Сычуаньская парча
Сычуаньская парча, Шуцзінь (кіт. трад. 蜀錦, спр. 蜀锦, піньінь shǔjǐn, пал. шуцзінь) паходзіць з правінцыі Сычуань КНР і разам з сунцзінь з горада Сучжоу правінцыі Цзянсу і юньцзін з Нанкіна прадстаўляе «тры ўзроўні дасканаласці кітайскай парчы». Аб’ект нематэрыяльнай культурнай спадчыны Кітая .

Таксама вядомы варыянт перакладу — сычуаньскі ўзорны шоўк.
Апісанне
правіцьСычуаньская парча ствараецца з шоўку і адрозніваецца яркай афарбоўкай з перавагай чырвонага колеру[1].
У розныя часы ўзоры шуцзінь бывалі розныя: у геаметрычны арнамент маглі ўключацца расліны, кветкі, плады, жывёлы, пейзажы, іншыя выявы. Бо ў часы дынастыі Юань ішоў актыўны гандаль з Захадам, на сычуаньскі ўзорны шоўк траплялі таксама характэрныя для еўрапейскага мастацтва выявы: грыфоны, арлы, львы, сланы[2] і т. п.
У Японіі ўзоры шуцзінь выкарыстоўваюцца для афармлення мясцовай керамікі[3].
Гісторыя
правіцьНа думку некаторых гісторыкаў, шаўкаводства і шаўкапрадзенне па берагах ракі Міньцзян было распаўсюджана як мінімум за тысячу гадоў да нашай эры. Парча ў Чэнду выраблялася ў вялікіх колькасцях ужо ў часы дынастыі Хань, калі імператарскі двор адзначыў важнасць шоўку і прызначыў спецыяльнага чыноўніка, што займаўся парчой. У гэты час адзенне з узорнага шоўку становіцца атрыбутам арыстакратыі. У эпоху Трохцарства галоўны міністр царства Шу Чжугэ Лян адзначыў, што парча можа быць не толькі важным таварам, але і крыніцай фінансавання арміі, што дало асаблівы стымул развіцця вытворчасці шуцзін, якая атрымала сваю назву па назве дзяржавы Шу.
Новыя тэхналагічныя рашэнні пры вытворчасці парчы ў далейшым былі знойдзены ў часы дынастыі Тан, калі шуцзін пачала экспартавацца ў Персію і Японію. Падчас Паўночнай Сун быў адкрыты спецыялізаваны інстытут для даследавання парчы, эпохі Юань і Мін падарылі шуцзінь новыя разнавіднасці[4].
Сычуаньская парча была важным таварам на Вялікім шаўковым шляху, а яе значэнне было такім вялікім, што падчас вайны каралеўства Наньчжаа з імперыяй Тан, калі першыя захапілі Чэнду, то, акрамя золата і срэбра, яны захапілі таксама некалькіх спецыялістаў па вытворчасці парчы.
Пасля Опіумных войнаў з’яўленне ў Кітаі заходніх тэкстыльных тэхналогій і тавараў прывяло да паступовага заняпаду традыцыйных кітайскіх вытворчасцяў тканіны да пачатку XX стагоддзя. Аднак пасля стварэння КНР многія рабочыя апынуліся непрацаўладкаванымі, і ў верасні 1951 года яны вырашылі стварыць кааператыў па выпуску Сычуаньскай парчы. Паступова на яго базе была адноўлена вытворчасць. У 2002 годзе на месцы фабрыкі адкрыўся Музей парчы і вышыўкі шу (кіт.: 成都蜀织锦博物馆), а вытворчасць перамясцілася на рамесны завод (кіт.: 成都市蜀锦工艺品厂)[5].
5 чэрвеня 2007 шуцзінь была ўключана ў першы спіс з 226 аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Кітая.
28 верасня 2009 года на чацвёртай сесіі Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Абу-Дабі шаўкаводства і шаўкапрадзенне ў Кітаі, часткай якога з’яўляецца выраб Сычуаньскай парчы, было ўнесена ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Шуцзінь разам з сунцзінь з горада Сучжоу правінцыі Цзянсу і юньцзін з Нанкіна называюць «трыма ўзроўнямі дасканаласці кітайскай парчы» або таксама — «тры знакамітых парчы» (кіт.: 三大名锦).
Зноскі
- ↑ Шелк и «Великий шелковый путь» . Международное радио Китая (14 ліпеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 3 жніўня 2020. Праверана 17 кастрычніка 2017.
- ↑ A History of Chinese Science and Technology / Yongxiang Lu. — Springer, 2014. — Vol. 2. — P. 486. — 493 p. — ISBN 9783662441664.
- ↑ Toriyama Sekien. Japandemonium Illustrated. — Courier Dover Publications, 2017. — P. 295. — 336 p. — ISBN 9780486800356.
- ↑ Fang Huawen. The Sichuan Brocade // 中国历史名城. — Anhui Science and Technology Publishing House, 2014. — 340 p.
- ↑ 蜀锦 (кіт.). Энциклопедия Байду. Baidu. Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2017. Праверана 17 кастрычніка 2017.
Сычуаньская парча на Вікісховішчы |