Пячатка Васількі Святаславіча

Пячатка Васількі Святаславіча — віслая актавая пячатка, якая паходзіць са збору выпадковых знаходак С. Міхейкі на тэрыторыі Полацка. Захоўваецца ў калекцыі НПГКМЗ. Аналагічная пячатка захоўваецца ў фондах Наўгародскага музея-запаведніка (інвентарны нумар НГМ КП 47227-59). Памер пячаткі — 20×18 мм. Яна адносіцца да разраду VI/1 — княжацкіх бул XII—XIII стст. з выявамі святых з абодвух бакоў[1].

З аднаго боку пячаткі змешчана пакаленная выява Святога Георгія з німбам. Правай рукой Георгій вымае меч з ножнаў, за яго спінай адлюстраваны шчыт. Па абодвух баках ад выявы святога — калонкавыя надпісы: «АГІОС / ГЕОРГІЙ». На другім баку булы знаходзіцца выява Святога Васілія Кесарыйскага ў поўны рост. Яго правая рука ўзнята (жэст бласлаўлення), у левай руцэ святы трымае кнігу-кодэкс. Па абодвух баках ад выявы святога размешчаны калонкавыя надпісы: «АГІОС / ВАСІЛІЙ». Выявы адціснуты на нарыхтоўцы круглай формы, маецца канал для шнура[1].

На падставе размешчаных на буле выяў святых Васілія і Георгія можна выказваецца меркаванне аб прыналежнасці пячаткі полацкаму князю Васільку Святаславічу (1132—1144), сыну Георгія Усяславіча[1].

Зноскі

  1. а б в Л. Р. Калбека. Актавыя пячаткі полацкіх князёў (па археалагічных даных). // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі : матэрыялы VIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (Полацк, 1—2 лістапада 2022 г.) / уклад. Т. У. Явіч. — Полацк : Полацкае кніжнае выдавецтва, 2022. — 360. ISBN 978-985-7201-26-6.