Стрэлка зеленаватая (Coenagrion armatum) — від стракозаў сямейства стрэлак.
Цела невялікае з празрыстымі крыламі, іх даўжыня 17-20 мм. Пярэднія і заднія крылы аднолькавыя па форме і памерах, у спакоі складаюцца паралельна целу. Даўжыня брушка 22-26 мм. Вочы не судакранаюцца. Патыліца з дзвюма светлымі плямамі. Задні край пярэднеспінкі з выступам, накіраваным назад і ўверх. Лічынкі зеленаватыя з папярочнымі палосамі.
Транспалеарктычны від. Пашырэнне: поўнач і сярэдняя паласа Еўропы, Закаўказзе, Сібір. Адзначаны ў паўднёвых раёнах Беларусі.
Сустракаецца паблізу слабапраточных ці стаячых вадаёмаў.
Лётае па берагах вадаёмаў, на палянах, сенажацях. Цыкл развіцця — 1 год. Яйцы адкладае ў тканкі водных раслін. Зімуе ў лічынкавай стадыі. Лічынкі развіваюцца ў стаячых вадаёмах.