Стралецкая вуліца (Полацк)

Стралецкая вуліца — вуліца ў цэнтральнай частцы Полацка. Пачынаецца на захадзе гістарычнага Вялікага пасада і цягнецца да паўночнай часткі Ніжняга замка.

Стралецкая вуліца
Полацк
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Горад Полацк
Мікрараён Цэнтр
Працягласць 680 м
Паштовы індэкс 211415
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Да стварэння Ніжняга замка ў XVI стагоддзі на месцы вуліцы існаваў пасад старажытнага Полацка. На Ніжнім замку ў раёне сучаснай вул. Стралецкай Л. Д. Побалем было закладзена 5 шурфоў на адлегласці 50 м ад Верхняга замка. Зафіксаваны культурны пласт магутнасцю 1,5 м. У шурфе № 3 выяўлены кавалак шклянога пярсцёнка ХІ — ХІІ стст.. У астатніх шурфах зафіксавана кераміка, не ранейшая за XV ст.[1]

У канцы вуліцы ў XII існавала каменная царква і могілкі. Падчас раскопак, зладжаных Штыхавым і Побалем у 1959 г., тут былі знойдзеныя рэшткі будаўнічага смецця (кавалкі плінфы і цамянкі). У 1976—1977 гг. раскопкамі Рапапорта былі знойдзены адломкі каменнага саркафагу, частка каменнага абразка і шмат пахаванняў ці нават брацкіх магілаў. Рапапорт мяркуе, што тут была пахавальня полацкіх князёў.[2]

На знешнім баку ад вала Івана Грознага — паміж валам і вул. Стралецкай (паўднёвая частка Ніжняга замка) была праведзена шурфоўка. Тут зафіксаваны культурны пласт магутнасцю 3,8 м. У ніжняй частцы гэтага пласта знойдзены раннеганчарны посуд ХІ ст. і 2 сценкі ляпнога гаршка.[1]

Пры раскопках ля дома 23 былі выяўлены рэшткі ювелірнай майстэрні. Тут быў ускрыты развал печы, у якой знаходзіліся фрагменты тыгляў і ліцейнай формы для імітацыі арабскай манеты.[1]

Ля скрыжавання Стралецкай і Ніже-Пакроўскай вуліц, на беразе Дзвіны змяшчалася адна з найстарэйшых полацкіх сінагог, адзначаная на старажытных гарадскіх планах. З дакументаў бачна, што ў XVI—XVII стст. на гэтай вуліцы жыло шмат яўрэяў.[2]

Згодна Рэвізіі 1765 года вуліца мела назву Раждзественская. Яе ж можна атаясаміць з вуліцай Бызыменнай, вядомай па актавым матэр’ялам XVII стагоддзя. Гэта вуліца выходзіла да Ніжняга замка і перавозу праз Дзвіну. Менавіта на ёй былі праведзены археалагічныя раскопкі і выяўлены сляды могілак XVI—XVII стагоддзяў і жылой забудовы XVIII стагоддзя. Вуліца размяшчалася ля царквы Хрыстова Раства, таксама вядомай у гісторыяграфіі як «Царква на рове».[3]

 
Стралецкая вуліца ў 2012 годзе

19 студзеня 1938 года[4] савецкія ўлады надалі вуліцы імя Горкага ў гонар русскага пісьменніка, ганаровага акадэміка АН БССР Аляксея Максімавіча Пяшкова.

У 60-я гады на вуліцы Горкага будуецца стадыён Спартак, для трыбун якога выкарыстоўваюцца валы Ніжняга замка[2].

Рашэннем гарсавету № 171 ад 21.09.1989 г. вуліцы вернута назва Стралецкая.[2]

Забудова правіць

Зноскі

  1. а б в Д. У. Дук. Полацк і палачане (IX – XVIII стст.) (бел.). — ПДУ. — Наваполацк, 2010. — 180 с. — ISBN 978-985-531-122-6.
  2. а б в г Дэйніс Іван Пятровіч. Полацкая даўніна (бел. (тар.)). — Медисонт. — Мінск, 2007. — 330 с. — ISBN 978-985-6530-74-9.
  3. Дук Д. В. (2015). "Городское пространство и социальная топография Полоцка по данным ревизии 1765 года". Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A. Гуманитарные науки [руская]. 9: 7. ISSN 2070-1608. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 снежня 2017. Праверана 6 лістапада 2020.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 снежня 2017. Праверана 6 лістапада 2020.
  4. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі: (па выніках навукова-даследчай работы супрацоўнікаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ў 2019 г.). — Мінск: Медысонт, 2020. — С. 6. — 228 с. — ISBN 978-985-7261-27-7.