Прыбугскае Палессе
Прыбугскае Палессе — ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння ў Брэсцкім раёне. Заснаваны ў 2003 для захавання ўнікальных прыродных ландшафтаў з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл.
Плошча 7950 га. Асноўны від ландшафту — пласкахвалістая водна-ледавіковая раўніна з дзярнова-падзолістымі пясчанымі і забалочанымі тарфяна-балотнымі глебамі.
Пад лясамі 93% плошчы; прадстаўлены ўсе фармацыі лясоў Беларусі (за выключэннем шэраальховых), пераважаюць хваёвыя лясы. Ёсць унікальныя раслінныя згуртаванні: хвойнікі плюшчавы, чыставуставы; лугавая садружнасць райграсу сярэднееўрапейскага; лясы брызглінавыя, ядлоўцавыя з дрэвападобнымі экзэмплярамі вышынёю да 10 м; лясы з вішні птушынай (чарэшні). У флоры болыл за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх у Чырвоную кнігу занесены чыставуст каралеўскі, увярэднік лясны, каласняк пясчаны, гваздзік картузіянскі, гайнік цёмна-чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі і інш.
У фаўне 58 відаў млекакормячых, 166 — птушак, усе віды рэптылій і амфібій, што пашыраны на Беларусі, 32 віды рыб. 75 відаў жывёл уключаны ў Чырвоную кнігу, у т.л. соня арэшнікавая, барсук, начніцы сажалкавая і Натэрэра, шыракавушка еўрапейская, вячэрніца малая, кажанок паўночны, арлан-белахвост, гагара чорнаваллёвая, скапа і інш.
Літаратура
правіць- Лабанок П. Прыбугскае Палессе // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).