Саскуэха́нцы (англ.: Susquehannock people, фр.: Les Andastes)  — індзейскі народ Паўночнай Амерыкі, што насяляў у XVII ст. даліну ракі Саскуэхана.

Саскуэханцы
Распаўсюджанне саскуэханскай мовы ў XVII ст.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Рака Саскуэхана
Мова саскуэханская
Рэлігія анімізм
Блізкія этнічныя групы іракезы, ваяндот, нейтраль, эры, петунь, венро

Гісторыя

правіць

Археолагі фіксуюць прыход саскуэханцаў у даліну ракі Саскуэхана сярэдзінай XVI ст. Мяркуюць, што дагэтуль яны насялялі землі на паўночных захадзе, але былі адсунуты ў выніку войн з іракезамі. Ужо посля перасялення саскуэханцы нанеслі паражэнне магаўкам.

У пачатку XVII ст. саскуэханцы ўяўлялі сабою канфедэрацыю з 5 плямён. Агульная колькасць магла дасягаць 5 - 7 тысяч чалавек, якія насялялі 20 вёсак. Падтрымлівалі саюзныя адносіны з магіканамі. Асноўнымі заняткамі былі земляробства, збіральніцтва і паляванне. Захаваліся прадметы іх арыгінальнай керамікі. Размаўлялі на адной з іракезскіх моў. Капітан Джон Сміт, які сустрэўся з саскуэханцамі ў 1608 г., апісваў іх як вельмі высокіх. Паўхатан лічылі іх людаедамі.

З 1615 г. саскуэханцы актыўна кантактавалі з французскімі, галандскімі, пазней англійскімі і шведскімі каланістамі. Паколькі галандцы падтрымлівалі іх ворагаў-іракезаў, саюзныя адносіны з французамі першапачаткова мелі перавагу. У 1642 - 1644 гг. саскуэханцы мелі ўзброены канфлікт з англійскімі пасяленцамі ў Мэрылендзе, але гандаль з англічанамі і саслабленне алганкінаў у выніку англійскай каланізацыі ўсходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі спрыялі пашырэнню іх тэрыторый на поўдзень. З 1640-х гг. падтрымлівалі шчыльныя кантакты з шведскімі каланістамі. Шведскія місіянеры зрабілі запісы мовы саскуэханцаў.

У 1650 г. саскуэханцы ўступілі ў новую вайну з іракезамі. У 1651 г. магаўкі ўварваліся ў даліну ракі Саскуэхана, дзе сустрэлі моцны адпор. Саскуэханцы былі добра ўзброены, адна з вёсак нават мела гармату. Аднак у 1653 г. іракезы перарвалі іх зносіны з французамі, а галандцы адмовіліся прадаваць агнястрэльную зброю і прыпасы. У 1655 г. галандцы захапілі шведскую калонію. У 1656 г. саскуэханцы былі вымушаны дамаўляцца з магаўкамі аб міры. Падчас вайны яны моцна пацярпелі ад эпідэміі воспы.

У 1663 пачаўся яшчэ адзін зацяжны канфлікт з іракезамі. На першых парах, саскуэханцы атрымоўвалі дапамогу ад англічан, але пасля захопу Нью-Ёрка англійскія калоніі сфарміравалі асабісты саюз з іракезамі. Да 1669 г. у саскуэханцаў засталося толькі 300 воінаў, але, калі яны звярнуліся да іракезаў з прапановай аб міры, іх пасла забілі. У 1675 г. іракезы здолелі выгнаць рэшткі саскуэханцаў з іх тэрыторый. Бежанцы сутыкнуліся з адпорам англійскіх пасяленцаў і ў выніку ў 1676 г. частка перасялілася ў Паўночную Караліну, дзе змяшалася з тускарора, а частка здалася ў палон магаўкам і анейда.

У XVIII ст. квакеры заснавалі ў Пенсільваніі вёску індзейцаў-хрысціян Канестога. Сярод яе жыхароў было 20 нашчадкаў саскуэханцаў. Падчас паўстання Пантыяка яны былі забіты англійскімі пасяленцамі.

Гл. таксама

правіць

Спасылкі

правіць