Сялянства

(Пасля перасылкі з Селянін)

Сялянства (ад бел. селянін — жыхар сяла, вёскі) — традыцыйная сацыяльная група непасрэдных сельскагаспадарчых вытворцаў, якія вялі гаспадарку сіламі сваёй сям'і, уласнымі прыладамі і цяглавай сілай на сваёй або арандаванай зямлі; карысталіся пэўнымі правамі і неслі абавязкі (павіннасці); мелі ўласцівыя ім псіхалагічныя рысы: прыхільнасць да традыцыі ў вытворчасці, побыце, свядомасці, схільнасць да мясцовай замкнутасці і г.д.

Селянін на раллі, Германія (2004)

Ва ўсіх дакапіталістычных і раннекапіталістычных грамадствах сялянства складала асноўную частку насельніцтва і аказвала значны ўплыў на іх гісторыю. 3 прагрэсам вытворчых сіл і развіццём грамадскага падзелу працы сяляне ўцягваліся ў сацыяльна-эканамічныя сувязі, што ствараліся таварна-грашовымі адносінамі, і падвяргаліся сацыяльнаму расслаенню. 3 іх асяроддзя ў значнай ступені сфарміраваліся класы гарадскіх наёмных работнікаў і прадпрымальнікаў.

3 глыбокай старажытнасці існаваў комплекс сацыяльна-эканамічных і палітычных праблем, звязаных з сялянскім землекарыстатем і землеўладаннем і канфліктамі паміж сялянствам і іншымі катэгорыямі землекарыстальнікаў (землеўладальнікаў) — т.зв. аграрнае пытанне. Для яго вырашэння на працягу ўсёй гісторыі дзяржаўнай формы грамадства праводзіліся і праводзяцца шматлікія аграрныя рэформы, якія ў залежнасці ад таго, якія сацыяльна-палітычныя сілы іх праводзяць, маюць розны змест і па-рознаму адбіваюцца на лёсах сялян.

У развітым рыначным грамадстве сялянства — адносна нешматлікі сацыяльны слой (так, у сельскагаспадарчай вытворчасці Германіі ў 1990-я г. было занята 6 % працаздольнага насельніцтва, Нідэрландаў — 4 %, Вялікабрытаніі — 1,2 %). У адных з гэтых краін амаль завершаны, у іншых працягваецца працэс замены традыцыйных сялянскіх гаспадарак на чыста капіталістычныя фермерскія і памяншэння колькасці сялянства. Як і раней, сялянства складае зачную частку эканамічна актыўнага насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца (у 1990-я г. ў Індыі 65 %, Кітаі 60 %, Кеніі каля 80 % і г.д.).

3 разбурэннем пазямельнай абшчыны сялянства розных краін здаўна аб'ядноўваецца ў пэўныя формы сельскагаспадарчай кааперацыі. У СССР фарсіраванае каапераванне сельскай гаспадаркі адбывалася ў выглядзе калектывізацыі. 3 развіццём індустрыялізацыі колькасць сельскага насельніцтва тут значна паменшьшася (34 % у 1987). У былых рэспубліках СССР з ліквідацыяй сацыялістычных эканамічных і грамадскіх адносін далейшы лёс фактычна рассяляненага сельскага насельніцтва залежыць ад шляхоў і поспеху праводзімых рыначных рэформ.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць