Сухія дні (або дні квартальнага посту, лац.: ferias Quatuor Temporum) — у заходняй хрысціянскай традыцыі тры дні посту, якія сімвалічна адкрываюць кожную з чатырох пор года. Сухія дні заўсёды прыпадаюць на сераду, пятніцу і суботу аднаго і таго ж тыдня і размяркоўваюцца па каляндарным годзе наступным чынам:

Мэтай сухіх дзён з'яўляецца падзяка Богу за дары прыроды, развіццё ў сабе стрыманасці пры іх выкарыстанні і дапамога патрабуючым. Таксама ў сухія дні традыцыйна ўдзяляліся святарскія пасвячэнні[1].

Гісторыя правіць

"Каталіцкая энцыклапедыя" сцвярджае, што сухія дні былі ўстаноўлены на месцы рымскіх язычніцкіх святкаванняў, звязаных з сельскай гаспадаркай. Так, старажытныя рымляне праводзілі рэлігійныя абрады, просячы ў сваіх багоў: у чэрвені — плённага жніва, у верасні — багатага ўраджаю вінаграду, у снежні — паспяховай сяўбы. Першапачаткова Касцёл у Рыме захоўваў пост менавіта ў гэтыя месяцы (адпаведна, маючы толькі тры сухія тыдні), хоць канкрэтныя дні не былі ўстаноўлены, а аб'яўляліся святарамі[1].

Liber Pontificalis сцвярджае, што пост устанавіў Папа Калікст І (217–220)[1]. Іншыя мяркуюць, што гэта зрабіў Папа Сірыцый (320–399)[2]. Папа Леў Вялікі (440–461) лічыць, што гэты пост мае апостальскае паходжанне. Пра чацвёрты перыяд посту згадвае Папа Гелазій (492–496), аднак дакладны час, калі яго дадалі, невядомы. Гэты ж Папа дазволіў удзяляць у сухія суботы дыяканскія і святарскія пасвячэнні, якія раней ўдзяляліся толькі на Вялікдзень[1].

Пазней практыка сухіх дзён пашыраецца на іншыя месцы па-за Рымам: у Англіі яны з'явіліся дзякуючы св. Аўгустыну (VII-VIII стст.), у Галію і Германію іх прынеслі Каралінгі (VIII ст.). Іспанія прыняла сухія дні разам з рымскай літургіяй у ХІ ст. У Мілане іх увёў св. Карла Барамеа. На Усходзе сухія дні не адзначаліся ніколі[1][2].

Папа Грыгорый VII (1073–1085) канчаткова вызначыў месца сухіх дзён і прадпісаў іх для ўсяго Каталіцкага Касцёла[1].

Посная практыка правіць

Ранейшыя правілы, звязаныя з поснай практыкай у сухія дні, акрэсліваў Кодэкс кананічнага права 1917 года[3]. Згодна з канонам 1251 § 2, у сухія дні неабходна было захоўваць устрыманне ад мяса і мясных страў (abstinentia), а таксама колькаснае абмежаванне (ieiunium), калі можна было спажыць адзін пасілак дасыта і два меншыя[4].

У 1966 годзе Папа Павел VI апублікаваў апостальскую канстытуцыю Paenitemini[5], увёўшы новыя посныя прадпісанні, якія затым трапілі ў актуальны на сённяшні дзень Кодэкс кананічнага права 1983 года. У каноне 1251, які вызначае посныя дні, сухія дні не згадваюцца ўвогуле[6].

Асаблівасці літургіі правіць

Звычайная форма рымскага абраду правіць

У сучаснай каталіцкай літургіі сухія дні пераважна не адзначаюцца. Яны адсутнічаюць у апошнім прынятым літургічным календары (1969), а ў актуальным Рымскім Імшале (1970) няма адмысловых літургічных тэкстаў на гэтыя дні. Пры ўвядзенні новых літургічных кніг і прыняцці новага літургічнага календара рашэнне пра тое, як павінна выглядаць іх святкаванне, было пакінута на меркаванне мясцовай касцёльнай улады, якая павінна ацаніць лакальныя ўмовы і вызначыць час і план іх святкавання[7].

Надвычайная форма рымскага абраду правіць

У надзвычайнай форме рымскага абраду, якая карыстаецца кнігамі 1962 года, сухія дні захаваліся як у самім календары (на сваім звычайным месцы), так і ў Рымскім Імшале 1962 года ў выглядзе адмысловых літургічных тэкстаў. Сухія дні, у параўнанні са звычайнай літургіяй, маюць дадатковыя калекты і чытанні. Ва ўсе сухія дні, акрамя тых, што прыпадаюць пасля Пяцідзясятніцы, калекты папярэджваюцца не толькі звычайным заклікам "Oremus" ("Памолімся"), але і словамі "Flectamus genua. — Levate" ("Укленчым. — Падыміцеся")[8].

Сухія суботы ў кожны з чатырох перыядаў маюць асабліва вялікую колькасць чытанняў, таму Рымскі Імшал дазваляе служыць такую літургію ў карацейшай форме, прапусціўшы большасць чытанняў[8].

Гістарычна менавіта ў сухія дні адбываліся пасвячэнні духавенства. У сухую сераду было прынята аб'яўляць кандыдатаў, у сухую пятніцу гэтых асобаў прадстаўлялі народу, а сухую суботу кандыдатам удзялялі пасвячэнні[2]. Пры ўдзяленні пасвячэнняў літургію сухой суботы нельга служыць у карацейшай форме[8].

Заўвагі правіць

  1. а б в г д е Mershman, F. Ember Days // The Catholic Encyclopedia. — New York: Robert Appleton Company, 1909. — Т. 5.
  2. а б в Dalmais, Irénée Henri; Jounel, Pierre; Martimort, Aimé Georges (1986). The Liturgy and Time [англійская]. Liturgical Press. p. 28–29.
  3. Codex iuris canonici 1917.
  4. "Lex abstinentiae simul et ieiunii servanda est feria quarta Cinerum, feriis sextis et sabbatis Quadragesimae et feriis Quatuor Temporum, pervigiliis Pentecostes, Deiparae in caelum assumptae, Omnium Sanctorum et Nativitatis Domini".
  5. PAULUS PP. VI. Constitutio apostolica "Paenitemini" (лац.).
  6. Кодекс канонического права = Codex iuris canonici. — Москва: Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2007. — С. 460. — ISBN 978-5-94242-045-1.
  7. Congregation for Divine Worship. General norms for the liturgical year and the calendar, 45–47 (англ.)(недаступная спасылка) (14 лютага 1969). Архівавана з першакрыніцы 7 студзеня 2017. Праверана 16 верасня 2018.
  8. а б в Rubrical FAQs — 1962 Ordo (англ.).