні[11].
У першую беларускую Біблію выдавец уключыў 51 ілюстрацыю, каля 30 заставак і каля 1000 ініцыялаў.
Ступень удзелу Францыска Скарыны ў стварэнні гравюр застаецца нявызначанай. Паводле пераважнага меркавання, Скарына найхутчэй быў рысавальшчыкам асобных гравюр, мог адыгрываць ролю кансультанта. Яму, безумоўна, належаць усе подпісы да ілюстрацый, малюнак шрыфту Бібліі, які не мог быць выраблены без папярэдніх эскізаў Скарыны[10].
Значэнне
правіцьКнігі Скарыны заклалі грунт для ўнармавання беларускай літаратурнай мовы, сталі другім перакладам Бібліі на славянскую (пасля чэшскай) і, як адзначае палітык П. Севярынец, чацвёртым у свеце — «на жывую мову народа» (пасля нямецкай, італьянскай і чэшскай)[12]. У сваю чаргу кандыдат філалагічных навук І. Будзько адзначае, што святы тэкст не мог быць напісаны «па-просту» (у Ф. Скарыны «руский» не значыць «простый»), а павінен быў адпавядаць высокай кніжнай стылістыцы[6]. Тэолаг і доктар філасофіі Ірына Дубянецкая таксама адзначае, што «Біблія» Ф. Скарыны перакладзена «не на жывую мову», што было адной з прычын таго, чаму выданне друкара не адыграла вялікай культуратворчай ролі для тагачаснай Беларусі[13].
Нягледзячы на стрыманую, а то і варожую рэакцыю праваслаўнага духавенства, Скарынаўскія пераклады шырока разышліся па Вялікім Княстве. Праз стагоддзе ўніяцкі архімандрыт Сялява, звяртаючыся да праваслаўных, пісаў наступнае[11]:
Перад уніяй быў Скарына, ератык гусіт[14], каторы для вас друкаваў у Празе кнігі па-русінску. |
Беспаспяхова скончылася спроба распаўсюдзіць у 1525 годзе пражскае выданне ў Маскоўскім княстве. Праваслаўныя іерархі ўбачылі ў Скарынаўскай Бібліі лютэранскі ўплыў і загадалі спаліць усе прывезеныя асобнікі, і на працягу ўсяго XVI стагоддзя імя беларускага першадрукара было забаронена[11].
Паказальна, што Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец пры выданні ў Заблудаве «Евангелля вучыцельнага», як вынікае з прадмовы, напачатку рыхтавалі яго на беларускай мове, верагодна, у перакладзе Францыска Скарыны. На яго спасылаліся ў сваіх працах Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Першы пратэстанцкі пастар Прусіі Паўль Сператус беражліва захоўваў Псалтыр з «Малой падарожнай кніжыцы»[11].
Такім чынам, кнігавыдавецкая дзейнасць Скарыны мела выключна важнае значэнне ў гісторыі развіцця беларускай культуры. Пераклаўшы на зразумелую для народа мову біблейскія кнігі і выдаўшы іх значным для таго часу тыражом, Скарына тым самым садзейнічаў станаўленню і замацаванню беларускай літаратурнай мовы, аказаў вялікі ўплыў на далейшае яе развіццё. Друкарскія асаблівасці выданняў (фармат, шрыфты, афармленне, характар і змест прамоў і пасляслоўяў) аказалі значны ўплыў на далейшае развіццё беларускага, рускага і украінскага кнігадрукавання[15].
Сучаснасць
правіцьВа ўсім свеце вядомы 40 канвалют кніг Скарыны[16], якія знаходзяцца ў Вялікабрытаніі, Даніі, Літве, Польшчы, Славеніі, Расіі, Украіне[17]. У Беларусі захоўваецца толькі адзін збор з 10 кніг, набыты ў 1925 годзе ў ленінградскага калекцыянера Камарніцкага. Гэта адзін з найкаштоўнейшых збораў у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У 2003 годзе ў час выстаўкі рэдкіх кніг Верхнелужыцкай навуковай бібліятэцы ў Гёрліцы (Германія) былі выпадкова выяўленыя адзінаццаць асобных пражскіх выданняў Скарыны, пераплеценых у 1615 годзе пад адной вокладкай. Паводле бібліятэчнай картатэкі, гэта Біблія ў 1520 годзе была падаравана ў Брэслаў нейкаму Андрэасу Банку, які пазней перадарыў яе вядомаму рэлігійнаму дзеячу Іагану Гесу[18]. На думку прафесара Берлінскага ўніверсітэта Норберта Рандаў, па гэтай Бібліі Гес прапаведаў Слова Божае верхнелужыцкім славянам[19]. Шэсць кніг Гёрліцкага канвалюта не маюць адпаведнікаў у фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі[17].
У кастрычніку 2012 года гёрліцкі канвалют упершыню трапіў у Беларусь[16].
У 2014 годзе была выдадзена Біблія Францыска Скарыны, створаная па старажытных тэхналогіях. Выданне было надрукавана на самаробнай паперы з беларускага лёну на адноўленым па гравюрах XVI стагоддзя станку. Для вытворчасці выданняў былі адліты спецыяльныя матрыцы і формы, як некалі рабіў сам Скарына. Некаторыя экзэмпляры былі размаляваны, вокладку праілюстраваў вядомы мастак Барыс Цітовіч. Матывы арнаменту ўзяты са скарынаўскіх кніг[20].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А. І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 °C. 210
- ↑ а б Жураўскі А. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. — Мінск: Навука і тэхніка, 1967. С. 121
- ↑ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 284
- ↑ І.І. Трацяк. Друкаваныя кнігі Бібліі ў XVI—XVIII стст. // Біблія ў кантэксце беларускай культуры: Вучэб. дапам.. — Гродна: ГрДУ, 2003. — С. 23. — ISBN 985-417-454-9.
- ↑ а б Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед., с. 375
- ↑ а б Будзько, І. З гісторыі ўсходнеславянскіх перакладаў Бібліі // Роднае слова. — 2006. — № 8. — С. 9.
- ↑ а б Аляксандр Булыка. Лексіка выданняў Скарыны // Роднае слова. — Мн., 1995. — № 3. — С. 32—36.
- ↑ Родаў Г. Я.. З гісторыі перакладу Бібліі на ўсходнеславянскіх тэрыторыях . Катэхета. Рымска-каталіцкі касцёл на Беларусі (8 кастрычніка 2012).
- ↑ Кнігадрукаванне на Беларусі(недаступная спасылка). Гісторыя габраяў Беларусі. Аляксандр Фрыдман (8 кастрычніка 2012). Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2012. Праверана 13 жніўня 2013.
- ↑ а б Гравюры выданняў Францыска Скарыны(недаступная спасылка). Спадчына Беларусі (8 кастрычніка 2012). Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2010. Праверана 13 жніўня 2013.
- ↑ а б в г Станіслаў Акінчыц.. Беларускі першадрукар . Рэфармацыя ў Беларусі (8 кастрычніка 2012).
- ↑ Севярынец, П. Біблія // Люблю Беларусь: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — С. 520.
- ↑ Urbi et Orbi: Ірына Дубянецкая «1000 гадоў без Бібліі: беларускія біблейскія пераклады і eўрапейская цывілізацыя» (відэа) // methodology.by
- ↑ Унікальная дакументальная згадка пра веравызнанне Францыска Скарыны.
- ↑ Скарына і яго час, с. 376
- ↑ а б Ілья Лапато.. У Мінску прэзентавалі рарытэтную Біблію Скарыны са знакамітым партрэтам першадрукара . Беларусь. Рымска-каталіцкі касцёл на Беларусі (8 кастрычніка 2012).
- ↑ а б Сяргей Макарэвіч. Такога яшчэ не было: 21 кніга Скарыны выстаўленая ў Мінску // Наша Ніва. — 10 кастрычніка 2012. — № 38, 779. — С. 15.
- ↑ Bernd-Ingo Friedrich.. Die Skaryna-Bibel der Oberlausitzischen Bibliothek der Wissenschaften (ням.). kulturpixel.de (5 лістапада 2012).(недаступная спасылка)
- ↑ Валянціна Аксак.. Па Бібліі Скарыны прапаведавалі слова Божае ў сярэднявечнай Германіі . Культура. Радыё «Свабода» (8 кастрычніка 2012).
- ↑ Адноўленую па старажытных тэхналогіях Біблію Скарыны прадставілі ў Мінску(недаступная спасылка)
Літаратура
правіць- Владимиров П. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. — СПб.: Тип. Императорской акад. наук, 1888.
Спасылкі
правіцьБіблія Францыска Скарыны на Вікісховішчы |
- Слоўнік.орг
- Біблія Францыска Скарыны на «Беларускай Палічцы» (бел.)