Кніга «Быццё» (іўр.: בְּרֵאשִׁית, Бэ-рэшы́т — «У Пачатку»; лац.: Genesis; стар.-грэч.: Γένεσις — «Паходжанне») — кніга, якой адкрываецца кананічны звод Старога запавету. Створана ў 5 ст. да н.э. на старажытнаяўрэйскай мове, у 2 ст. да н.э. перакладзена на грэчаскую мову і названа «Генезіс», г.зн. «Паходжанне».

Быццё
בְּרֵאשִׁית (Бэ-рэшыт — «У Пачатку»)
Аўтар Майсей
Жанр Свяшчэннае Пісанне
Мова арыгінала старажытнаяўрэйская
Серыя Біблія / Стары Запавет / Пяцікніжжа
Цыкл Тора і Pentateuch[d]
Наступная Зыход

У гэтай кнізе выкладаецца гісторыя стварэння Богам свету і чалавека, распавядаецца пра Адама і Еву, іх грэхападзенне, пра першых патрыярхаў, Іосіфа Прыгожага і пра егіпецкі палон, у якім знаходзіўся яўрэйскі народ. Апісваецца гісторыя чалавецтва да Патопу і пасля яго, а таксама сам Патоп. Падзеі даведзены да часоў легендарных патрыярхаў Аўрама, Ісака і Якава. Смерцю апошняга і яго сына Іосіфа завяршаецца апавяданне ў кнізе «Быццё».

Бог стварыў свет за шэсць дзён. У першы дзень было створана святло і аддзелена ад цемры, у другі дзень утворана неба і аддзелена вада нябесная ад вады зямной, у трэці дзень раздзелены суша і мора, а таксама створана расліннасць. У чацвёрты дзень Бог пачаў упрыгожваць, засяляць Зямлю, зрабіўшы яе зручнай для жыцця. Ён стварыў свяцілы (Сонца, Месяц і зоркі) для асвятлення Зямлі і для разліку часу. У пяты дзень Ён засяліў водную стыхію і паветра рыбамі і птушкамі, у шосты дзень стварыў жывёл і чалавека. Бог убачыў, што атрымалася добра, і прызначыў чалавека быць уладаром над усім зямным светам. Закончыўшы працу, Бог аддаў сёмы дзень адпачынку, блаславіў і асвяціў яго. Тут заключаны глыбокі сэнс: рэлігійны сюжэта паказвае паслядоўнасць эвалюцыі Космасу і жыцця, паэтапнасць утварэння розных касмічных, прыродных формаў. А «дзень» Бога неабходна разумець метафарычна: «дзень у Бога як тысяча гадоў», інакш кажучы, «дзень» — нейкі перыяд.

Свет гарманічны і прыгожы, бо створаны Богам. Чалавека ж Бог стварае падобным да сябе, чалавек падобны да Бога сваім творчым патэнцыялам, яму даравана свабода выбару, ён свабодны, як і Бог, і гэтым адрозніваецца нават ад анёлаў. Але прырода чалавека дваістая, бо цела яго — матэрыяльнае, ён створаны з зямлі (Адам па-яўрэйску «чырвоная зямля»). Першачалавека Адама сімвалічна неабходна разглядаць як увасабленне ўсяго чалавецтва. Жонка яго Ева — сімвал матэрыяльнага аспекту жыцця, яна маці ўсяго Існага. 3 духоўнага пункту гледжання Ева — антыпод Дзевы Марыі, духоўнай Маці ўсіх людзей.

Бог пасяліў першую чалавечую пару ў садзе Эдэм (у старажытнаславянскай мове перакладзена як Рай), каб чалавек даглядаў яго і ахоўваў, дазволіўшы Адаму і Еве есці любую садавіну з дрэў саду, акрамя плода з Дрэва спазнання дабра і зла. Змей спакушае Еву парушыць забарону. Змей у хрысціянскай традыцыі лічыцца ўвасабленнем зла, спакушальнікам, д'яблам. Бог праклінае змея і выганяе першалюдзей з Эдэма. 3 таго часу наканаванне Адама — у поце здабываць хлеб свой, а Евы — у пакутах нараджаць дзяцей.

Сюжэт пра грэхападзенне, нягледзячы на знешнюю займальнасць, надзвычай складаны ў філасофскім сэнсе, і яго неабходна разумець алегарычна. Грэх першалюдзей у тым, што яны зрабілі ўчынак паводле волі, супрацьлеглай волі Бога, таму выйшлі са сферы закону, пакладзенага Богам у аснову свету. У чалавека з'явілася функцыя спазнання, функцыя розуму, які, аднак, не ўсёмагутны. Першародны грэх сказіў сапраўднасць чалавека, створанага нявінным, бязгрэшным.

Пасля выгнання з раю Адам і Ева сталі жыць на Зямлі і працаваць. У іх нараджаюцца дзеці. Адзін з сыноў, Каін, робіцца земляробам, другі, Авель, — пастухом. Раззлаваўшыся на брата за тое, што яго ахвяра больш падабаецца Богу, Каін забівае Авеля. Гэта другі грэх чалавецтва — братазабойства. Ад яго — усе канфлікты, злачынствы, войны.

Пасля забойства Авеля Адам сто трыццаць гадоў не набліжаўся да Евы. Але аднойчы Анёл параіў яму пачаць зноў жыць з жонкай. Нарадзіўся трэці сын — Сіф, які ўвасабляе шчодрае і любячае чалавечае сэрца.

Нашчадкі Каіна былі пакараны Сусветным Патопам. Гэта алегарычная карціна пагібелі цывілізацыі, разбурэння культуры. Але сапраўды каштоўнае выратоўваецца ў каўчэгу. У Сіфа быў бязгрэшны нашчадак — Ной, такі ж любімы Богам, як і Сіф. Ной пабудаваў каўчэг і выратаваўся ў ім са сваёй сям'ёю. Пасля выратавання Ной першы заняўся земляробствам. Адам памёр, калі яму было 950 гадоў. Ад яго сыноў паходзяць усе народы Зямлі: ад Сіма — семіты (аліўкавая раса), ад Хама — афрыканцы (чорная раса), ад Яфета — еўразійскія народы (белая раса).

Шматлікія нашчадкі Ноя спачатку гаварылі на адной мове. I вырашылі яны пабудаваць вежу да неба ў мясцовасці пад назвай Вавілон (у перакладзе «Брама Бога»). Бог абурыўся такім нахабствам і аднойчы зрабіў так, што ўсе будаўнікі загаварылі на розных мовах. Пачалася неразбярыха, бязладдзе («вавілонскае перамяшэнне», «вавілонскі вэрхал»), і будаўніцтва засталося незакончаным.

Пасля гісторыі пра Патоп і пра Вавілонскую вежу ў кнізе «Быццё» распавядаецца пра першапродкаў яўрэйскага народа: Аўраама, яго сына Ісака, унука Іакава. Аповед пра сына Іакава — Іосіфа Прыгожага — сюжэт пра няшчасці, пакуты, прыгоды чалавека, нарэшце ўзнагароджанага за праведнае жыццё. Лёс Іосіфа — парадыгма чалавечага лёсу ўвогуле. Бацька з усіх сыноў найбольш любіў сына ад любімай жонкі — прыгожага, добрага, разумнага Іосіфа. Зайздроснікі-браты прадаюць Іосіфа ў рабства. Ён трапляе ў Егіпет і служыць у доме, дзе жонка гаспадара заляцаецца да яго, а пасля сваёй няўдачы яго ж і абвінавачвае ў згвалтаванні. Іосіфа кідаюць у засценак. У турме ён разгадвае сны іншых вязняў, і яны спраўджваюцца. У гэты час фараон бачыць незвычайны сон пра сем тлустых і сем худых кароў. Ніхто не можа растлумачыць сон, акрамя Іосіфа. Ён прадказвае надыход сямі ўраджайных гадоў і сямі галодных, дае парады, як дзяржаве неабходна падрыхтавацца. Узрадаваны фараон робіць Іосіфа сваім першым міністрам. Калі сапраўды надышоў голад і суседнія народы пацягнуліся ў багаты Егіпет, Іосіф сустрэўся з братамі, дараваў ім і пакінуў іх каля сябе, бо не хацеў памятаць благое. На ім ляжала місія: у цяжкі момант выратаваць свой народ.

Цесна звязаная сваім зместам з усім Пяцікніжжам Майсея, Кніга «Быццё» ўяўляе сабой своеасаблівыя ўводзіны да наступных біблейскіх кніг («Выхад», «Левіт», «Лічбы» і «Другі закон»), змест якіх прысвечаны апісанню станаўлення і развіцця жыцця шматпляменнага старажытнаяўрэйскага народа і зараджэнню ў ім прыкмет арганізаванага грамадскага ладу з уласцівай яму сістэмай светапогляду, традыцый і заканадаўства, прасякнутых міфалагічнымі ўяўленнямі, характэрнымі не толькі яму, але і іншым старажытным народам тагачаснага Блізкага Усходу. Змест, вобразы, сюжэты кнігі «Быццё» шырока выкарыстоўваліся ў фальклоры, літаратуры і мастацтве.[1]

Пераклады

правіць

Зноскі

  1. Скарына Ф. Творы:... С. 157—158.

Літаратура

правіць
  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 157—158. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
  • Шамякіна Т. Біблія // Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ: для ст. шк. узросту / Таццяна Шамякіна. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 257—280. ISBN 978-985-02-0925-2.