Скарына (выдавецтва)

выдавецтва
У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Выдавецтва «Скарына» (па-англійску: Skaryna ці Skaryna Press) — беларускае выдавецтва ў Лондане. Заснавана 6 жніўня 2022 беларускім і брытанскім выдаўцом, гісторыкам, бібліятэкарам Ігарам Івановым і яго аднадумцамі[1]. Выдавецтва спецыялізуецца на беларускамоўнай літаратуры. У перспектыве выданне кніг на іншых мовах[2].

Выдавецтва «Скарына»
Заснаванне 6 жніўня 2022
Заснавальнікі Ігар Іваноў
Размяшчэнне Лондан, Вялікабрытанія
Адрас
Ключавыя постаці Ігар Іваноў, Караліна Мацкевіч, Ганна Комар, Таццяна Астроўская, Уладзіслаў Гарбацкі
Дэвіз Кнігі ствараюць супольнасць
Сайт skarynapress.com

Гісторыя

правіць

У беларускага замежжа — доўгая гісторыя і багатая традыцыя. Лондан займае асаблівае месца ў гэтай гісторыі: тут друкаваў кнігі Ян з Літвы, прыдумаў «ŭ» Аляксандр Рыпінскі, ствараў багатую літургічную спадчыну Аляксандр Надсан.

Выдавецтва «Скарына» было створана групай аднадумцаў у 2022 годзе, каб працягваць і ўзбагачаць гэтую традыцыю, адлюстроўваць патэнцыял беларускага замежжа, і наладжваць сувязі паміж аўтаркамі і чытацтвам у Беларусі і за яе межамі[3].

Выдавецтва адрозніваецца мабільнасцю, часта наведвае свае чытацтва па свеце: у Польшчы, Літве, Германіі, Грузіі. Слоганам выдавецтва з’яўляецца выраз «Кнігі збіраюць супольнасць»[4].

Першымі кнігамі «Скарыны» сталі паэтычны зборнік Ганны Комар «Мы вернемся» (гэты цудоўны паэтычны дакумент Беларусі 2022—2021 гадоў не мог выйсці ў Беларусі, таму рыхтаваўся маскоўскім выдавецтвам і быў падхоплены «Скарынай») і цудоўны пераклад украінскага тытана беларускага паходжання Агатангела Крымскага «Бейруцкія апавяданні»[5].

На старонцы выдавецтва пазначаны тры галоўныя прынцыпы дзейнасці, своеасаблівая місія:

  • Асветніцтва — жаданне казаць непрамоўленае або — наўмысна ці ненаўмысна — забытае, а таксама захоўваць, распаўсюджваць і памнажаць традыцыі і дасягненні, што ўзніклі ў беларускім замежжы;
  • Супраціў цэнзуры і абмежаванням свабоды творчасці, каб быць пляцоўкай для вольнага абмену думкамі;
  • Сучаснасць — ствараць і выдаваць кнігі па-новаму, тут і цяпер, каб яны разляталіся па ўсім беларускім сусвеце і жылі доўгім жыццём[6].

Крыніцы

правіць
  1. Нарадзілася новае беларускае выдавецтва «Скарына», Новы Час, 24.11.2022
  2. Угодкі выдавецтва «Скарына»: Што зроблена і што плануецца, Новы Час, 5.08.2023
  3. Пра нас, Старонка выдавецтва «Скарына», https://www.skarynapress.com/pra-nas/%D0%BF%D1%80%D0%B0-%D0%BD%D0%B0%D1%81 Архівавана 5 жніўня 2023.
  4. «Не ўсё, чым хочаш займацца прафесійна, дае табе заробак». Размова з кіраўніком выдавецтва Skaryna Press у Лондане, Радыё Свабода, 17 снежня 2022, https://www.svaboda.org/a/32179417.html
  5. Угодкі выдавецтва «Скарына»: Што зроблена і што плануецца, Новы Час, 5.08.2023, https://novychas.online/kultura/uhodki-vydavectva-skaryna-szto-zroblena-i-szto
  6. Пра нас, Старонка выдавецтва «Скарына», https://www.skarynapress.com/pra-nas/%D0%BF%D1%80%D0%B0-%D0%BD%D0%B0%D1%81 Архівавана 5 жніўня 2023.