Сухадольныя лугі
Сухадольныя лугі, сухадолы — лугі, якія размешчаны на павышаных элементах рэльефу водападзелаў і надпоймавых тэрас (па-за поймамі рэк і азёр) і ўвільгатняюцца пераважна атмасфернымі ападкамі. Узніклі на месцы знішчаных хвойных і мяшаных лясоў. Расліннасць разнатраўна-злакавая, са значнай прымессю бабовых.

Адрозніваюць тры асноўных тыпы:
- сухадолы недастатковага ўвільгатнення,
- сухадолы нармальнага ўвільгатнення,
- сухадолы часова лішкавага ўвільгатнення.
Сухадолы недастатковага ўвільгатнення (абсалютныя сухадолы) утвараюцца на высокіх дрэнажаваных участках (узгорках, градах, крутых схілах) з выражаным паверхневым сцёкам і глыбокім заляганнем грунтовых вод. Глебы іх сухія, бедныя, з маламагутным гумусавым гарызонтам. У нізкарослым зрэджаным травастоі булаваносец сіваваты, аўсяніца авечая, мятліца тонкая, галадок шматгадовы, ястрабок валасісты, гладун гладкі, шчаўе малое, расходнік едкі і інш. Летам нярэдка выгараюць.
Сухадолы нармальнага ўвільгатнення (нармальныя сухадолы) развіваюцца на раўнінах і спадзістых схілах з умераным сцёкам. Атмасферныя ападкі амаль цалкам пранікаюць у глебу. У травастоі пераважаюць нізавыя злакі — мятліца тонкая, дрыжнік сярэдні, пахучы каласок, аўсяніца чырвоная, грэбнік звычайны, сівец стаячы, пашырана разнатраўе (трыпутнік ланцэталісты, крываўнік звычайны, ясколка звычайная, казялец едкі, званец вялікі) і бабовыя (канюшына лугавая, канюшына паўзучая, рутвіца рагатая, гарошак мышыны).
Сухадолы часова лішкавага ўвільгатнення пашыраны на слабадрэнажаваных раўнінах і неглыбокіх бяссцёкавых паніжэннях водападзелаў. Глебы моцна ападзоленыя з прыкметамі паверхневага агляення. Для травастою характэрны расліны лугоў як сухадольных (пахучы каласок, аўсяніца чырвоная, трыпутнік ланцэталісты), так і нізінных (вострыца дзірваністая, мятліца сабачая, казялец паўзучы, панікніца рачная, асака чорная, асака прасяная). Часта развіваецца покрыва з зялёных імхоў.
Літаратура правіць
- Бутрыс Н. А. Сухадольныя лугі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.