Снегапад — выпадзенне снегу з аблокаў.

Снегапад у Мурманску

Снегапад характарызуецца інтэнсіўнасцю, г. зн. колькасцю ападкаў у мм пласта вады за гадзіну ці суткі. Інтэнсіўнасць слабага снегападу менш за 0,1 мм/г, сярэдняга 0,1—1 мм/г, моцнага (густога) — больш за 1 мм/г.

Лік сняжынак у 1 м³ паветра пры слабым снегападзе складае менш за 10, пры сярэднім 10—100, пры густым больш за 100 і можа дасягаць многіх тысяч.

Працягласць снегападу звычайна адваротна прапарцыйная яго інтэнсіўнасці.

Пры слабым снегападзе гарызантальная бачнасць (калі няма іншых з’яў — імглы, туману і да т. п.) складае 4—10 км, пры ўмераным 1—3 км, пры густым — менш за 1000 м.

Снегапад без ветру называюць спакойным снегападам, пры ветры — верхавой мяцеліцай. Па хуткасці падзення сняжынак кажуць аб лунанні ў паветры (менш за 0,1 м/с), павольным асяданні (0,1—0,3 м/с), умеранай хуткасці падзення (0,4—0,8 м/с) і хуткім падзенні (звыш 0,8 м/с).

Па вільготнасці часціц снегападу адрозніваюць сухія, вільготныя (прыліпаюць да прадметаў) і мокрыя (растаюць пры ўдары).

У залежнасці ад умоў і характару выпадзення снегу на метэастанцыях вылучаюць некалькі відаў снегападу: дождж са снегам (пры станоўчай тэмпературы паветра), снег з дажджом (пры тэмпературы каля 0 °C), дробны снегапад, вялікі снегапад, ліўневы снегапад або снежны лівень, снежны шквал або снежны зарад, снег пры ясным небе.

Моцныя снегапады часцяком прыводзяць да заносаў на дарогах, могуць прыводзіць да абрыву ліній электраперадачы, пашкоджання будынкаў і г. д. Моцныя снегапады ў гарах прыводзяць да няўстойлівасці снежнага полага на схілах і сходу лавін.

Вельмі моцны снегапад — працяглае інтэнсіўнае выпадзенне снегу з аблокаў, якое прыводзіць да значнага пагаршэння бачнасці і цяжкасці руху транспарту (колькасць ападкаў 20 мм і больш за 12 гадзін). Моцныя снегапады (снежныя заносы) паралізуюць транспарт, выклікаюць пашкоджанне дрэў, ліній электраперадач, будынкаў (ціск пласта снегу). За перыяд шматгадовых назіранняў сярэднія максімальныя за зіму нагрузкі могуць перавышаць 250 кг/м², нагрузкі ад разавых снегападаў — 100 кг/м², а паблізу ад вобласці ўстойлівага снегавога полага — нават удвая больш, чым праявы стыхійных сіл прыроды ў зімовы перыяд. Яны ўзнікаюць у выніку багатых снегападаў, якія могуць працягвацца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Заносы ўплываюць на працу транспарту, камунальна-энергетычнай гаспадаркі, устаноў сувязі, сельскагаспадарчых аб’ектаў. Моцныя мяцеліцы — перанос снегу над паверхняй зямлі моцным ветрам (магчыма, у спалучэнні з выпадзеннем снегу), які прыводзіць да пагаршэння бачнасці, заносу транспартных магістраляў, поўнага спынення руху транспарту (працягласць не менш за 12 гадзін пры сярэдняй хуткасці ветру 15 м/с і больш). Чым слабейшая завіруха (невысокая хуткасць ветру), тым больш доўгі час яна можа працягвацца. Слабыя і звычайныя мяцеліцы доўжацца да некалькіх сутак, больш моцныя — да некалькіх гадзін. Наступствам мяцеліцы таксама з’яўляюцца снежныя заносы.

Літаратура

правіць
  • Гляциологический словарь / Под ред. В. М. Котлякова. — Л.: Гидрометеоиздат, 1984. — 527 с.