Саксен-Веймар
Герцагства Саксен-Веймар (ням.: Herzogtum Sachsen-Weimar) — дзяржава ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі, адно з эрнесцінскіх герцагстваў.
дзяржава ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі (да 1806) член Рэйнскага саюза (з 1806) | |||||
Герцагства Саксен-Веймар | |||||
---|---|---|---|---|---|
Herzogtum Sachsen-Weimar | |||||
|
|||||
|
|||||
1572 — 1809
|
|||||
Сталіца | Веймар | ||||
Форма кіравання | феадальная манархія[d] | ||||
Дынастыя | Эрнесцінская лінія Ветынаў | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьЛейпцыгскі падзел
правіцьУ канцы XV стагоддзя большая частка сучаснай Цюрынгіі ўваходзіла ў склад курфюрства Саксонія. У 1485 годзе паводле дагавора ў Лейпцыгу ветынскія землі былі падзелены паміж курфюрстам Саксоніі Эрнстам і яго малодшым братам Альбрэхтам. Саксонскае курфюрства і заходнія землі ў Цюрынгіі адышлі да Эрнста.
У 1547 годзе ўнук Эрнста — Ёган Фрыдрых Вялікадушны — пазбавіўся курфюрства згодна з умовамі Вітэнбергскай капітуляцыі. Пасля заключэння ў 1552 годзе Пасаўскага дагавора яму даравалі і вярнулі землі ў Цюрынгіі. Пасля яго смерці 1554 годзе тытул «курфюрст Саксоніі» атрымаў у спадчыну ягоны сын Ёган Фрыдрых II Сярэдні, які жыў у Гоце. Аднак спроба апошняга аднавіць адзінства курфюрства правалілася: ён далучыўся да паўстання Вільгельма Грумбаха, але быў схоплены імператарам Максіміліянам II і асуджаны да пажыццёвага зняволення.
Эрфурцкі падзел
правіцьСпадчыннікам Ёгана Фрыдрыха II Сярэдняга стаў ягоны малодшы брат Ёган Вільгельм. Праз сувязі з французскім каралём Карлам IX ён таксама хутка трапіў у няласку імператара і ў 1572 годзе прымушаны да падзелу сваіх зямель: імперская камісія ў Эрфурце аддзяліла паўднёвую і заходнюю часткі яго зямель (з Кобургам і Айзенахам) на карысць дзяцей зняволенага Ёгана Фрыдрыха II Сярэдняга — Ёгана Казіміра і Ёгана Эрнста. Самому Ёгану Вільгельму засталася частка герцагства з цэнтрам у Веймары.
Узлаваны такімі стратамі, Ёган Вільгельм памёр у 1573 годзе. Саксен-Веймар атрымаў у спадчыну яго сын Фрыдрых Вільгельм I. Пасля яго смерці ў 1602 годзе Саксен-Веймар атрымаў малодшы брат Ёгана-Вільгельма Ёган III, аднак пры гэтым частка герцагства з Альтэнбургам была перададзена сыну Фрыдрыха-Вільгельма I — Ёгану Філіпу.
Трыццацігадовая вайна
правіцьСпадчыннікам Ёгана III стаў ягоны сын Ёган Эрнст. У пачатку Трыццацігадовай вайны ён падтрымаў лідара пратэстантаў Фердынанда V, аднак пасля паражэння апошняга ў бітве на Белай Гары быў пазбаўлены тытула, і рэгентам герцагства стаў яго малодшы брат Вільгельм, які атрымаў у спадчыну герцагства пасля смерці брата ў 1626 годзе. Спачатку Вільгельм таксама падтрымліваў барацьбу пратэстантаў, аднак пасля гібелі шведскага караля Густава II Адольфа і падпісання ў 1635 годзе Пражскага міру вырашыў, як і яго сваякі з Альберцінскай галіны, пайсці на кампраміс з імператарам — у адрозненне ад малодшага брата Бернгарда, які паступіў на службу да французаў.
У 1638 годзе, калі са смерцю Ёгана Эрнста згасла Саксен-Айзенахская і Саксен-Кобургская галіны Эрнестынаў, Вільгельм атрымаў у спадчыну большую частку іх уладанняў. У 1640 годзе яму прыйшлося аднавіць герцагствы Саксен-Гота і Саксен-Айзенах для сваіх малодшых братоў Эрнста I і Альбрэхта, аднак пасля смерці Альбрэхта ў 1644 годзе герцагства Саксен-Айзенах ізноў уз’ядналася з Саксен-Веймарам.
Наступнае пераразмеркаванне эрнесцінскіх зямель адбылося ў 1672 годзе, калі Фрыдрых Вільгельм III Саксен-Альтэнбургскі — нашчадак Ёгана-Філіпа — памёр, не пакінуўшы спадчыннікаў, і яго кузен Ёган Эрнст II Саксен-Веймарскі атрымаў у спадчыну частку яго герцагства, якая адышла ад Саксен-Веймара ў 1602 годзе. Ёган-Эрнст II неадкладна падзяліў разрослыя землі Саксен-Веймара са сваімі малодшымі братамі — Ёганам-Георгам і Бернгардам, якім дасталіся Саксен-Айзенах і Саксен-Ена. Калі сын Бернгарда Ёган Вільгельм памёр у 1690 годзе ва ўзросце 15 гадоў, герцагства Саксен-Ена было падзелена паміж Саксен-Веймарам і Саксен-Айзенахам.
Веймарскі класіцызм
правіцьКалі ў 1741 годзе памёр Вільгельм Генрых (нашчадак Ёгана-Георга), то Эрнст Аўгуст I атрымаў у спадчыну герцагства Саксен-Айзенах, і стаў кіраваць двума герцагствамі ў рамках асабістай уніі, увёўшы сістэму прымагенітуры. У 1748 годзе герцагства атрымаў у спадчыну яго сын Эрнст Аўгуст II, а калі ён памёр у 1758 годзе, то імператрыца Марыя Тэрэзія прызначыла маладую ўдаву Ганну Амалію Браўншвайгскую рэгентам пры малалетнім Карле Аўгусце.
Рэгенцтва энергічнай Ганны Амаліі і кіраванне Карла Аўгуста, якія прытулілі паэта Крыстафа Марціна Віланда, стала найвышэйшым пунктам гісторыі Саксен-Веймара. Як заступнікі літаратуры і мастацтва, гэтыя кіраўнікі прыцягнулі да свайго двара вядучых прадстаўнікоў нямецкай культуры, у тым ліку Ёгана Вольфганга фон Гётэ, Фрыдрыха Шылера і Ёгана Готфрыда Гердэра, у выніку чаго Веймар стаў важным культурным цэнтрам эпохі, вядомай як «веймарскі класіцызм».
У 1804 годзе Карл Аўгуст увязаўся ў еўрапейскую палітыку, ажаніўшы свайго сына і спадчынніка Карла Фрыдрыха з вялікай князёўнай Марыяй Паўлаўнай — сястрой расійскага імператара Аляксандра I. Затым ён далучыўся да Прусіі, уступіўшы ў вайну з Напалеонам, і пасля паражэння ў Ена-Аўэрштэцкай бітве быў вымушаны да ўваходжання ў 1806 годзе ў створаны Напалеонам Рэйнскі саюз. У 1809 годзе герцагствы Саксен-Веймар і Саксен-Айзенах былі фармальна аб’яднаны ў герцагства Саксен-Веймар-Айзенах.
Кіраўнікі
правіць- Ёган-Вільгельм (1554—1573)
- Фрыдрых-Вільгельм I (1573—1602), сын Ёгана-Вільгельма
- Ёган III (1602—1605), брат Ёгана-Вільгельма
- Ёган-Эрнст (1605—1620), сын Ёгана
- Вільгельм (1620—1662), брат Ёгана-Эрнста
- Ёган-Эрнст II (1662—1683), сын Вільгельма
- Вільгельм-Эрнст (1683—1728), сын Ёгана-Эрнста II
- Ёган-Эрнст III (1683—1707), сын Ёгана-Эрнста II
- Эрнст-Аўгуст I (1707—1748), сын Ёгана-Эрнста III
- Эрнст-Аўгуст II (1748—1758), сын Эрнста-Аўгуста I
- Карл Аўгуст (1758—1809), сын Эрнста-Аўгуста II
Літаратура
правіць- Агамов А. М. Династии Европы 400—2016: Полная генеалогия владетельных домов. URSS. 2017. 1120 с. ISBN 978-5-9710-3935-8
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Саксен-Веймар
- Герцагствы і маркграфствы Германіі і Усходняй Францыі
- Генеалогія герцагаў Саксен-Веймарскіх