Святая вада (крыніца, Вілейскі раён)
Крыніца «Святая вада» — гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння[1] ля вёскі Губы Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Месціцца ў лесе, на захадзе ад вёскі Губы. Межы помніка прыроды «Крыніца Святая вада» адпавядаюць межам выдзелу 3 квартала 99 (52 па старой нумарацыі) Куранецкага лясніцтва. Плошча ахоўваемай тэрыторыі складае 2,3 гектара.
Крыніца «Святая вада» | |
---|---|
Катэгорыя МСАП — III (Помнік прыроды) |
|
Размяшчэнне | |
Найбліжэйшы горад | Вілейка |
Плошча | 2,3 га |
Кіруючая арганізацыя | Куранецкае лясніцтва ДДЛГУ "Вілейскі вопытны лясгас" |
Катэгорыя на Вікісховішчы |
Апісанне
правіцьУ лесе каля вёскі Губы Вілейскага раёна з-пад гары б’е крыніца, якая дае пачатак рэчцы Ментыні. На плошчы памерам 23 000 м², каля крыніцы забараняюцца любыя змяненні, якія парушаць эстэтычныя якасці і натуральны стан крыніцы: каптацыя выхадаў падземных вод на паверхню металічнымі і бетоннымі кольцамі, драўлянымі зрубамі; збудаванне артэзіянскіх свідравін і калодзежаў на прылеглых тэрыторыях для здабычы падземных водаў; будаўніцтва плацін і запрудаў на крынічным участку; змяненне рэчышча крынічных ручаёў, скід сцёкавых водаў; правядзенне ўсіх відаў меліярацыйных работ; змяненне натуральнага ўзроўню воднага гарызонту і гідралагічнага рэжыму; прагон і выпас жывёлы; загоннае паляванне і інш.
Помнік прыроды мясцовага значэння «Крыніца Святая вада» створаны для захавання ўнікальнага прыроднага аб’екта — групы крыніц, якія іграюць важную ролю ў гідралагічным балансе прылеглай тэрыторыі.
У крынічна-ручаёвым комплексе знойдзеныя віды беспазваночных жывёл, якія раней не сустракаліся на тэрыторыі Беларусі. Водны клешч Megapus nodipalpis var. tivdinae (Sokolow, 1926), і ручайнік Beraea maura (Curtis, 1834). Да таго ж у крынічных водах плаваюць віды беспазваночных жывёл, занесеныя ў Чырвоныя кнігі шэрагу Еўрапейскіх дзяржаў (Венгрыі і Польшчы).
На тэрыторыі помнікаў прыроды знойдзены баранец звычайны (Huperzia selago), уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі (трэцяе выданне).
Людзі расказваюць, што калісьці ў гэтай крыніцы знаходзілі манеты ХІХ-ХХ стагоддзя. Гісторыя сведчыць, што звычай ахвяроўваць частку здабытых у ваенных паходах скарбаў (манет, зброі) мелі яшчэ готы (гуды), якія тэрыторыю сучаснай Беларусі засялялі аж у пачатку нашай эры. Гэты звычай на нашай зямлі захоўваецца аж дзве тысячы гадоў. А да нашай эры, у насельніцтва неалітычнай культуры лейкападобных кубкаў, уплывы якой праніклі на захад Беларусі, існавала традыцыя: у якасці ахвярапрынашэнняў кідаць у прыродныя вадаёмы гліняны посуд, прылады працы. У асноўным гэта былі каменныя сякеры, бурштынавыя ўпрыгожванні, мяса дзікіх жывёл[2].
Здаўна мясцовыя жыхары надзялялi крынiчную ваду незвычайнымi здольнасцямi. Казалi, што яна дапамагае ад хвароб вачэй i нават сляпыя станавiлiся вiдушчымi[3]. Месца цяжка даступнае. Крыніца аздоблена драўляным зрубам, над ёй — абраз з ручніком. Вада прэсная, якасць здавальняючая.
Зноскі
- ↑ [https://web.archive.org/web/20200629221342/http://vileyka.minsk-region.by/be/vilejskaya-rajonnaya-inspektsiya-prirodnykh-resursov-i-okhrany-okruzhayushchej-sredy/informatsiya-o-resheniyakh-rajispolkoma-po-voprosam-ispolzovaniya-prirodnykh-resursov/reshenie-vilejskogo-rajonnogo-ispolnitelnogo-komiteta-ot-02-dekabrya-2008-g-1664-ob-ob-yavlenii-pamyatnikov-prirody-mestnogo-znacheniya Архівавана 29 чэрвеня 2020. Архівавана 29 чэрвеня 2020. Рашэнне Вілейскага раённага выканаўчага камітэта ад 02 снежня 2008 г. № 1664 «Аб абвяшчэнні помнікаў прыроды мясцовага значэння» (руск.)] Архівавана 29 чэрвеня 2020. // Вілейскі раённы выканаўчы камітэт
- ↑ Вада з дзевяці крыніц Архівавана 6 мая 2020. // Рэгіянальная газета
- ↑ У чысцюткiх крынiцах “святая вада” // Беларусь сегодня
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Святая вада (крыніца, Вілейскі раён)
- Крыніца «Святая вада» (руск.) на сайце Родники Беларуси