Рага́цік песцікавы (Clavariadelphus pistillaris) — від грыбоў сямейства Clavariadelphaceae. Рагацік песцікавы не прыгодны ў ежу.
Пладовае цела цела вышынёй 7-15 (30) см, дыяметрам да 5 см (у найбольш шырокай частцы), булавападобнае, іншы раз лапатападобнае, падоўжна-маршчакаватае. Афарбоўка светла-жоўтая, з часам цёмна-вохравая, пры націсканні набывае чырванавата-карычневае адценне. Тканка шчыльная, губчатая, белая, на зломе афарбоўваецца ў пурпурова-бураваты колер, з прыемным пахам, гаркаватым смакам. Ножка няясная, каля асновы белалямцавая. Гіменій пакрывае верхавінку пладовага цела. Споры памерам 7-16 х 4-10 мкм, гладкія, бясколерныя, белыя або светла-жоўтыя, часам з зярністым змесцівам.
Арэал перарывісты, ахоплівае Еўропу, Усходнюю Азію, Паўночную Амерыку. У Беларусі адзначаны ў Брэсцкай (Пружанскі р-н), Віцебскай (Ушацкі р-н), Гомельскай (Жыткавіцкі р-н), Мінскай (Смалявіцкі р-н) і Магілёўскай (Асіповіцкі р-н) абласцях[1].
Расце ў лісцевых і мяшаных, радзей хвойных лясах.
Пладовыя целы назіраюцца ў восеньскі перыяд.[1]
Зноскі
- Пармасто Э. Х. Определитель рогатиковых грибов СССР. — Л.: «Наука», 1965. — С. 47—48.
- Рогатики // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978.(руск.)