Патавомек (сучасная саманазва: Patawomeck) — народ індзейскага паходжання ў Вірджыніі (ЗША). Ад назвы народа паходзіць найменне ракі Патомак.

Патавомек
Patawomeck
Агульная колькасць 2300
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова вірджынская алганкінская
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы секатан, паўхатан, матапоні

Агульная колькасць (2022 г.) — 2 300 чалавек.

У пачатку XVII ст., калі на ўзбярэжжы Вірджыніі з'явіліся англійскія каланісты, патавомек насялялі ніжнюю плыню ракі Патомак, займаліся паляваннем, рыбалоўствам і земляробствам. У 1608 г. іх вёску наведаў капітан Джон Сміт. У той час іх насельніцтва складала каля 800 чалавек. Відавочна, патавомек знаходзіліся ў шчыльным саюзе з паўхатан. Мяркуецца, што прадстаўніцай гэтага народа была маці Пакахонтас.

На першых парах патавомек імкнуліся захоўваць дабразычлівыя адносіны з англічанамі. Яны забяспечвалі іх харчам падчас голаду, у 1634 г. заключылі мірнае пагадненне. У 1642 г. частка народа прыняла хрысціянства. Аднак саюз з англічанамі мала дапамог, калі ў сярэдзіне XVII ст. пачаліся ваенныя сутычкі з саскуэханцамі. Апошнія захапілі ў палон іх «караля» і яго сыноў.

У 1658 г. паміж каланістам капітанам Джайлзам Брэнтам і правадыром Ваханганочэ ўзніклі спрэчкі з-за зямлі. Дж. Брэнт арыштаваў правадыра, але англійскі суд прыняў бок арыштаванага. Ён быў апраўданы і атрымаў срэбраны знак для бесперашкоднага вяртання праз тэрыторыю калоніі. Тым не меней, у 1662 г. Ваханганочэ памёр пры вяртанні да сваякоў. У 1665 г. улады калоніі прымусілі патавомек прадаць ім усе іх землі. У 1666 г. супраць патавомек вяліся ваенныя дзеянні, пасля чаго іх назва перастала ўжывацца ў каланіяльнай дакументацыі.

Даследчыкі XX ст. высунулі гіпотэзу, што рэшткі ацалелых пасля вайны 1666 г. мігрыравалі на поўнач, дзе з-за сваёй малалікасці былі асіміляваны суседзямі. Існуе верагоднасць таго, што яны былі знішчаны саскуэханцамі. Тоеснасць з продкамі-індзейцамі захавалі метысы, нашчадкі шлюбаў жанчын-патавомек з англійскімі каланістамі. У 2010 г. яны атрымалі прызнанне ад уладаў Вірджыніі ў якасці аўтаномнага племені.

Спасылкі правіць