Сотнік
Со́тнік — начальнік ваеннага падраздзялення («сотні»), пазней афіцэрскі чын, а таксама службовая асоба, начальнік адміністрацыйных і тэрытарыяльных адзінак розных (у асноўным, усходнеславянскіх) дзяржаў і часоў:
- Асоба, якая ўзначальвала сотню ў войску Кіеўскай Русі 9—11 ст. і іншых княствах усходніх славян, а таксама ў стралецкім войску Расійскай дзяржавы ў 16—17 ст.
- Службовая асоба гарадскога самакіравання Беларусі ў 16—18 ст., якая ўзначальвала сотню. Сотнік выбіраўся з заможных мяшчан і падпарадкоўваўся войту. Сачыў, у т.л. праз падначаленых яму дзесятнікаў, за выкананнем мяшчанамі павіннасцей, выплатай падаткаў і іншым. Сотнік абавязаны быў з'яўляцца на чале сотні на замкавыя работы і для абароны замка ад непрыяцеля; прымаў удзел у пасяджэннях гарадской рады, хоць не ўваходзіў у склад магістрата, без згоды сотніка войт не меў права прымаць важныя рашэнні.
- Начальнік адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сотні на Украіне ў 16—18 ст. Меў шырокія ваенныя, адміністрацыйныя, судовыя і фінансавыя паўнамоцтвы. Напачатку выбіраўся казакамі, пазней прызначаўся гетманам ці палкоўнікамі з ліку старшыны, пасля 1764 — прэзідэнтам маларасійскай калегіі. Пасля ліквідацыі аўтаномнасці (1765—80) пасада сотніка была скасавана.
- Воінскае званне ў рэестравым казацкім войску (частка ўкраінскага казацкага войска, якое знаходзілася ў 16—17 ст. на ваеннай службе ў Рэчы Паспалітай і было ўнесена ў асобы спіс-рэестр).
- Обер-афіцэрскі чын у казацкіх войсках Расійскай імперыі, адпавядаў чыну паручніка ў рэгулярных войсках.
Літаратура
правіць- Сотнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 90. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).