Стратыгра́фія[1] (лац.: stratum «слой» + грэч. graphō «пішу») — раздзел гістарычнай геалогіі, які вывучае паслядоўнасць фарміравання горных парод, іх першасныя прасторавыя ўзаемаадносіны і геалагічны ўзрост.

Пласты ў правінцыі Сальта (Аргенціна)

Стратыграфія цесна звязаная з палеанталогіяй і геахраналогіяй. У задачу канкрэтных стратыграфічных даследаванняў уваходзіць стратыграфічнае расчляненне геалагічных разрэзаў і вылучэнне стратыграфічных падраздзяленняў) для асобных участкаў зямной кары (стварэнне лакальных (мясцовых) і рэгіянальных стратыграфічных схем), правядзенне іх міжрэгіянальных карэляцый.

Для земляў Беларусі распрацаваныя і створаныя рэгіянальныя стратыграфічныя схемы платформавага чахла і крышталічнага фундамента.

Гісторыя

правіць

Першыя ўяўленні аб адрозненні асадкавых горных парод па часе іх назапашвання звязаны з імем дацкага вучонага Нільса Стэнсена, які адкрыў закон паслядоўнасці напластавання (1669[2]). Фарміраванне стратыграфіі як навукі пачынаецца ў сярэдзіне — другой палове XVIII стагоддзя, калі з’явіліся першыя стратыграфічныя класіфікацыі нямецкіх вучоных І. Г. Лемана (1756), Г. Фюкселя (1762) і А. Г. Вернера (1787), італьянскага даследчыка Дж. Ардуіна (1760), праца «Аб пластах зямных» М. В. Ламаносава (1763)[2]. У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў англійскі вучоны У. Сміт распрацаваў метад раздзялення і карэляцыі асадкавых пластоў на аснове выдзялення характэрных палеанталагічных комплексаў і ўвёў тэрмін «стратыграфія» (1817)[2]. Адны з першых стратыграфічных даследаванняў у ваколіцах Парыжа правялі ў 1808 годзе Ж. Кюўе і А. Браньяр[2]. Першая міжнародная стратыграфічная шкала з паслядоўнасці сістэм (ярусы лічыліся рэгіянальнымі стратонамі) прынятая на 8-й сесіі Міжнароднага геалагічнага кангрэса ў Парыжы ў 1900 годзе на аснове «Хранографа» французскага геолага Э. Рэнеўе[2]. З другой паловы 1950-х гадоў пад эгідай Міжнароднай камісіі па стратыграфіі пачалася падрыхтоўка Міжнароднага стратыграфічнага кодэкса, які быў апублікаваны ў 1976 годзе пад рэдакцыяй геолага Х. Д. Хедберга[2].

У 1977 і 1992 гадах выйшлі ў свет першае і другое выданні Стратыграфічнага кодэкса СССР, у 1983 годзе — Стратыграфічны кодэкс ЗША, у 1994 годзе — Міжнародны стратыграфічны даведнік[3]. У 2006 годзе выдалі свае стратыграфічныя кодэксы — Польшча (польск.: Polskie zasady stratygrafii) і Расійская Федэрацыя (руск.: Стратиграфический кодекс России)[3][3].

Значны ўклад у развіццё стратыграфіі зрабілі французскія вучоныя Э. Ог, М. Жынью, брытанскія вучоныя У. Аркел, Р. І. Мурчысан, А. Седжвік, амерыканскія вучоныя К. Данбар, Х. Хедберг, нямецкія вучоныя І. Вальтэр, О. Шындэвольф, рускія вучоныя А. А. Барысяк, А. П. Карпінскі, А. П. Паўлаў, Д. В. Наліўкін, У. В. Менер, Б. С. Сакалоў, А. І. Жамойда, М. А. Галоўкінскі і інш. Распрацоўка метаду занальнай стратыграфіі, увядзенне ўпершыню ў навуку паняццяў «зона» і «ярус», іх далейшае развіццё звязваюцца з імёнамі А. д’Арбіньі і А. Опеля[3].

На тэрыторыі Беларусі стратыграфічныя даследаванні пачаліся на мяжы XIX—XX стагоддзяў з удзелам рускіх вучоных[4]. Планамерныя даследаванні пачаліся 1927 годзе ў Інстытуце геалогіі[4]. У другой палове XX стагоддзя ў Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускім навукова-даследчым геолагаразведачным інстытуце распрацаваны і абгрунтаваны стратыграфічныя схемы краіны[4]. Удакладненні праходзяць пад кіраўніцтвам Стратыграфічнага камітэта пры Беларускім геалагічным таварыстве[4]. У 2001 годзе выдадзена кніга «Геалогія Беларусі», у якой абагульнены веды па стратыграфіі краіны[3].

Сярод вядомых беларускіх вучоных у галіне стратыграфіі Л. М. Вазнячук, А. С. Махнач, А. В. Фурсенка, М. Ф. Бліадухо, С. А. Кручак, Т. Рылова, Г. К. Хурсевіч, Т. В. Якубоўская, Л. І. Мурашка, А. Ф. Санько, Р. І. Лявіцкая, Д. П. Плакс, А. А. Архіпава, М. В. Вераценнікаў, Я. К. Яловічава, У. І. Талсташэеў і інш.

Крыніцы

правіць
  1. БелЭн 2002.
  2. а б в г д е Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
  3. а б в г д Кутырло, В. Э. 2018.
  4. а б в г БелЭн 2002, с. 200—201.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць