Раніца (газета, 1921)

«Раніца» (1921) — грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 22 снежня 1921 да 16 лютага 1922 года ў Вільні на беларускай мове штодзённа. Рэдактар-выдавец Вячаслаў Адамовіч.

«Раніца»
Тып газета
Выдавец Вячаслаў Антонавіч Адамовіч
Краіна
Галоўны рэдактар Вячаслаў Антонавіч Адамовіч
Заснавана 22 снежня 1921
Спыненне публікацый 16 лютага 1922
Мова беларуская
Галоўны офіс

Надрукавала стэнаграму Беларускага з’езда, скліканага ў снежні 1921 года ў Вільні прыхільнікамі Польшчы. Насуперак рашэнню Беларускага нацыянальнага камітэта пра байкот беларусамі выбараў у Віленскі сейм агітавала насельніцтва за ўдзел у выбарах і выставіла спіс сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Пасля выбараў інфармавала пра дыскусіі ў сейме пра будучы лёс Віленшчыны. Шмат увагі аддавала пытанням рээвакуацыі бежанцаў з Савецкай Расіі, якія пакінулі Заходнюю Беларусь у час 1-й сусветнай вайны. Публікавала дыскусійныя матэрыялы («Аб рэлігійнай уніі на Беларусі» М. Каляды, «Беларуская інтэлігенцыя і будаўніцтва Беларусі» пад крыптанімам «С-с» і інш.), агляды міжнароднага становішча, выказванні і інтэрв’ю членаў польскага ўрада, весткі з Савецкай Беларусі. Змясціла творы Я. Піліпава, В. Адамовіча (пад псеўданімам Дзяргач), А. Шуляка і інш. Закрыта пасля афіцыйнага далучэння Віленшчыны да Польшчы. Выйшлі 32 нумары.

Літаратура правіць

  • Ліс, А. «Раніца» / Арсень Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 97. — ISBN 985-11-0214-8.