Адкрыць галоўнае меню

Алешы — вялікалітоўскі шляхецкі род гербу «Брохвіч» II.

Алешы
POL COA Brochwicz II.svg
Краіна паходжання Вялікае Княства Літоўскае
Прызнаныя ў Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская Імперыя

Паходзяць ад валынскага баярына Аляксандра, званага Алешам ці Алешкам, які быў жанаты з Аленай Макасей. Іх сын — Фёдар (Тэадор) Алеша Алешкавіч у 1482—1486 гадах быў сакратаром караля Казіміра Ягелончыка і быў жанаты з князёўнай Ганнай Астражэцкай. У Фёдара і Ганны быў сын Пётр, жанаты з Вольгай Чалганскай. Старэйшы сын Пятра і Вольгі — Пётр Пятровіч Алеша, быў жанаты з Еўдакіяй Фурса, атрымаў ад князя Фёдара Іванавіча Яраславіча ў 1508 годзе маёнтак Беражное на Палессі. У 1524 г. каралева Бона пацвердзіла правы Пятра Пятровіча Алешы на Беражное, Гарадок і Паркані.

Вядомы сын Пятра Пятровіча — ротмістр Тэадор Алеша. Сын Тэадора — Ян Алеша, быў мсціслаўскім паборцам у 1581 годзе. Фларыян Янавіч у 1583 годзе быў сакратаром каралеўскім і ў 1607 годзе быў прызначаны сеймам для «ўтаймавання казацкага бунту», у 1615 годзе займаў урад войскага ўладзімірскага. Сакратаром каралеўскім быў і сын Фларыяна — Станіслаў. Міхал Станіслававіч Алеша быў суддзём пінскім.

Да XIX ст. валоданні Алешаў значна ўзраслі. 12-м гаспадаром Старога і Новага Беражнога, Церабяжова, Гарадзішча, шэрагу іншых маёнткаў і дамоў у Вільні, Рызе і Пінску быў Цэзарый Антоній Алеша (1820—1892), жанаты з Аляксандрай Орда. Цэзарый Антоній меў 11 дзяцей: 6 сыноў і 5 дачок. Яшчэ пры жыцці ён падзяліў паміж дзецьмі маёмасць, Нова-Беражное атрымаў Канстанцін, а Стара-Беражное — малодшы сын Уладзіслаў Алеша.

З роду Алешаў паходзіць пісьменнік Юрый Алеша, але дакладны яго радавод невядомы на цяперашні час.

ЛітаратураПравіць

  • Несцярчук Л. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X—XX стагоддзяў. — Мн.: БелТА, 2002.