Суданская рэвалюцыя
Суданская рэвалюцыя (араб. الثورة السودانية) — падзеі ў Судане 2018—2019 гадоў, звязаныя са звяржэннем прэзідэнта Амара аль-Башыра і наступным пераходным перыядам да дэмакратыі.
Перадумовы
правіцьПа выніках парламенцкіх выбараў 1986 г. створаны кааліцыйны ўрад . Няздольны вырашыць складаныя эканамічныя праблемы краіны, гэты ўрад скінуты 30 чэрвеня 1989 г. у выніку ваеннага перавароту з удзелам ісламскіх фундаменталістаў; дзейнасць канстытуцыі і палітычных партый прыпынена. Улада перайшла да Савета камандавання рэвалюцыяй на чале з генералам Амарам аль-Башырам (з 1998 г. прэзідэнт Судана). Значны ўплыў на ўрад атрымала ісламская фундаменталісцкая арганізацыя «Нацыянальны ісламскі фронт».
Ход падзей
правіцьЗ снежня 2018 г. у Судане пачаліся пратэсты супраць рэзкага павышэння цэнаў на хлеб, але неўзабаве пратэстны рух накіраваўся супраць аўтарытарнага кіраўніка краіны аль-Башыра. З пачатку пратэстаў загінулі як мінімум 32 актывіста. У лютым 2019 г. аль-Башыр абвясціў у краіне надзвычайнае становішча, абмежаваў свабоду сходаў, распусціў Кабмін і ўвёў у краіне рэжым надзвычайнага становішча на год. 6 красавіка тысячы актывістаў выйшлі на вуліцы сталіцы Судана Хартума з патрабаваннямі адстаўкі прэзідэнта. Пратэстоўцаў адагналі ад прэзідэнцкага палаца пры дапамозе слёзацечнага газу[1].
11 красавіка армія Судана здзейсніла ў краіне пераварот. Вайскоўцы вырашылі зняць з усіх пасадаў прэзідэнта Амара аль-Башыра, які кіраваў краінай 25 гадоў, і разагнаць урад[2]. Міністр абароны краіны генерал-лейтэнант Авад Мухамед Ахмед ібн Ауф аб’явіў аб арышце Амара аль-Башыра, роспуску парламента і дзеючых органаў улады. Акрамя таго, было аб’яўлена аб прыпыненні дзеяння Канстытуцыі і ўвядзенні надзвычайнага становішча ў краіне на тры месяцы[3].
Ваенны савет, што захапіў уладу ў краіне, узначаліў Авад Мухамед Ахмед ібн Ауф, які перад гэтым некалькі месяцаў займаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта[4]. Але 12 красавіка ён падаў у адстаўку дзеля захавання адзінства ўзброеных сілаў, назваўшы сваім пераемнікам генерала Абдэль Фатаха Бурхана[5]. Адстаўка адбылася на фоне масавых пратэстаў з патрабаваннем найхутчэйшых палітычных пераўтварэнняў[6].
Апазіцыя заклікала да найхутчэйшага стварэння пераходнага ўраду і распачала страйк каля міністэрства абароны ў Хартуме. 3 чэрвеня суданская армія пачала разгон лагера пратэстоўцаў. Вайскоўцы ўжылі зброю. Каля 100 чалавек загінулі, целы 40 чалавек былі знойдзены ў рацэ Ніл[7].
Ахвяры
правіцьПадчас пратэстаў і сутыкненняў загінулі 246 чалавек[8].
Наступствы
правіцьАпазіцыя і ваенны савет 5 ліпеня 2019 г. дасягнулі пагаднення аб раздзяленні ўлады ў пераходны перыяд да правядзення выбараў. Бакі дамовіліся стварыць Суверэнны савет Судана з пяці ваенных і пяці грамадзянскіх асоб, які павінен дзейнічаць як мінімум тры гады. 17 ліпеня Пераходны ваенны савет і апазіцыйны альянс «Сілы за свабоду і перамены» падпісалі ў Хартуме ў прысутнасці пасрэднікаў з Эфіопіі і Афрыканскага саюза палітычнае пагадненне, прызначанае пракласці шлях да дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне[9].
З часам напружанасць у адносінах паміж вайскоўцамі і грамадзянскімі асобамі ўзрасла, паколькі ваенныя лідары пачалі патрабаваць рэформаў з боку «Сіл за свабоду і перамены» і заклікалі да адстаўкі асоб з кабінета міністраў[10].
Зноскі
- ↑ У Судане працягваюцца пратэсты: тысячы людзей патрабуюць адстаўкі прэзідэнта . Новы час (7 красавіка 2019).
- ↑ nashaniva.by
- ↑ blr.belta.by Архівавана 15 красавіка 2019.
- ↑ nashaniva.by
- ↑ Глава Военного совета Судана ушел в отставку
- ↑ belsat.eu
- ↑ svaboda.org
- ↑ "More than 240 people killed in Sudan uprising". Radio Dabanga. 20 July 2019. Архівавана з арыгінала 30 October 2019. Праверана 30 October 2019.
- ↑ blr.belta.by Архівавана 8 жніўня 2019.
- ↑ "Sudan: Protesters demand military coup as crisis deepens". BBC News. 2021-10-17. Праверана 2021-10-25.