Пракры́т (або мн. л. пракры́ты; санскр.: प्राकृत, трансл. prākṛta) — абагульненая назва для аднаго або некалькіх сярэднеіндыйскіх размоўных дыялектаў, якія паходзяць ад пэўных дыялектаў старажытнаіндыйскіх моў, у прыватнасці, з санскрыту[1][2].

Пракрыт
Краіны сучаснай Індыі
Рэгіёны паўночны Індастан
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Індаіранская галіна
Індаарыйская група
Пракрыт
ISO 639-5 pra
IETF pra

Класіфікацыя правіць

Разам з іншымі мовамі, з якімі пракрыты маюць храналагічныя і блізкія этымалагічныя сувязі (старажытнаіндыйскія, новаіндыйскія і г.д.), пракрыты адносяцца да індаарыйскай групы індаіранскай галіны, якая ўваходзіць у індаеўрапейскую сям'ю моў.

Мова ардхамагадхі, старажытная форма сучаснай мовы магадхі, якая гістарычна выкарыстоўвалася ў літургічных тэкстах джайнізму, можа лічыцца асноўнай формай пракрыту, у той час як іншыя — яе дыялектамі або варыянтамі. Граматычнае апісанне мовы аўтарства тагачасных індыйскіх мовазнаўцаў упершыню было складзена менавіта для ардхамагадхі, граматыкі іншых формаў пракрыту складаліся з улікам ардхамагадхі. Мова палі, літургічная мова тхеравады, як правіла, разглядаецца асобна. Гэта тлумачыцца пунктам гледжання тагачасных індыйскіх мовазнаўцаў, якія не разглядалі палі ў рамках пракрыту з прычыны рэлігійных супярэчнасцей. Іншыя пракрыты маюць толькі гістарычныя сведчанні, пра іх носьбітаў вядома мала або невядома ўвогуле (напрыклад, пайшачы). Некаторыя пракрыты могуць лічыцца ізаляванымі, як нія — змяшаны паўночна-заходні пракрыт справаводства Усходняга Туркестана.

Некаторая частка сучасных лінгвістаў прытрымліваецца падобнага варыянта класіфікацыі, уключаючы сярэднеіндыйскія мовы ў паняцце пракрыты, што супрацьпастаўляецца пунктам гледжання, паводле якіх падкрэсліваецца адасобленае развіццё гэтых ідыёмаў, аддзеленых ад санскрыта фактарамі каст, рэлігіі або геаграфічных прычын[3]. Тым не менш, гістарычна назіралася ўзаемадзеянне санскрыту і пракрытаў, што што стала прычынай «спрашчэння» санскрыту для простых слаёў насельніцтва шляхам уплыву пракрытаў і, у сваю чаргу, пранікнення рыс санскрыту ў пракрыты[4].

Тэрміналогія правіць

Тэрмін пракрыт з'яўляецца засвоенай лексемай індаарыйскага паходжання і ў літаральным перакладзе мае значэнне простага, народнага маўлення, супрацьпастаўляючыся літаратурна і рэлігійна ўнармаванаму санскрыту. Акрамя таго, пад словам таксама можа мецца на ўвазе паняцце прадмета, які мае натуральнае паходжанне. Паводле слоўніка брытанскага індолага і санскрытолага М. Манье-Уільямса найбольш частае значэнне слова prakṛta, ад якога ўтворанае беларускае «пракрыт» — «першапачатковы, натуральны, звыклы», што паходзіць, у сваю чаргу, ад prakṛti, «першасная, натуральная, першапачатковая форма чаго-небудзь; рабіць, ставіць напачатку», што супрацьпастаўляецца слову saṃskṛta, «вытанчаны». Традыцыйна пракрыты разглядаліся як больш старажытныя формы ў параўнанні з санскрытам, аднак звесткі індаеўрапеістыкі адносна санскрыту і ведыйскай мовы сведчаць пра прыналежнасць санскрыту да старэйшых этапаў храналагічнага развіцця індаарыйскіх моў і большую блізкасць гэтай мовы да рэканструяванай праіндаеўрапейскай мовы, чым пракрытаў.

Лінгвістычны сэнс тэрміна пракрыты яшчэ не ўстаяўся. Так, пад гэтым тэрмінам могуць разумець мовы выключна джайнійскіх тэкстаў або ўключаюць у гэты пералік іншыя мовы, напрыклад, палі.

Сучасныя індаарыйскія мовы поўначы Індыі паходзяць ад пракрытаў. Прамежкавай стадыяй між пракрытамі і сучаснымі індаарыйскімі мовамі сталі апабхранша — асобныя ідыёмы, якія эвалюцыянавалі з сярэднеіндыйскіх моў і пазней развіліся ў сучасныя індаарыйскія [індыйскія] мовы.

Пад тэрмінам драматургічныя пракрыты ў літаратуры вядомыя пісьмовыя варыянты мовы, якія выкарыстоўваліся ў якасці моў пэўнай тагачаснай літаратуры. Ніводны падобны варыянт не вядомы ў гісторыі ў ролі размоўнай мовы, але некаторыя з іх набылі падобныя функцыі пасля заняпаду санскрыту[5]. Пад гэтым тэрмінам часцей за ўсё згадваюцца такія ідыёмы, як шаўрасені, магадхі і махараштры. Менш вядомымі з'яўляюцца аванці, прасія, баглікі, даксінат'я, сакары, кандалі, сабары, абгіры, драмілі і одры. Кожны з падобных пракрытаў меў выразную іерархію ў адпаведнай літаратуры: напрыклад, аванці вядомая як мова персанажаў-ашуканцаў, драмілі — лясных насельнікаў і пад.[6] Асаблівую гістарычную ролю мае махараштры (паводле некаторых лінгвістаў — продак сучаснай мовы маратхі), у якой з цягам часу адбылося адхіленне ад традыцыйных граматычных мадэлей санскрыту з мэтай атрымання магчымасці шырэйшага выкарыстання разнастайных паэтычных стыляў. Новыя ўласцівасці граматычнага ладу, сярод іншага, пашырылі магчымасці супрацьпастаўлення ў мове даўжыні галосных[7].

Пісьменнасць правіць

Вядомыя надпісы на пракрытах выкананыя, між іншым, пісьмом брахмі (дало пачатак большай частцы сучасных індыйскіх пісьменнасцей), а таксама яго познімі відамі — начары, тэлінга (цэнтральная Індыя), кхароштхі (паўночна-заходняя, цэнтральная Азія).

Гісторыя правіць

 
Сур'япраджнаптысутра — астранамічная праца, якая датуецца III або IV ст. да н.э., складзеная пісьмом дэванагары на джайнійскім пракрыце каля 1500 г.

У сярэднеіндыйскім перыядзе адрозніваюць тры стадыі развіцця пракрытаў: ранняя (палі, ранняя пайшачы, асобныя эпіграфічныя тэксты), сярэдняя (літаратурныя пракрыты: шаўрасені — паўночна-заходняя Індыя, магадхі — усходняя, махараштры — цэнтральная; джайнійскія пракрыты: ардхамагадхі, джайн-махараштры, джайн-шаўрасені — граматычна менш унармаваныя і бліжэйшыя да размоўных мясцовых моў; надпісы I—IV стагоддзяў да н.э., пайшачы і чуліка-пайшачы) і позняя (апабхранша, гл. ніжэй).

Першапачаткова пракрыты былі размоўнымі дыялектамі, якія пазней зведалі літаратурную апрацоўку. Як лічыцца, упершыню пракрыты сталі літаратурнымі мовамі пры заступніцтве старажытных індыйскіх цароў, што, аднак, у тыя часы было расцэнена з адмоўнага боку. Найстаражытнейшым з захаваных узорам выкарыстання пракрытаў з'яўляецца звод надпісаў імператара Ашокі, які кіраваў прыкладна ў сярэдзіне III ст. да н.э. Пазней пракрыты вядомыя ў літаратурным выкарыстанні ў выглядзе будыйскіх і джайнійскіх рэлігійных тэкстаў (палійскі канон тхеравады, тэксты джайнізму), эпасаў і прац тагачасных індыйскіх мовазнаўцаў[8]. Кожны з пракрытаў паасобку звязаны з пэўнай дынастыяй, рэлігійнай і літаратурнай традыцыяй і рэгіёнам Індастану, што робіць пракрыты своеасаблівымі ўзорамі літаратурных эпох Індыі і Непала.

Лінгвістычныя рысы правіць

Дыялекталогія правіць

Дыялектныя адрозненні між асобнымі пракрытамі выяўляюцца ў выглядзе фанетычных і марфаналагічных асаблівасцей. Пракрыты маюць шэраг характэрных рыс, якія адрозніваюць іх ад санскрыту. Сярод пракрытаў можна вылучыць палі, які даволі выразна супрацьпастаўлены іншым пракрытам.

Марфалогія правіць

Марфалогія пракрытаў характарызуецца шэрагам агульных асаблівасцей, сярод якіх страта сінтэтызму; тэндэнцыя да ўніфікацыі тыпаў асноў іменных часцін і дзеяслова (выявілася ў абагульненні ўсіх тыпаў да асноваў на галосны і разбурэнні адзінай дзеяслоўнай сістэмы ў выніку страты асабістых форм прэтэрыта ў большасці пракрытаў, іх функцыі сталі выконваць дзеепрыслоўі); неадрозненне актыўнага і медыяльнага ладаў; страта парнага ліку; супадзенне рада склонавых форм; узмацненне ўплыву займеннай парадыгмы на іменную.

Фаналогія правіць

У фаналогіі пракрытам уласцівыя найперш адсутнасць складовых санантаў і дыфтонгаў, тэндэнцыя да адкрытага склада, строгія абмежаванні зычных спалучэнняў (дапушчальныя падвоеныя зычныя, група з гамарганных насавога і змычнага і інш.), змена адзіночных зычных у інтэрвакальным становішчы (аслабленне або знікненне як у махараштры), залежнасць колькаснае характарыстыкі галоснага ў складзе ад закону дзвюх морbeen.

Граматыка правіць

Адметнымі рысамі пракрытаў у іх граматычным ладзе сталі тэндэнцыя да аналітызму (гл. вышэй), якая праяўлялася ў шырокім прымяненні дапаможных слоў для ўдакладнення склонавых значэнняў, у спалучэннях дзеепрыслоўяў з дапаможнымі дзеясловамі; ужыванне пры пераходным дзеяслове ў мінулым часе канструкцыі, пасіўнай паводле формы і актыўнай паводле значэння, пры гэтым дзеепрыслоўе выражала від, род, але не выражала асобу.

Зноскі правіць

  1. Daniels, ст. 377
  2. Woolner, Alfred C. Introduction to Prakrit. — Delhi: Motilal Banarsidass Publ, 1928. — С. 3. — 235 с. — ISBN 9788120801899.
  3. Deshpande, ст. 33
  4. Deshpande, ст. 35
  5. Woolner, ст. v
  6. Banerjee, стст. 19-21
  7. Deshpande, стст. 36-37
  8. Woolner, Alfred C. Introduction to Prakrit. — 2 ed. — Delhi: Motilal Banarsidass, 1928. — С. 1-2. — ISBN 978-81-208-0189-9.

Літаратура правіць

  • National Institute of Prakrit Study And Research. Shravanabelagola Karnataka, India
  • Banerjee, Satya Ranjan. The Eastern School of Prakrit Grammarians : a linguistic study. — Calcutta: Vidyasagar Pustak Mandir, 1977.
  • Daniels, Peter T. The World's Writing Systems. — USA: Oxford University Press, 1996.
  • Deshpande, Madhav. Sanskrit & Prakrit, sociolinguistic issues. — Delhi: Motilal Banarsidass, 1993.
  • Pischel, R. Grammar of the Prakrit Languages. — New York: Motilal Books, 1999.
  • Woolner, Alfred C. Introduction to Prakrit. — 2nd Edition. — Lahore, Delhi: Punjab University, Motilal Banarsidass, 1938, 1999.
  • Вертоградова В. В. Пракриты. — М., 1978.
  • Вертоградова В. В. Пракриты / Отв. ред. Т. Я. Елизаренкова. — М.: Издат. фирма «Вост. лит.» РАН, 2002. — 104 с. — (Языки народов Азии и Африки). — ISBN 5-02-018353-9.