Вялікі пасад (Полацк)

Вялікі пасад — найбуйшейшы пасад старажытнага Полацка.

Этымалогія

правіць

Назва «Вялікі пасад» упершыню фіксуецца ў Прывілеі Жыгімонта Старога г. Полацку за 1529 г., але няма сумненняў пра яе больш позняе паходжанне. На думку П. П. Талочкі, назва пасада сведчыць пра наяўнасць «малога пасада», якім з'яўляўся ўмацаваны вакольны горад пачатковага Полацка.

Гісторыя

правіць
 
План Полацка 1707 г.: 1 – Верхні замак, 2 – Ніжні замак, 3 – Вялікі пасад, 4 – рынкавая плошча, 5 – езуіцкі калегіум, 6 – дамініканскі кляштар (?), 7 – Запалоцкі пасад, 8 – Сафійскі сабор, 9 – Чырвоная (Каралеўская) вежа, 10 – Багаяўленскі манастыр

Вялікі пасад сфарміраваўся на аснове старажытнага паселішча (з XI ст. — вакольнага горада), межы якога ён пераўзышоў у другой палове ХІ ст. У ХІ ст. плошча Вялікага пасада па-за межамі вакольнага горада (12,5 га) была каля 50 га. Забудова пасада пачыналася з захаду ад сцяны вакольнага горада (у XII ст. яна страціла сваю фартыфікацыйную функцыю), з поўначы была абмежавана руслам р. Палаты, з поўдня — р. Дзвіна. Натуральнай мяжой пасадскай тэрыторыі з усходу з'яўляўся глыбокі прыродны роў, які быў размешчаны на ўсход ад перакрыжавання вул. Леніна і вул. Ф. Скарыны.

У ХІ — ХІІ стст. тэрыторыя Вялікага пасада стабілізуецца па лініі пасадскага паркана XVI — XVIII стст. Усходнія межы пасада заставаліся практычна нязменнымі на працягу гэтага часу. Аднак працэс забудовы пераходзіць ад экстэнсіўнага да інтэнсіўнага і ўнутраная планіроўка істотна змяняецца.

У пачатку XIV ст. у склад Вялікага пасада ўваходзіць старое гарадзішча.

Забудова

правіць
 
Фрагмент фрэскі «Цуд Св. Георгія» з панарамай гарадскога пасада Полацка. Віленскі касцёл бернардзінцаў, 1580-я

Першыя абарончыя ўмацаванні Вялікага і Запалоцкага пасадаў пад назвай паркан былі ўзведзены каля 1501 г., новы паркан быў пабудаваны ў 1516 г. Грамадзянская забудова пасада гэтага мела выключна драўляны характар да XVII ст., у XVII—XVIII стст. — пераважна драўляны. Увесь гэты перыяд трывалым заставалася размяшчэнне плошчы і межаў гарадскіх сядзіб і пагонны характар забудовы. Большасць жыхароў Вялікага пасада у гэты па-ранейшаму сялілася ў невялікіх драўляных будынках, што можа тлумачыцца высокай шчыльнасцю забудовы.

На пасадзе сяліліся мяшчане, шляхта і духавенства. Паводле рэвізіі 1552 г. на пасадзе месцілася 769 двароў і цэрквы Афанасаўская, Багаслоўская, Багаяўленская, Дабравешчанская, Ільінская, Міхайлаўская, Пятніцкая, Ражаства Хрыстова, Узнясення Хрыстова і Юр'еўская (Св. Георгія). Лакалізацыя цэркваў св. Васіля і Прачысценскай (Багародзіцкай?), а таксама Св. Тройцы і Св. Спаса «ў рынку» на Вялікім пасадзе вельмі верагоднае. На Вялікім пасадзе ў рэвізіі пазначаны вул. Вялікая (частка сучаснай вул. Ніжнепакроўскай), Падольная, Вазнясенская і Вазнясенскі завулак (каля царквы Вазнясення Хрыстова), Ільінская, а таксама «мяш- чанскі» Андронаў завулак (побач з вул. Вялікай і восьмай вежай).

У пачатку XVI ст. быў таксама ўзведзены мураваны будынак полацкай ратушы. На Вялікім пасадзе пры гарадскім рынку ўтвараецца адміністрацыйны цэнтр магдэбургскага Полацка. Сляды сядзіб баяр-шляхты археалагічна зафіксаваны на тэрыторыі Вялікага пасада толькі ў канцы XVI—XVII стст., сярод якіх магчыма лакалізаваць сядзібы асобных прадстаўнікоў шляхецкіх родаў Дарагастайскіх, Друцкіх-Сакалінскіх, Шчытоў, Зяновічаў, Сяляваў.

Знішчэнне

правіць

Узімку 1563 г. Полацк быў захоплены войскамі Івана IV Грознага. З-за непрадбачлівасці полацкага ваяводы Станіслава Давойны падчас аблогі горада маскоўскім войскам абаронцы былі вымушаны спаліць Вялікі пасад. У тым жа годзе, падчас панавання ў горадзе войскаў Івана IV, на частцы тэрыторыі пасада, практычна ў межах былога вакольнага горада, пабудаваны Ніжні замак. Іван IV загадаў князю Пятру Зайцаву і дзяку Барысу Шчокіну зрабіць «горад» «наспех, не мешкая, полое место да и во всем городе изсматривати, да которые места будет пригож поделати».

Вялікі пасад у 1563—1579 гг. уяўляў сабой незаселенае пажарышча. Гэта было зроблена з-за таго, што фартыфікацыйная функцыя Вялікага пасада ў 1563 г. сябе не апраўдала, і Іван IV перасцярог паўтарэнне сітуацыі. Аднаўленне пасада заняло не адзін год. У 1618 г. з усіх цэркваў на Вялікім пасадзе захаваліся цэрквы Ражаства Хрыстова, Св. Ільі, Узнясення Хрыстова і, магчыма, Св. Юр'я. Апошняя лакалізавана «ў полі», г. зн. па-за межамі Вялікага пасада, што, магчыма, сведчыць пра скарачэнне плошчы пасада.

 
Тэрыторыя Вялікага пасада ў пач. XX ст.

Паводле плана Полацка 1707 г., на Вялікім пасадзе былі размешчаны цэрквы Багаяўленская, царква побач з вул. Прабойнай, на поўнач ад плошчы размяшчаўся дамініканскі сабор, на захад — езуіцкі калегіум. У 17331745 гг. каля гарадскога рынка з ратушнай плошчай быў пабудаваны езуіцкі касцёл Св. Стэфана, які становіцца архітэктурнай дамінантай горада і ў якім на манер сярэднявечнай Сафійскага сабора адбываліся соймікі.

Даследванне

правіць

У 1959 г. на тэрыторыі Верхняга замка і Вялікага пасада было закладзена 17 шурфоў з мэтай вызначэння стратыграфіі абодвух помнікаў. У тым жа годзе быў даследаваны катлаван на месцы будаўніцтва дзіцячага садка (сёння ён размешчаны па вул. Ф. Скарыны), які размяшчаўся ў паўночнай частцы пасада на адлегласці каля 0,5 км ад старажытнага полацкага гарадзішча. Былі знойдзены венцы керамічных гаршкоў ХІ — ХІІ стст., арнаментаваны касцяны грэбень, праселкі з ружовага сланца.

У 1968 г. у траншэі цеплатрасы ў раёне вул. Энгельса (цэнтральная частка Вялікага пасада) у ніжнім чорным перадмацерыковым пласце знойдзена кераміка, якая датавалася ХІ — ХІІ стст.

У выніку археалагічнага нагляду за будаўнічымі работамі на тэрыторыі Вялікага пасада быў выяўлены культурны пласт з керамікай ХІ — ХІІІ стст. у раёне доміка Пятра I, на перакрыжаванні вул. Леніна (сучасная Ніжнепакроўская) з вуліцай Свярдлова.

У 1986, 1989—1992, 1996—1997 гг. археолага-архітэктурныя даследаванні на тэрыторыі Вялікага пасада праводзілі Н. І. Здановіч, П. А. Русаў, Г. М. Сагановіч.

Агульная плошча культурных напластаванняў Вялікага пасада, якія былі стацыянарна даследаваны археолагамі, складае 5044 м² і такім чынам яго тэрыторыя з'яўляецца найбольш даследаванай з усіх полацкіх пасадаў.

Літаратура

правіць
  • Полацк і палачане (IX – XVIII стст.) / Д. У. Дук. – Наваполацк : ПДУ, 2010. – 180 с., [22] арк. іл. ISBN 978-985-531-122-6.

Спасылкі

правіць