Пантыяк (правадыр)
Пантыяк (англ.: Obwandiyag, Pontiac; каля 1720 — 20 красавіка 1769 гг.) — ваенны правадыр індзейцаў атава, арганізатар барацьбы супраць каланіяльнай экспансіі Вялікабрытаніі ў Паўночнай Амерыцы.
Пантыяк | |
---|---|
Род дзейнасці | правадыр |
Дата нараджэння | 1720 |
Месца нараджэння | Мічыган |
Дата смерці | 20 красавіка 1769 |
Месца смерці | Ілінойс |
Член у | |
Бітвы/войны | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Згодна з паданнямі, Пантыяк нарадзіўся ў сям’і мужчыны з племені атава і жанчыны з племені аджыбвэ. З 1746 г. удзельнічаў у Сямігадовай вайне як правадыр канфедэрацыі Рада трох агнёў на баку Францыі супраць індзейцаў, што знаходзіліся ў саюзе з Вялікабрытаніяй. У канцы вайны садзейнічаў замірэнню паміж індзейцамі і брытанскімі ваеннымі. Аднак 27 красавіка 1763 г. арганізаваў раду прадстаўнікоў розных плямён, насельнікаў рэгіёна Вялікіх азёр, і заклікаў іх да паўстання. Пантыяк спасылаўся на волю Вялікага Духа, выступаў супраць захопу каланістамі традыцыйных паляўнічых тэрыторый, ужыванню індзейцамі алкаголю, еўрапейскіх звычаяў і зброі.
Ваенныя дзеянні супраць брытанцаў пачаліся 7 мая 1763 г. з асады крэпасці Дэтройт. Аднак ваенныя былі папярэджаны індзейцамі, таму здолелі арганізаваць абарону. Канадскія пасяленцы аказвалі дапамогу правіянтам як брытанцам, так і паўстанцам на чале з Пантыякам. 31 ліпеня брытанцы прарвалі аблогу, але актыўныя ваенныя дзеянні працягваліся да кастрычніка. З часткай набліжаных Пантыяк адступіў на поўнач Агая, дзе працягваў напады на брытанскія гарнізоны. Улетку 1766 г. брытанцы ўвялі ў Агая дадатковыя войскі і такім чынам зрабілі супраціўленне індзейцаў рызыкоўным. Правадыры мясцовых плямён разам з Пантыякам сустрэліся з брытанскім камандаваннем і заключылі дагавор аб замірэнні.
У 1768 г. Пантыяк разам з групай атава перасяліўся на тэрыторыю сучаснага штата Індыяна, пры гэтым згубіў становішча правадыра. 20 красавіка 1769 г. ён быў забіты прадстаўнікамі племені каскаскія.
У гонар Пантыяка названыя гарады ў штатах Мічыган, Ілінойс, Індыяна, а таксама ў канадскім Квебеку. Акрамя таго, імя Pontiac насіла таксама марка легкавых аўтамабіляў кампаніі General Motors, якая выпускалася з 1926 г. да 2010 г.
Зноскі
Спасылкі
правіць- Ottawa Chief Pontiac Архівавана 20 студзеня 2018.
- Pontiac`s Rebellion — United States History