Разбо́р шля́хты — комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Расійскай імперыі па верыфікацыі і скарачэнні шляхецкага стану былога Вялікага Княства Літоўскага.

Хроніка падзей правіць

Канец XVIII стагоддзя правіць

Пасля анексіі земляў ВКЛ улады Расійскай імперыі сутыкнуліся з праблемай вялікага колькаснага складу прывілеяванага стану на далучаных землях. Агульная колькасць шляхты складала 7—8% насельніцтва. Маёмасны і сацыяльны статус вялікалітоўскага прывілеяванага стану быў вельмі стракаты і не адпавядаў існаму расійскаму разуменню статусу дваранства Расійскай імперыі. Адразу пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай расійскія ўлады пачалі праводзіць мерапрыемствы па выключэнні маламаёмаснай шляхты з прывілеяванага стану.

Паводле найвышэйша зацверджанага дакладу ад 13 верасня 1772 года беларускага генерал-губернатара З. Р. Чарнышова, шляхце было ўказана падаць у губернскія гарады спісы з доказамі свайго дваранства. У адмысловым ордары дзеля перапіса насельніцтва Магілёўскаму і Пскоўскаму губернатарам генерал-губернатар растлумачыў, што яны павінны загадаць шляхце падаць праз земскія суды ў губернскія канцылярыі спісы асоб усіх дваранскіх сем'яў з падрабязным апісаннем паходжання родаў, гербаў, з усімі пасведчаннямі і дакументамі. Зазначалася, што бяз царскай волі ніхто надалей не мае права лічыць сябе шляхцічам і карыстацца шляхецкімі правамі. Паводле ўказа ад 14 чэрвеня 1773 г. шляхта вымушана была «чыніць вывады» свайго дваранства ў Верхніх правінцыйных земскіх судах.

У час Рэвізіі 17721774 гг. шмат чыншавай і служылай шляхты было запісана ў склад сялян. Ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, баяры панцырныя і іншыя — былі запісаны ў пагалоўныя сялянскія спісы. «Новыя» сяляне былі абкладзены падушнай подаццю і рэкруцкім наборам. Праўда, ўказам ад 31 мая 1789 г. загадана не браць рэкрутамі асоб, якія даводзяць сваё паходжанне. Здаралася, што асобы атрымлівалі вывады ў Дваранскіх дэпутацкіх сходах, але іх не выкрэслівалі з рэвіскіх казак і не вызвалялі ад аплаты падушнага падатку. Імператар Павел I указам ад 4 снежня 1796 г. пастанавіў, што выданне дыпломаў на дваранства можа быць «выключна ад самадзержнай улады, Богам нам дараванай», дваранскія сходы не мелі больш права выдаваць дыпломы асобам, запісаным у аклад, выдадзеныя дыпломы павінны былі быць адабраныя. Урэшце ўказ ад 20 верасня 1802 г. канчаткова ўсталяваў, што гэткія асобы могуць быць выключаны з акладу толькі паводле ўказу Сенату.

Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 г. аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Расійскай імперыі, усе дваране павінны былі быць унесеныя ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго яны павінны прадставіць доказы паходжання. Радаводныя кнігі падзяляліся на 6 частак, 4-я з іх адводзілася для дваранаў замежнага паходжання. Аднак, нягледзячы на логіку, шляхта з ВКЛ упісвалася не ў яе, а ў іншыя часткі. Ад шляхты патрабаваліся доказы не паводле існай у ВКЛ юрыдычнай сістэмы, а паводле прынцыпаў расійскага заканадаўства.

1800—1830 гг. правіць

Указ ад жніўня 1800 г. ўсталяваў тэрмін для доказу паходжання ў два гады, за які ўсе шляхцічы мусілі зрабіць вывады свайго дваранства ў Дваранскіх дэпутацкіх сходах.

Указ ад 25 верасня 1800 г. пацвердзіў чыншавай шляхце даўнія правы, але шляхтаю ўважаліся толькі асобы, запісаныя ў шляхецкіх казках па Рэвізіі 1795 г. Указамі ад 1 студзеня 1808 г. і 6 сакавіка 1808 г. было загадана, каб чыншавая шляхта прадставіла доказы свайго паходжання. Пасля правядзення Рэвізіі 1811 года ўказам ад 29 сакавіка 1812 г. было загадана прызнаваць шляхецкую годнасць толькі за тымі асобамі, продкі якіх былі ў ёй зацверджаныя.

На Камісію, што праводзіла Рэвізію 1816, указам ад 20 студзеня 1816 г. ускладзены быў абавязак разбору правоў асоб, якія называлі сябе шляхтаю, з гледзішча ўпісання апошніх у шляхецкія рэвіскія казкі 1795 г. З разгляду была выключана шляхта, якая мела дэкрэты вывадаў ДДС і чакала разгляду спраў у Герольдыі Сенату; яны звычайна ўлічваліся як дваране. Права пакідаць у стане шляхты ці выключаць з яго Сенат перадаў губернатарам. Асобы, пазбаўленыя шляхецкіх правоў, запісваліся вольнымі хлебаробамі (вольнымі хлебапашцамі), дзяржаўнымі сялянамі ці мяшчанамі. Трэба адзначыць дзіўны выбар аднаго са станаў дзеля запісу шляхты — вольных хлебапашцаў. У Расіі гэты стан быў створаны 20 лютага 1803 г. для запісу былых прыгонных сялян, адпушчаных уладальнікамі. Некалькімі ўказамі 23 верасня 1817 г., 16 лістапада 1820 г., 22 лістапада 1820 г., 21 чэрвеня 1821 г. Сенат нагадваў пра хутчэйшае завяршэнне разбораў шляхты. Указ 8 чэрвеня 1826 г. растлумачваў парадак пераводу ў склад асоб, няправільна прылічаных да чыншавай шляхты. Паводле палажэння ад 11 ліпеня 1828 г. і ўказа ад 14 мая 1830 г. шляхцічы, якія не прадставілі доказаў дваранства, павінны быць запісаныя ў мяшчане ці ў казённые пасяляне.

Пасля 1830 г. правіць

Пасля Паўстання 1830—1831 гг. Камітэту заходніх губерняў між іншым даручалася разабрацца з праблемамі шляхецкага стану. Паводле закона ад 19 кастрычніка 1831 г. «Аб разборы шляхты ў заходніх губернях і аб уладкаванні гэтага роду людзей», дзе зазначалася, што многія шляхцічы «па недахопу аселасці і ўласнасці, і па ладу жыцця … найбольш схільны былі да паўстання і злачынных дзеянняў супраць законнай улады», шляхецкі стан былога ВКЛ быў падзелены на дваранаў і адмыслова створаныя станы аднадворцаў Заходніх губерняў і грамадзян Заходніх губерняў (адпаведна месца жыхарства ў сельскай мясцовасці або ў гарадах і мястэчках). Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацверджаныя ў адпаведнай годнасці Герольдыяй. На аднадворцаў распаўсюджвалася рэкруцкая павіннасць, грамадзянам дазвалялася пазбегнуць яе, заплаціўшы 1 000 рублёў. Абодва новыя станы мусілі сплочваць асабістыя падаткі і несці службы.

У 1832 г. Герольдыі загадана правесці рэвізію дэкрэтаў вывадаў Дваранскіх дэпутацкіх сходаў. Сенат указам ад 11 лістапада 1832 г. загадаў падзяліць асоб, належных «да былой шляхты», на тры разрады:

  1. дваранаў, якія маюць або не маюць вывадаў дваранскіх сходаў, але валодаюць маёнткамі з падданымі ці толькі падданымі;
  2. дваранаў, якія не маюць маёнткаў, але маюць вывады;
  3. шляхцічаў, якія не маюць вывадаў і не маюць маёнткаў. Адначасова забаронена Дваранскім дэпутацкім сходам выдаваць пасведчанні пра дваранства без зацвярджэння Герольдыяй.

У 1842 г. была праведзена адмысловая Рэвізія ў Заходніх губернях, якой падлягалі аднадворцы, грамадзяне і іўдзеі.

Паводле ўказа ад 17 сакавіка 1847 г. шляхта, якая не прадставіла ў тэрмін пасямейных спісаў, павінна быць запісаная ў стан дзяржаўных сялян, а тыя, хто падалі — у аднадворцы і грамадзяне. Але практычна гэта здзейснена не было. Асобы, не зацверджаныя ў дваранстве, паводле закона ад 23 студзеня 1847 г. пазбаўляліся права купляць зямлю з сялянамі.

Указам ад 1 жніўня 1857 шляхцічы, якія дагэтуль не былі зацверджаны ў дваранстве і прапусцілі тэрмін дзеля запісу ў аклад, былі падзелены паміж наступнымі станамі. Асобы, якія валодалі зямлёю, аднесены да сялян-уласнікаў; а тыя, якія валодалі зямлёю ў дзяржаўных вёсках, — да дзярж. сялян; асоб, якія жылі на памешчыцкай зямлі, запісвалі вольнымі людзьмі. У Рэвізіі 1858 г. яны фігуруюць як вольныя хлебапашцы, гэткім чынам яны былі запісаны ў стан, які юрыдычна ўжо не існаваў (быў ліквідаваны ў 1848 г.). Неаселых шляхцічаў запісвалі на выбар у сяляне альбо да гарадскіх станаў, акрамя грамадзян. Фактычна ўсе былі запісаны ў стан мяшчан. Гэты закон не закранаў шляхту, якая раней была запісана ў якасці аднадворцаў і грамадзян.

Пасля Паўстання 1863—1864 гадоў уведзены новыя абмежаванні ў прынцыпах доказу і атрымання дваранства. Указ ад 10 снежня 1865 г. забараняў «палякам», гэта значыць католікам, набываць маёнткі.

Указам ад 19 студзеня 1866 г. усе шляхцічы, якія не даказалі свайго дваранства, уключаныя ў склад сялян ці мяшчан.

Станы аднадворцаў і грамадзян Заходніх губерняў былі скасаваны паводле закона ад 19 лютага 1868 г. Аднадворцы былі прылічаны да сялян, а грамадзянам даваўся год на выбар прыпісацца да сялян або мяшчан. Гэта быў канчатковы акт юрыдычнай ліквідацыі шляхецкага стану былога ВКЛ.

Вынікі правіць

Хоць юрыдычна адбылася поўная ўніфікацыя станаў у Беларусі з астатняй тэрыторыяй Расійскай Імперыі, але ў многіх установах дзяржаўнага кіравання, найперш у Скарбовых палатах, працягваўся статыстычны ўлік і кантроль за «былой польскай шляхтай». Працягвала дзейнічаць забарона на набыццё зямлі. Толькі ўказам ад 4 сакавіка 1899 г. дазволена дваранам і мяшчанам католікам, якія асабіста займаліся земляробствам, купляць зямлю, але каб агульная колькасць яе не перавышала 60 дзесяцінаў. Пасля Рэвалюцыі 1905 указам ад 1 мая 1905 г. дазволена католікам купляць зямельную ўласнасць, але толькі ў католікаў; набыццё зямлі ў асоб інш. веравызнання абмяжоўвалася зноў жа 60 дзесяцінамі і іншымі ўмовамі. Гэтыя абмежаванні доўжыліся да канца існавання Расійскай Імперыі.

Літаратура правіць

  • Rychlikowa I. Carat wobec polskiej szlachty na ziemiach zabranych w latach 1772—1831 // Kwartalnik Historyczny. — 1991. — № 3. — S. 51—83.
  • Вяроўкін-Шэлюта, У. Разбор шляхты / Уладзімір Вяроўкін-Шэлюта // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 83—85. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Неупокоев В. И. Преобразование беспоместной шляхты в Литве в податное сословие однодворцев и граждан (Вторая треть XIX в.) // Революционная ситуация в России в 1859—1861 гг. Т. VI. М., 1974. С. 3-22.

Спасылкі правіць