Скачкі ў ваду
Скачкі́ ў ваду́ — спаборніцтвы сярод мужчын і жанчын па скачках з вышкі і трампліна ў ваду.
Складаюцца з серый абавязковых і адвольных скачкоў з трампліна (вышыня 1 і 3 м) і вышкі (5, 7,5 і 10 м). Існуюць 6 афіцыйных катэгорый скачкоў: з пярэдняй стойкі ўперад і назад, з задняй стойкі ўперад і назад, з вінтамі і са стойкі на руках (толькі з вышак). Скачкі ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.
Як від спорту ўзніклі ў сярэдзіне ХІХ ст. у Германіі. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1904 (мужчыны) і 1912 (жанчыны). Першы чэмпіянат Еўропы праведзены ў 1926, чэмпіянат свету — у 1973.
Найбольш пашыраны ў Кітаі, ЗША, Германіі, Італіі, Мексіцы, Расіі і інш.
Літаратура
правіць- Петрыкаў А. Скачкі ў ваду // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).