Сенаа́р (стар.-яўр.: שִׁנְעָר Šin`ar краіна рэк, у Септуагінце — Σενναάρ, Sennaar) — згаданая ў Старым Запавеце мясцовасць у Двурэччы.

У Кнізе Быццё (10:10) гаворыцца, што спачатку царства Німрода складалі «Вавілон, Эрэх, Акад і Халнэ, у зямлі Сенаар». У наступнай главе (11:2), сказана, што чалавецтва, якое ўсё яшчэ размаўляла на адной мове, пасля Патопу пасялілася ў Сенаары, дзе і пачалося будаўніцтва Вавілонскай вежы. Далей у Кнізе Быццё (14:1-9) згадана кіраванне вавілонскага цара Амрафела ў Сенаары. Сенаар ужываецца ў якасці сіноніма Вавілоніі ў Кнізе Ісуса Навіна (7:21), Кнізе прарока Ісаі (11:11) і Кнізе прарока Захарыі (5:11).

Калі Сенаар уключаў Вавілон і Эрэх, то, хутчэй за ўсё, мелася на ўвазе паўднёвая частка Вавілоніі. Праблема этымалагічнай адпаведнасці слова Сенаар з акадскім словам Шумер (уласна транслітараваныя стар.-яўр.: Šin`ar і акад.: Šumeru, экзаэтнонім шумераў) з'яўляецца прадметам розных спрэчак і спекуляцый. Егіпецкім абазначэннем Вавілоніі/Месапатаміі было Sngr (Sanagara)[1], што атаясамляецца Сэйсам з Sanhar таблічак Амарнскага архіва[2].

Зноскі

  1. згадваецца ў кантэксце азіяцкіх заваяванняў Тутмаса III; W. Max Müller, "Asien und Europa, " 1893, p. 279, спасылка па Яўрэйскай энцыклапедыі
  2. «Proc. Soc. Bibl. Arch.» 1896, xviii. 173 et seq.; "Patriarchal Palestine, " 1895, pp. 67 et seq., спасылка па Яўрэйскай энцыклапедыі

Спасылкі правіць