Пікнік на абочыне
«Пікні́к на або́чыне» — фантастычная аповесць братоў Стругацкіх, упершыню выданая ў 1972 годзе.
Пікнік на абочыне | |
---|---|
Пикник на обочине | |
| |
Жанр | Навуковая фантастыка |
Аўтар | браты Стругацкія |
Мова арыгінала | руская |
Дата напісання | 1971 |
Дата першай публікацыі | 1972 |
Асобнае выданне | 1980 |
Выдавецтва | Маладая гвардыя |
Месца публікацыі | СССР |
Паняцце «сталкер» устойліва ўвайшло ў рускую, а праз яе і ў беларускую мову. Па прызнанні аўтараў, слова стала найпапулярнейшым са створаных імі неалагізмаў. У кантэксце кнігі сталкер — чалавек, які парушае забароны, пранікае ў Зону і выносіць з яе разнастайныя артэфакты, якія пазней звычайна прадае і тым зарабляе на жыццё. Пасля выхаду фільму Таркоўскага так сталі называць праваднікоў, якія арыентуюцца ў розных забароненых і малавядомых іншым месцах і тэрыторыях; пазней сталкерамі сталі называць аматараў індустрыяльнага турызму, асабліва тых, хто наведвае пакінутыя аб’екты і населеныя пункты.
Па матывах аповесці рэжысёр Андрэй Таркоўскі ў 1979 годзе зняў фільм «Сталкер», браты Стругацкія выступілі аўтарамі сцэнару.
Сюжэт
правіцьДзеі аповесці адбываюцца на Зямлі, як мяркуецца, у 1970-я гады ў мястэчку Гармант, у выдуманай англамоўнай краіне[1].
Прыкладна за 13 гадоў[2] да пачатку апісаных у кнізе падзей у некалькіх месцах на зямным шары ўзнікае шэсць «Зонаў» — абласцей, у якіх пачынаюць адбывацца дзіўныя з’явы, якія парушаюць вядомыя законы фізікі. Зоны размешчаныя ўздоўж плаўнай лініі на паверхні Зямлі, праекцыі так званага Радыянта Пільмана — пункту, што ляжыць на прамой, якая злучае Зямлю і Дэнеб. Хутка высветлілася, што людзі і жывёлы пражываць у зонах не могуць, і ўсё насельніцтва было з іх тэрмінова эвакуіраванае. Тэрыторыі Зон былі абнесены агароджай, узятыя пад строгую ахову і афіцыйна сталі прадметам асцярожнага навуковага вывучэння. Таксама вельмі хутка выяўляецца, што ў зонах шмат артэфактаў незразумелага прызначэння. Некаторыя з іх вельмі карысныя — напрыклад, могуць лячыць хваробы, некаторыя проста дзіўныя цацкі, а некаторыя — вельмі небяспечныя.
Мяркуецца, што Зоны створаныя прадстаўнікамі пазазямной цывілізацыі, і строіцца мноства гіпотэзаў, якія па-рознаму тлумачаць, што яны з сябе ўяўляюць і якім чынам патрэбныя іншапланецянам для кантакту з жыхарамі Зямлі. Адзін з герояў кнігі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі доктар Валянцін Пільман, вобразна мяркуе, што ўсе артэфакты — «пустышкі», «этакі», «бранзалеты» — гэта ўсяго толькі касмічнае смецце, пакінутае іншапланецянамі на планеце Зямля падчас выпадковага наведвання, падобна пустым банкам і бутэлькам, забытым пасля чалавечага пікніка на абочыне дарогі.
Адна з асноўных тэмаў — маральны выбар тых, у чые рукі патрапляюць артэфакты Зоны, то, як імі скарыстаецца чалавецтва, якое, строга кажучы, дрэнна разумее, у чым прызначэнне гэтых небяспечных рэчаў, невядома навошта пакінутых прышэльцамі.
Адна з Зон апынулася непадалёк ад горада Гармант. Галоўны герой кнігі Рэдрык Шухарт, жыхар Гарманта, становіцца сталкерам, гэта значыць зарабляе на жыццё, выносячы з Зоны артэфакты, якія валодаюць незвычайнымі ўласцівасцямі і прадаюцца за вялікія грошы. Сюжэт твору пабудаваны як апісанне жыцця Шугарта ад 23 гадоў да 31 года. Большую частку жыцця ён быў нелегальным сталкерам, злачынцам, сядзеў у турме, у маладосці быў афіцыйным супрацоўнікам Інстытуту пазазямных культур.
У сталкераў, як правіла, нараджаюцца дзеці са шматлікімі фізічнымі і біялагічнымі адхіленнямі ад нормы, прычым прычыны гэтага медыцына знайсці не можа (у прыватнасці, радыяцыі і хімічных дамешак у атмасферы Зоны няма). Тая ж доля спасцігла і адзіную дачку Шугарта — Марыю (Мартышка). Рэдрык любіць жонку і дачку, але перыядычна губляе кантакт з сям’ёй з-за турэмных тэрмінаў. Тым не менш ён не можа адмовіцца ад паходаў у Зону, што разбурыла яго жыццё — часткова з-за жадання атрымліваць вялікія грошы і не лічыць іх, але галоўным чынам — з-за магнетычнага прыцягнення Зоны, зразумелага толькі сапраўднаму сталкеру. У Зоне ён адчувае сябе на сваім месцы і без яе ўжо не можа.
У канцы кнігі Шухарт плануе і ажыццяўляе сваю заключную місію ў Зоне: ён вырашай знайсці «Залаты Шар» — артэфакт, які паводле легенды можа выканаць найпатаемнейшае жаданне таго, хто яго знойдзе. Шухарт ідзе да шара, будучы цалкам расчараваным у сваім жыцці і ў людзях, як да апошняй надзеі. Складанасць місіі палягае не толькі ў тым, што дарога да шара смяротна небяспечная, але і ў тым, што апошняя пастка на шляху да яго патрабуе ахвяры — аднаго чалавечага жыцця. І Шухарт прыносіць гэту ахвяру ў выглядзе свайго спадарожніка, юнака, які напрасіўся да яго ў вучні — Артура Барбрыджа.
Бацька Артура — найстарэйшы сталкер па мянушцы Сцярвятнік, вядомы тым, што яго спадарожнікі часта не вярталіся з Зоны. У Барбрыджа двое нармальных здаровых дзяцей — выключэнне сярод сталкераў. Барбрыдж па сакрэце паведаміў Шухарту, што вымаліў сабе дзяцей у Залатога Шара. Сам ён больш не можа дайсці да месца, дзе знаходзіцца артэфакт, страціўшы ў Зоне абедзве нагі — тады яго выцягнуў на сабе Рэдрык. Сцярвятнік раскрыў Шухарту месцазнаходжанне Шара і расстаўленыя на шляху да яго пасткі, адна з якіх патрабуе «ахвяры» («мясарубка»), не толькі з-за ўдзячнасці — ён спадзяецца, што Шухарт зможа вярнуць яму ногі. Барбрыдж не ведае, што Рэдрык узяў Артура з сабой.
Фінал кнігі застаецца адкрытым — Артур гіне ў «мясарубцы», Рэдрык падпаўзае да шара, дарэмна спрабуючы сфармуляваць сваё найпатаемнейшае жаданне. Ён згадвае ўсё сваё скалечанае жыццё, спрабуе згадаць нешта светлае, але не атрымліваецца. У выніку ён не можа прыдумаць нічога, акрамя таго, што ўсклікнуў Артур за некалькі секунд да сваёй смерці: «ШЧАСЦЕ ДЛЯ УСІХ, ДАРМА, І ХАЙ НІХТО НЕ СЫДЗЕ ПАКРЫЎДЖАНЫМ!»
Пераклады
правіцьАповесць лідзіруе сярод іншых твораў аўтараў колькасцю перакладаў і выданняў за межамі былога СССР. У 2003 годзе Барыс Стругацкі налічыў 55 выданняў «Пікніка» ў 22 краінах свету[3].
На англійскай мове аповесць апублікавана ў перакладзе Антаніны Б’юіс. Прадмову да першага амерыканскага выдання (MacMillan Publishing Co., Inc, New York, 1977) напісаў Тэадор Старджан.[4]
Пасляслоўе да нямецкага выдання 1977 года напісаў Станіслаў Лем, які высока ацаніў гэты твор.
Станам на 2022 год прафесійнага выдання твора на беларускай мове няма, у сетцы распаўсюджваецца пераклад Юрыя Міхеда пад назвай «Пікнік на ўзбоччы»[5].
Зноскі
- ↑ OFF-LINE интервью с Борисом Стругацким. Октябрь 2003: «Паводле задумы аўтараў гэта, хутчэй за ўсё, Канада. Ці якая-небудзь Аўстралія. Словам — брытанская ў мінулым калонія».
- ↑ «Сам факт Наведвання з’яўляецца найбольш важным адкрыццём не толькі за мінулыя трынаццаць гадоў, але і за ўвесь час існавання чалавецтва».
- ↑ Стругацкий Борис. Комментарии к пройденному . СПб.: Амфора, 2003..
- ↑ Владимир Борисов.. Голос жителя Земли (руск.)(недаступная спасылка). Новое литературное обозрение (2 снежня 2006). — «Вядомае яго хрэстаматыйнае выказванне: „Пікнік“ абуджае ва мне нешта накшталт зайздрасці, як калі б я сам павінен быў яго напісаць.» Архівавана з першакрыніцы 26 красавіка 2012. Праверана 15 красавіка 2011.
- ↑ «Пікнік на ўзбоччы» — пераклад Ю. Б. Міхеда