Секатан (англ.: Secotan; сучасная саманазва: Machapunga, літаральна «дрэнны пыл»[1]) — індзейскі народ на ўсходзе Паўночнай Амерыкі. У канцы XVI ст. секатан з'яўляліся прыбярэжным алганкінскім аб'яднаннем у Паўночнай Караліне. У нашы дні на ўсходзе ЗША жывуць іх нашчадкі, якія называюць сябе мачапунга. Агульная колькасць (2010 г.) — 200 чалавек[2].

Секатан
Machapunga
Выява секатан 1585 г.
Агульная колькасць 200
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова вірджынская алганкінская
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы паўхатан, чаванок, матапоні, патавомек

Гісторыя правіць

Секатан — нашчадкі алганкінаў, якія рушылі на поўлдзень уздоўж атлантычнага ўзбярэжжа болей за 1000 гадоў таму. У 1584 г., калі былі ўсталяваны кантакты з англічанамі, яны насялялі ўзбярэжжа сучаснай Паўночнай Караліны і некаторыя суседнія астравы, у тым ліку Раанок. Асноўнымі заняткамі з'яўляліся рыбалоўства, збіральніцтва і земляробства. Англічане адрознівалі паміж сабой плямёны раанок, секатан і краатан, аднак сучасныя даследчыкі лічаць, што яны складалі адзіную супольнасць. Старыя англійскія назвы ўзніклі па найменню паселішчаў і не адпавядалі традыцыям саміх секатан. На чале грамадства стаялі спадчынныя правадыры. Паміж секатан і суседзямі вяліся жорсткія войны.

У 1584 г. капітаны Артур Барлау і Філіп Адамс узялі з сабою ў Лондан двух «правадыроў» секатан Мантэа і Ванчэза. Яны аказалі станоўчае ўздзеянне на англійскую публіку, дапамаглі скласці першы англа-алгалкінскі слоўнік. У 1585 г. іх вярнулі на радзіму. Тады ж была створана першая англійская калонія на востраве Раанок. Яе насельнікі не здолелі забяспечыць сябе харчам, а спробы схіліць секатан да невыгоднага для іх абмену прывялі да канфлікту з тубыльцамі. Фрэнсіс Дрэйк, які наведаў калонію, быў вымушаны вывезці перасяленцаў. У 1587 г. Джон Уайт заснаваў новую калонію Раанок. Ён вярнуўся ў Англію і зноў прыбыў толькі ў 1590 г., калі калонія таямніча знікла. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яе насельнікі былі вымушаны з-за нястач перабрацца да краатан.

Кантакты з англічанамі прывялі да распаўсюджання эпідэмічных захворванняў, супраць якіх у індзейцаў не было імунітэта. Мяркуецца, што алганкіны таксама пацярпелі ад войн з тускарора і сіўанскімі плямёнамі. У 1701 г. захавалася толькі адна вёска, населеная рэшткамі секатан. Яе насельнікі фактычна былі падначалены тускарора і выступалі на іх баку падчас канфлікту з англійскімі каланістамі. У 1761 г. у іх было меней за 10 воінаў. У далейшым яны былі моцна асіміляваны, але захоўвалі сваю тоеснасць як мачапунга. Гэтаму садзейнічала палітыка расавай дыскрымінацыі ў дачыненні «каляровых» з боку мясцовых уладаў.

У пачатку XXI ст. на ўсходзе ЗША узнік рух нашчадкаў мачапунга з мэтай адраджэння іх народа.

Зноскі

Спасылкі правіць