Справа БелТА — крымінальны працэс у Беларусі па абвінавачанні журналістаў у несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі, здзейсненым з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды (ч. 2 арт. 349 КК). Нагодай да ўзбуджэння справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелТА» пра збоі ў доступе да платнай падпіскі паслуг, якія падаваліся аднаму з заказчыкаў[1].

Ход падзей правіць

7 жніўня ў офісы TUT.BY і БелаПАН прыйшлі прадстаўнікі Следчага камітэта з вобыскам. У той жа час на допыт былі вывезены некаторыя супрацоўнікі выданняў[1]. Для допыту ў СК былі адпраўлены рэдактар БелаПАН Андрэй Серада, які ў момант вобыску ўжо знаходзіўся на працоўным месцы і правёў у рэдакцыі амаль увесь дзень, і міжнародны аглядальнік агенцтва Таццяна Каравянкова. Для допыту выклікалі чацвярых супрацоўнікаў TUT.BY — галоўнага рэдактара Марыну Золатаву, гендырэктара TUT.BY Людмілу Чэкіну, рэдактараў Дзмітрыя Бобрыка, Ганну Ермачонак, Галіну Уласік, Ганну Калтыгіну, Ульяну Бабаед, экс-супрацоўніцу рэдакцыі Яўгенію Беразюк[2].

З офіса TUT.BY забралі з дзясятак сістэмных блокаў, прычым не толькі тых журналістаў, якіх выклікалі на допыт, аналагічная сітуацыя і ў рэдакцыі БелаПАН, дзе вобыск доўжыўся каля васьмі гадзін[2].

У СК заявілі, што супраць журналістаў узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 КК (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды). Нагодай да ўзбуджэння справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелТА» пра збоі ў доступе да платнай падпіскі паслуг, якія падаваліся аднаму з заказчыкаў[1].

Увечары ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» прадэманстравалі запіс тэлефоннай гутаркі галоўнага рэдактара TUT.BY Марыны Золатавай і яе падпарадкаванай Ганны Калтыгінай, у якім прагучала фраза, якая тычыцца падпіскі на рэсурс «БелТА» — «Мы яе юзаем, мы яе тырым»[2].

Заснавальнік партала TUT.BY Юрый Зісер у сваім допісе на Facebook адзначыў[2]:

  З раніцы палітыка не была прыкметная. Аднак да канца дня падзея атрымала такія касмічныя маштабы адлюстравання ў розных дзяржаўных СМІ, зусім неадпаведныя сутнасці справы, што палітычная падаплёка стала відавочнай.  

8 жніўня з’явіліся паведамленні пра вобыскі і затрыманні іншых журналістаў, якія працуюць у розных выданнях. Раніцай на допыт выклікалі журналіста Паўлюка Быкоўскага, які супрацоўнічаў з нямецкім агенцтвам Deutsche Welle, пазней у камітэт на допыт забралі галоўнага рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага і трох журналістаў выдання Ігара Хмару, Марыю Сароку, Алену Маслоўскую, а таксама фрылансера Аляксея Жукава[2].

9 жніўня па «справе БелТА» затрымалі галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну. У гэты ж дзень з-пад варты былі вызвалены Галіна Уласік, Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак, Аляксей Жукаў і Таццяна Каравянкова.

27 верасня ў якасці сведкі быў дапытаны выконваючы абавязкі дырэктара БелаПАН Зміцер Наважылаў. З яго ўзятая падпіска аб неразгалошванні[3]

5 лістапада чатыром супрацоўнікам партала TUT.BY было выстаўлена абвінавачванне[4].

Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампенсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў[5].

Суд над Золатавай правіць

Першапачаткова галоўнага рэдактара TUT.BY падазравалі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, зроблены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) і ч. 2 арт. 425 КК (Бяздзейнасць службовай асобы). Але абвінавачванне было прад’яўлена па апошняй. Яна стала адзінай з 15 журналістаў і рэдактараў некалькіх СМІ, якія праходзілі па справе, чыя справа дайшло да суда і ў дачыненні да каго следства не спыніла крымінальны пераслед[6].

Урэшце галоўнага рэдактара TUT.BY Марыну Золатаву абвінавацілі паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бяздзейнасць службовай асобы»). Суд Заводскага раёна Мінска (суддзя — Аляксандр Петраш) 4 сакавіка 2019 года прызнаў Золатаву вінаватай і прысудзіў да штрафу ў памеры 300 базавых велічыняў (7 650 рублёў). Суддзя таксама пастанавіў спагнаць з Золатавай 6 тысяч рублёў на карысць БелТА за паслугі адвакатаў[6].

У заключным слове Золатава заявіла[6]:

  Гэты працэс адбіўся не столькі на рэпутацыі Tut.by, колькі на рэпутацыі ўсіх яго ўдзельнікаў, уключна з рэпутацыяй дзяржаўных СМІ. А Беларусь зноў з’явілася ў загалоўках замежных медыя як дзяржава, дзе падаўляецца свабода слова. Медыясупольнасць унутры краіны аказалася расколатай, паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ вырасла сцяна. Гэта сведчыць пра тое, што той, хто прыдумаў гэты працэс, не вельмі сабе ўяўляў магчымыя наступствы.  

Міжнародная рэакцыя правіць

8 жніўня медыякампанія Deutsche Welle накіравала паслу Беларусі ў ФРГ Дзянісу Сідарэнку пратэст у сувязі з затрыманнем у Мінску карэспандэнта рускай рэдакцыі DW Паўлюка Быкоўскага і запатрабавала яго неадкладнага вызвалення[8].
  ЗША: Пасольства ЗША ў Беларусі выступіла з афіцыйнай заявай наконт ператрусаў і арыштаў журналістаў у Беларусі, у якой выказала занепакоенасць з нагоды арыштаў журналістаў і ператрусаў, праведзеных уладамі ў офісах незалежных выданняў, і заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх журналістаў і забяспечыць правы грамадзян на свабоду слова і свабоду СМІ[9].

Заўвагі правіць

  1. а б в Задержания журналистов по «делу БЕЛТА»(недаступная спасылка) Архівавана 9 верасня 2018.
  2. а б в г д Второй день штормит белорусское медиасообщество: на допрос по делу о несанкционированном доступе к информации БелТА вызваны десятки человек из различных СМИ и ресурсов.
  3. Барбарыч, Генадзь. Справа «БЕЛТА» набірае новыя абароты(недаступная спасылка). Радыё Рацыя (27 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2020. Праверана 27 верасня 2018.
  4. Фігурантам «справы БелТА» пачалі выстаўляць абвінавачанні. Наша Ніва (5 лістапада 2018).
  5. «Той, хто ўсё прыдумаў, не ўяўляў сабе наступстваў». Апошняе слова Марыны Золатавай у судзе
  6. а б в Галоўнага рэдактара Tut.by аштрафавалі на 7650 рублёў, але не забаранілі займаць пасаду
  7. Федэрыка Магерыні асабіста заклікала беларускія ўлады вызваліць журналістаў(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2022. Праверана 9 жніўня 2018.
  8. а б МИД ФРГ встал на защиту журналистов, DW направила протест послу Беларуси из-за задержания Быковского. Архівавана 9 жніўня 2018.
  9. Амбасада ЗША заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых журналістаў. Радыё Свабода (9 жніўня 2018). Праверана 9 жніўня 2018.