Арбалет
Арбалет (фр.: arbalète), самастрэл, куш — від кідальнай зброі, у сваёй аснове — удасканалены лук. Арбалет складаецца з ложа з прыкладам, звычайна драўлянага, з жолабам для ўкладання кароткай і масіўнай стралы-болта і пускавага механізму. На ложа мацуецца папярочны гарызантальны лук. Для функцыянавання арбалета патрабуюцца прыстасаванні для нацягвання цецівы, які могуць на яго не прымацоўвацца. Нацягнуты лук трымаецца за цеціву пускавым механізмам, а пушчаная цеціва выкідае болт з жолабу. Далёкасць стральбы да 200 метраў. Магчымая хуткастрэльнасць — 2 выстралы ў мінуту.
Арбалет на Вікісховішчы |
З’яўленне арбалета змяніла тагачасную вайсковую справу. Не так як з лукам, з арбалету мог страляць і малавучаны салдат, а ў моцы стрэлу болт арбалета перамагаў звычайны лук, і цягам амаль усёй гісторыі свайго развіцця прабіваў сучасны яму панцыр. Такім чынам, феадальная панцырная конніца атрымала небяспечнага ворага. Латэранскі сабор (1139) забараніў ваяваць гэтай зброяў проці хрысціян, хоць вядома, што ўказ гэты рэальна не выконваўся.
Стралец з арбалету, з-за параўнальна невысокай хуткастрэльнасці і пройгрышу ў дальнасці перад, напр., доўгім лукам, на полі бою мусіў мець абарону на час нацягвання цецівы. Таму звычайнай на полі бою была тактыка руху стральцоў парай, з якой адзін стралец нацягваў і страляў, а другі пераносіў і прыкрываў напарніка вялікім, часам вышэйшым за чалавека, шчытом — павезай.
Да перыяду XI ст. лук арбалета звычайна рабілі з дрэва, потым з’явіліся кампазітныя (дрэва-рогавыя), рогавыя і сталёвыя лукі. З павышэннем магутнасці лука павысілася і патрэбнае для яго нацягвання намаганне. Таму ад пачаткова распаўсюджаных стрэмяў для нагі і поясных крукоў перайшлі да «казінай нагі» (адмысловай формы рычага), а яшчэ пазней (XIII ст.) да накладаных на арбалет калаўротаў (дзвюх асноўных сістэм, з блокамі і з храпавіком). Пасля распаўсюджання агнястрэльнай зброі арбалет страціў сваё вайсковае значэнне, але яшчэ доўгі час, фактычна, да распаўсюджання крамянёвых замкоў, выкарыстоўваўся на паляванні.
У наш час арбалетамі, сканструктаванымі і вырабленымі з сучасных, у т.л., сінтэтычных матэрыялаў, карыстаюцца ў спецыфічных сферах дзейнасці, напрыклад, у спецслужбах, у спорце, на паляванні.
На землях Вялікага Княства Літоўскага арбалеты маглі ўпершыню з’явіцаа ў канцы XII ст.[1]. Па сведчанню Генрыха Латвійскага, палачане, штурмаваўшыя ў 1206 лівонскі замак Гольм, не ведалі ўжывання арбалета, хаця і былі вопытныя ў стральбе з лука[2]. Разам з тыым, ужо Міндоўг меў у 1253 атрады наймных нямецкіх арбалетчыкаў[1], а да канца XIV ст. арбалет выступае як досыць тыповая зброя ваяроў ВКЛ, хаця сам тэрмін «арбалет» тут не быў вядомы. Замест яго, побач з лацінскім акрэсленнем «balista», ужывалася назва «самастрэл», а пазней — «куша». З другой паловы XIV да канца XV стст. пісьмовыя крыніцы прыносяць значна больш інфармацыі аб выкарыстанні ў ВКЛ арбалетаў, чым лукаў, што сведчыць аб той важнай ролі, якая адводзілася менавіта гэтаму віду кідальнай зброі[3]. Эфектыўнымі аказаліся арбалеты ў барацьбе з мабільнай татарскай конніцай, узброенай лукамі, пад час бітвы на Сініх Водах у 1362[4]. З 30 капійнікамі і 60 арбалетчыкамі (cum triginta lanceist et sexaginta balistrariis) здабываў Драгічын Надбужскі ў 1383 Ягайла[5].
Пад час свайго прыезда ў Літву з Польшчы ў лістападзе 1390, Ягайла прывёз вялікую колькасць арбалетаў[6]. 20 арбалетаў па 1 грыўне і 5 скойцаў за кожны было выслана ў Вільню ў 1393. Пад 1394 фіксуецца высылка ў Вільню яшчэ 17 экзэмпляраў, сумарны кошт якіх складаў 20 грывен і 7 грошаў. У тым самым годзе 4 арбалеты, за якія было заплочана 4 грыўны 16 скойцаў, вёз Вітаўту ягоны пісар Пётр. 1 капа грошаў была выдаткавана каралеўскім скарбам на набыццё арбалета нейкаму Добку, які знаходзіўся пры Скіргайле, а годам пазней за кошт каралеўскага скарбу арбалет за 7 вярдункаў набыў пасол Вітаўта Ваўчок[7].
Шэраг крыніц узгадвае арбалеты побач з артылерыйскай зброяй. Не выключана, што ў гэтых выпадках гаворка ідзе аб цяжкіх арбалетах, якія ўжываліся для выканання таксіх самых задач, што і артылерыя[8]. «Bombardis, balistis» захапіў з сабой Вітаўт, калі пасля прымірэння з Ягайлам вяртаўся ў 1392 з Тэўтонскага ордэна[9]. Пад час бітвы на Ворскле ў 1399
в кованых телегах на чепех железных, со многими пищалми и пушками и самострелы |
размяшчалася частка ліцвінскіх сілаў[10].
Зноскі
- ↑ а б Медведев, А. Ф. Ручное метательное оружие (Лук и стрелы, самострел). VIII—XIV вв. — М.: Наука, 1966. — 184 с. — С. 92. — (Археология СССР. Свод археологических источников; Е1-36).
- ↑ Генрих Латвийский. Хроника Ливонии / Введ., пер. [с латин.] и комментарии С. А. Аннинского. Предисл. В. А. Быстрянского. — Л. — М.: Изд-во Акад. наук СССР, Тип. Акад. наук СССР в Лгр., 1938. — XV, 352 стр., 1 вкл. л. карт. — С. 91.
- ↑ Бохан, Ю. М. Арбалеіы ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XVI стст. / Ю. М. Бохан // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2001. — № 3: Да 70-годдзя з дня нараджэння П. Ф. Лысенка. — С. 214.
- ↑ Stryjkowski, M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi Macieja Stryjkowskiego: wyd. nowe, będące dokładném powtórzeniem wyd. pierwotnego królewieckiego z roku 1582, poprzedzone «Wiadomością o życiu i pismach Stryjkowskiego» przez Mikołaja Malinowskiego, oraz «Rozprawą o latopiscach ruskich» przez Daniłowicza, pomnożone przedrukiem dzieł pomniejszych Stryjkowskiego według pierwotnych wyd. T. 2. — Warszawa: Nakład Gustawa Leona Glücksberga, 1846. — 568 s. — S. 7.
- ↑ Dlugossii, J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae / Joannis Dlugossii. Liber decimus (X) 1370—1405. — Varsaviae: PWN, 1985. — 443 p. — P. 133.
- ↑ Dlugossii, J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae / Joannis Dlugossii. Liber decimus (X) 1370—1405. — Varsaviae: PWN, 1985. — 443 p. — P. 189.
- ↑ Przeździecki, A. Życie domowe Jadwigi i Jagiełły z regestrów skarbowych z lat 1388—1417 / przedstawione przez Alexandra Przeździeckiego. — Warszawa: skł. gł. w Księgarni Kommissowéj Z. Steblera, 1854. — [4], 149, [3] s., [2] k. tabl.: err. — S. 26, 49, 53, 64.
- ↑ Бохан, Ю. М. Арбалеіы ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XVI стст. / Ю. М. Бохан // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. — 2001. — № 3: Да 70-годдзя з дня нараджэння П. Ф. Лысенка. — С. 215.
- ↑ Dlugossii, J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae / Joannis Dlugossii. Liber decimus (X) 1370—1405. — Varsaviae: PWN, 1985. — 443 p. — P. 197.
- ↑ Полное собрание русских летописей / Академия наук СССР, Институт истории. Т. 9—10: Патриаршая, или Никоновская летопись. — М.: Наука, 1965. — XXIII, 256, [4], 244 с. — С. 173.