Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут

(Пасля перасылкі з Інстытут геалогіі АН БССР)

Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут (БелНДГРІ) — колішні навукова-даследчы інстытут у Беларусі. Размяшчаўся ў Мінску па вуліцы Купрэвіча, 7.

Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут
Тып арганізацыі навукова-даследчы інстытут[d]
Заснаванне
Дата заснавання 1927
Ліквідацыя
Дата скасавання 2013

Гісторыя

правіць

У складзе Інбелкульта

правіць

У 1922 г. быў адкрыты Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), у складзе якога з 1924 працавала геолага-глебавая камісія. У даследаванні актыўна ўключыліся геолагі М. Ф. Бліадухо, Ф. В. Лунгерсгаўзен, Б. К. Цярлецкі і інш. У сувязі з задачамі, якія былі пастаўлены развіццём народнай гаспадаркі, на базе глебава-геалагічнай камісіі Інбелкульта 1 кастрычніка 1927 года быў створаны Інстытут геалагічных навук. Першым яго дырэктарам стаў М. Ф. Бліадухо. Калі ў канцы 1928 было прынята рашэнне пераўтварыць Інбелкульт ў Акадэмію навук, Інстытут ўвайшоў у структуру створанай Акадэміі. Такім чынам, 1927 стаў годам канчатковага афармлення беларускай геалагічнай навукі.

Інстытут геалагічных навук Беларускай акадэміі навук (1929—1933)

правіць

Ужо ў пачатковы перыяд навуковымі супрацоўнікамі Інстытута была засяроджана ўвага на вырашэнні двух праблем: фундаментальнай — вывучэнні асаблівасцяў геалагічнай будовы тэрыторыі Беларусі і прыкладной — стварэнні мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі. Працуючы сумесна са спецыялістамі горна-геалагічнага аддзела ВСНГ БССР, геолагі Акадэміі ўдзельнічалі ў адкрыцці і даследаванні звыш 300 радовішчаў розных карысных выкапняў. Па ініцыятыве АН БССР у Мінску была прасвідравана ў той час самая глыбокая свідравіна на захадзе СССР глыбінёй у 353,8 м. Да гэтага перыяду адносіцца і зараджэнне ў БССР геафізічнай службы.

Асноўным відам даследаванняў у гэты час была геалагічная здымка, якая праводзілася у розных раёнах БССР пад кіраўніцтвам такіх вядомых навукоўцаў, як Г. Ф. Мірчынк, П. А. Туткоўскі, А. М. Жырмунскі, М. Ф. Бліадухо.

На падставе вялікай колькасці новага фактычнага матэрыялу з'явілася некалькі абагульняючых прац, у якіх дадзена характарыстыка геалагічнай будовы i асаблівасцей рэльефу Беларусі:

  • Бліадухо М. Ф. Матэрыялы да геалагічнага i геамарфалагічнага апісання тэрыторыі БССР
  • Лунгерсгаўзен Ф. В. Уступ у геалогію Беларусі. — Працы Горы-Горацкага навуковага таварыства БАН.- 1930. — Т. 7.

Інстытут геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР (1933—1938)

правіць

У 1933 г. у сувязі з пашырэннем круга навуковых задач інстытут быў перайменаваны ў Інстытут геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР і ў 1936 увайшоў у склад Аддзялення матэматычных і прыродазнаўчых навук. Яго супрацоўнікі вялі работы па праблеме Вялікага Дняпра, ажыццяўлялі геалагічную здымку і інжынерна-геалагічныя пошукі, выяўлялі новыя радовішчы карысных выкапняў. Асаблівая ўвага надавалася вывучэнню падземных вод. Былі дадзены рэкамендацыі па водазабеспячэнні буйных населеных пунктаў, выяўленыя мінеральныя воды (Бабруйск, Мінск). Геафізічныя даследаванні i свідраванні у 19351937 гг. дазволілі высветліць, што частка Палесся ўяўляе сабою тэктанічны прагін.

Інстытут геалогіі АН БССР (1938—1941)

правіць

З 1938 г. асноўныя прыкладныя задачы вырашаліся Геалагічным упраўленнем БССР Геалагічнага камітэта пры СНК СССР. У сувязі з гэтым Інстытут быў пераўтвораны ў Інстытут геалогіі АН БССР і засяродзіў даследаванні на праблемах рэгіянальнай геалогіі, гідрагеалогіі, геалагічнай здымкі і інш. Ужо тады былі сфармуляваны ўяўленні аб наяўнасці на паўднёвым усходзе Беларусі буйной пагружанай структуры — Прыпяцкага прагіну. Для іх праверкі ў 1940 годзе ў вёсцы Давыдаўка Светлагорскага раёна была зроблена свідравіна, якая на глыбіні 844 м упершыню выявіла каменную соль. Вялікую працу па вывучэнні нетраў Беларусі ў пазначаны перыяд правялі А. М. Аўксенцьеў, Г. В. Багамолаў, А. М. Жырмунскі, С. С. Малярэвіч, А. М. Разіна, М. М. Цапенка і інш. З 1940 г. Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзялення прыродазнаўчых і сельскагаспадарчых навук.

Інстытут геалагічных навук АН БССР (1945—1963)

правіць

У гады Вялікай Айчыннай вайны многія спецыялісты Інстытута сышлі на фронт і ў партызанскія атрады. Аднак працы па выяўленні мінеральнай сыравіны не спыніліся: частка беларускіх навукоўцаў вяла геалагічныя працы ў іншых раёнах Савецкага Саюза. У час фашысцкай акупацыі большасць матэрыялаў па геалогіі рэспублікі загінула. У 1942 г. у Казані Прэзідыўм АН БССР даручыў інстытуту распрацоўку тэмы «Выкарыстанне прыродных выкапняў Беларусі пры аднаўленні разбуранай фашысцкімі войскамі народнай гаспадаркі БССР». Ужо ў 1945 г. Інстытут геалагічных навук АН БССР зноў пачаў сваю працу ў Мінску. Узначальваў яго дырэктар А. М. Аўксенцьеў.

З 1947 г. Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзялення фізіка-матэматычных і тэхнічных навук. З гэтага часу вывучэнне нетраў тэрыторыі рэспублікі набыло комплексны характар. Былі пачаты сістэматычныя даследаванні па стратыграфіі, літалогіі, тэктоніцы, палеагеаграфіі, геалогіі антрапагену, геафізікі, геахіміі, гідрагеалогіі, карысных выкапнях. Супрацоўнікамі інстытута І. А. Балабушэвічам, Г. В. Багамолавым, В. К. Галубцовым, З. А. Гарэлікам, Г. І. Кеда, П. А. Кісялёвым, М. Ф. Казловым, Ю. І. Лупіновічам, К. І. Лукашовым, С. С. Маныкіным, А. С. Махначом, А. Я. Стэфаненкам, А. В. Фурсенкам, Ж. П. Хацько, М. М. Цапенка, В. М. Шчарбіной і іншымі быў выдадзены шэраг буйных абагульняючых прац, якія з’явіліся навуковай асновай для геалагічных пошукаў і адкрыццяў радовішчаў нафты, вугалю, гаручых сланцаў, мінеральных вод, жалезных руд, каменнай і калійных солей, будаўнічых матэрыялаў.

Так, у 1955 годзе[1] па праблеме «Палеазой і дакембрый тэрыторыі БССР у сувязі з выяўленнем карысных выкапняў — нафты, прыроднага газу, солей, вугалю, мінералізаваных вод і іншых» выканана тэма «Флора і фаўна палеазою і мезазою БССР». Былі атрыманы дадзеныя па дэталёвым стратыграфічным расчляненні фаўны і флоры дэвонскіх адкладаў БССР. Рэзультаты ў далейшым былі выкарыстаны ў пошукава-разведачных работах. Па праблеме «Мінеральна-будаўнічыя матэрыялы БССР» скончаны працы па тэме «Карбанатныя пароды БССР і іх выкарыстанне», якія ў далейшым мелі важнае значэнне для выкарыстання карбанатных парод у прамысловасці і сельскай гаспадарцы рэспублікі.

1956 год быў адзначаны завяршэннем работ па сярэднепалеазойскіх адкладах Прыпяцкага прагіну[2] (па праблеме «Адзіная стратыграфічная шкала СССР»). Устаноўлена стратыграфічнае расчляненне дэвонскіх адкладаў, якое было абгрунтавана дадзенымі комплекснага палеанталагічнага вывучэння. Усталявана стратыграфічнае знаходжанне саляноснай тоўшчы Прыпяцкага прагіну. На тэрыторыі Прыпяцкага прагіну ўстаноўлены ніжнекаменнавугальныя адклады. Рэкамендавана пастаноўка пошукава-разведачных работ на карбонавыя вуглі ў Прыпяцкім прагіне з пазначэннем найбольш перспектыўных у гэтым сэнсе адкладаў тульскага гарызонту.

У 1957 годзе Інстытут геалагічных навук АН БССР выканаў важныя работы па геалагічнай здымцы, у тым ліку магнітаметрычныя і гравіметрычныя даследаванні. У выніку былі атрыманы каштоўныя матэрыялы, датычныя будовы дакембрыйскага крышталічнага фундаменту і яго патэнцыйнай металаноснасці. У тым жа годзе былі выдадзены знакавыя для далейшых геалагічных даследаванняў рэспублікі манаграфічныя працы:

  • Лукашёв К. И. Геохимические процессы миграции и концентрации элементов в биосфере (15,5 друк. арк.)
  • Махнач А. С., Стефаненко А. Я., Цапенко М. М., Козлов М. Ф. Краткий очерк геологии Белоруссии (10,0 друк. арк.)
  • Палеонтология и стратиграфия БССР. Вып. 2 (21 друк. арк.) — рэзультаты даследаванняў па палеанталогіі і стратыграфіі дэвонскіх, каменнавугальных і юрскіх адкладаў на тэрыторыі Беларусі
  • Щербина В. Н. Вещественный состав и условия образования соленосных отложений северо-западной и западной части Припятского прогиба (7 друк. арк.)[3]

Пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР К. І. Лукашова і кандыната геолага-мінералагічных навук А. Н. Аўксенцьева падрыхтаваны шэраг геалагічных карт для Атласа БССР:

Таксама была складзена Геалагічная карта БССР маштабу 1:1000000, якая ў далейшым была ўключана ў Геалагічную карту СССР.

Асноўнымі публікацыямі Інстытута за 1958 год былі наступныя:

  • Лукашёв К. И. Основы литологии и геохимии коры выветривания (29,4 друк. арк.) — асвечаны найбольш галоўныя генетычныя тыпы радовішчаў кары выветрывання і геахімічныя працэсы іх ўтварэння
  • Лукашёв К. И. Основные вопросы геологии и палеогеографии антропогена (18,0 друк. арк.)
  • Махнач А. С. Древнепалеозойские отложения Белорусской ССР (20,0 друк. арк.)
  • Щербина В. Н. Припятский соляной бассейн (12,0 друк. арк.)
  • Маныкин С. С. Стратиграфия третичных отложений Белоруссии (10,0 друк. арк.)
  • Цапенко М. М., Махнач Н. А. Антропогенные отложения БССР (15,0 друк. арк.)[4]

13 красавіка 1959 Прэзідыум АН БССР прыняў рашэнне аб падзеле Аддзялення фізіка-матэматычных і тэхнічных навук на Аддзяленне тэхнічных навук і Аддзяленне фізіка-матэматычных, хімічных і геалагічных навук. У склад апошняга і ўвайшоў Інстытут геалагічных навук.

Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут (1963—2013)

правіць

15 ліпеня 1963 года ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР прынялі пастанову «Аб мерапрыемствах па паляпшэнні дзейнасці Акадэміі навук БССР», згодна з якой Інстытут геалагічных навук АН БССР перадаваўся Дзяржаўнаму геалагічнаму камітэту СССР (пасля Міністэрства геалогіі СССР)[5]. Тым самым быў створаны Беларускі навукова-даследчы геолагаразведачны інстытут. У складзе Акадэміі засталося два падраздзяленні былога Інстытута геалагічных навук — Лабараторыя геахімічных праблем (кіраўнік — акадэмік Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў) і Плешчаніцкая геафізічная станцыя.

З 1969 года ва Упраўленні геалогіі БССР, з 1987 года ў вытворчым аб’яднанні «Беларусьгеалогія»[6] (пасля «Белгеалогія»).

У 2007 годзе рэарганізаваны ў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства. У 2013 годзе ў выніку рэарганізацыі шляхам зліцця «Белгеалогіі» і Беларускага навукова-даследчага геолагаразведачнага інстытута створаны Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі.

Кірункі даследаванняў

правіць

Асноўныя кірункі даследаванняў: вывучэнне геалагічнай будовы тэрыторыі Беларусі і заканамернасцей фарміравання і размяшчэння радовішчаў карысных выкапняў; прагнозная ацэнка мінеральна-сыравінных рэсурсаў; вызначэнне кірункаў геолагапошукавых работ; гідрагеалагічныя, інжынерна-геалагічныя і эколага-геалагічныя, у т.л. радыеэкалагічныя даследаванні; распрацоўка і ўкараненне прагрэсіўных геафізічных, геахімічных, матэматычных і іншых метадаў прагнозу, пошукаў і разведкі радовішчаў; удасканаленне тэхналогіі свідравання на нафту і газ[6].

Зноскі

  1. Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1955 г. — Мн., 1956. — C. 17
  2. Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1956 г. — Мн., 1957. — C. 13
  3. а б Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1957 г. — Мн., 1958. — C. 10, 23, 26
  4. Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1958 г. — Мн., 1959. — C. 8
  5. Отчет о научной деятельности Академии наук Белорусской ССР за 1964 г. — Мн., 1963. — С. 108
  6. а б У. М. Губін. Геолагаразведачны беларускі навукова-даследчы інстытут // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць