Іванская сядзіба — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры другой паловы XIX — пачатку XX стст. Пабудаваны В. І. Валадковіча ў Іванску Чашніцкага раёна

Славутасць
Сядзібна-паркавы ансамбль Валадковічаў
54°55′56″ пн. ш. 29°09′15″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Іванск
Map

Гісторыя

правіць

На мяжы XVIII-XIX стст. Валадковічы пабудавалі ў Іванску аднапавярховы асабняк. Ён меў план моцна выцягнутага прамавугольніка і стаяў на высокіх падвальных памяшканнях з квадратнымі вокнамі. На фасадзе будынка выдзяляліся два ідэнтычныя порцікі, кожны з якіх складаўся з чатырох калон. Порцікі завяршаліся трохкутнымі франтонамі з невялікімі вакенцамі. Сціплыя сцены ўпрыгожвалі вялікія вокны, падзеленыя на восем квадратных частак. Гмах быў пакрыты гладкім двухскатным гонтавым дахам. У гэтым будынку Валадковічы жылі да канца XIX ст.

У канцы XIX — пачатку XX стст. Валадковічы побач са старым узвялі новы вялікі двухпавярховы асабняк без стылю, умацаваны па кутах падпоркамі (кантрфорсамі).

Унутраная прастора будынка нагадвала кляштар (манастыр). Новы асабняк узводзіўся, галоўным чынам, дзеля размяшчэння там калекцый і сямейных рэліквій. Іх збіралі некалькі пакаленняў, а найбольш — апошні ўладальнік Іванска — Вінцэнт Валадковіч. Вялікая, падобная на трапезную, сталовая зала новага палаца была завешана сямейнымі партрэтамі, вельмі рознымі па якасці.

Сямейныя калекцыі захоўваліся ў арачных сутарэннях палаца. Адна зала з прыстаўленымі да сцен дубовымі шафамі, сягаючымі да столі, прызначалася для бібліятэкі і сямейнага архіву. У бібліятэцы меліся галоўным чынам старадрукі ў скураным пераплёце. У архіве, апрача сямейных дакументаў, знаходзіліся матэрыялы па гісторыі Рэчы Паспалітай, асабліва якія тычыліся яе паўночна-ўсходніх земляў. Тут была значная частка архіву полацкіх езуітаў, перапіска кароннага падканцлера Гераніма Радзяёўскага з каралём Янам Казімірам, лісты Марыны Мнішак і яе мужа Дзмітрыя Самазванца, некалькі лістоў Барбары Радзівіл, аўтографы караля Жыгімонта Аўгуста, наданні і прывілеі Стэфана Баторыя, ліст князя Мікалая Радзівіла Сіроткі, а таксама карэспандэнцыя інфлянцкага магістра Вільгельма Фюрстэнберга і яго пераемніка Готгарда Кетлера з часоў секулярызацыі іх ордэна. Бібліятэку і архіў тут упарадкаваў і каталагізаваў перад пачаткам Першай Сусветнай вайны кракаўскі гісторык Ян Дамброўскі.

У іншай зале на тым самым паверсе захоўвалі парцаляну. У Валадковічаў меўся саксонскі парцалянавы посуд, а таксама сеўрскія вазы, прывезеныя з Францыі ў XVIII стагоддзі.

Трэцяя зала была своеасаблівай скарбніцай. Тут захоўвалася старое срэбра, сярод якога — вялікія гербавыя падносы, кошыкі вельмі тонкай карункавай работы, сярэбраныя і пазалочаныя падсвечнікі. На сценах вісела старажытная зброя, у тым ліку карабэлы (шаблі), аздобленыя срэбрам і золатам, упрыгожаныя рубінамі і іншымі каштоўнымі камянямі. Тут жа размяшчаўся старасвецкі куфар, у якім знаходзіўся сталовы сервіз на дзесяць асоб з талеркамі і паўміскамі. Была тут і калекцыя слуцкіх паясоў майстроў Яна Маджарскага і Паўла Якубовіча.

Абодва палацы былі акружаны вялікім пейзажным паркам з газонамі, клумбамі кветак, з ліпавай алеяй, у якой разводзіліся «заморскія кветкі». Пасярод парку была альтанка, абкружаная соснамі, дарожкі былі пасыпаны бітай цэглай чырвонага колеру. У парку былі пасаджаны лістоўніцы, тутавыя дрэвы, вязы, дубы, ліпы і іншыя пароды дрэў. А на ўскрайку парку, ля штучнай сажалкі, стаяла капліца. Побач з паркам знаходзіўся вялікі іпадром, на якім трэніравалі панскіх рысакоў. Насупраць палаца, праз дарогу, былі гаспадарчыя пабудовы: стайні, хлявы, гумно, кузня, лядоўня (памяшканне, дзе захоўвалася сала і мяса).

Сядзібны дом быў разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З усяго комплексу забудоў захаваўся толькі двухпавярховы будынак флігеля з чырвонай цэглы, дзе знаходзіліся кухня і сталоўка. Да нашых дзён ад былога палаца-паркавага ансамбля захаваўся толькі флігель. Астатнія будынкі былі знішчаны ў 1950-1970-я гады XX стагоддзя[1].

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Палацава-паркавы ансамбль Валадковічаў у Іванску // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. — Мінск : Медисонт, 2007. — С. 65-70.
  • Грэчка, І. «Целам з Францыяй, сэрцам з радзімай» / І. Грэчка // Настаўніцкая газета. — 2014. — 18 студз. — С. 15.
  • Мальдис, А. Следы ведут в Саратов и Симбирск / А. Мальдис // Советская Белоруссия. — 2010. — 7 сент. — С. 12-13.
  • Род Валадковічаў у гісторыі Іванска // Іванск : краязнаўчы нарыс / В. В. Грыбко. — Мінск : Пейто, 2000. — С. 17-24. — (Ведаць свой край Беларусь).
  • Торбіна, І. Шукаць свае карані / І. Торбіна // Сельская газета. — 2014. — 6 нояб. — С. 25.

Спасылкі

правіць