Тамборская мова — мёртвая мова тамборскай культуры з інданезійскага вострава Сумбава, якая цалкам загінула ў красавіку 1815 года падчас вывяржэння вулкана Тамбора[1]. Колькасць носьбітаў тамборскай мовы перад вывяржэннем ацэньваецца ў 11 тысяч чалавек[2].

Тамборская мова
Краіны Інданезія
Рэгіёны Сумбава
Статус мёртвая мова
Вымерла 1815 год
Класіфікацыя
Катэгорыя

Папуаскія мовы

або ізаляваная мова
Тамборская мова
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2
ISO 639-3 xxt
IETF xxt
Glottolog tamb1257
Старонка з «Гісторыі Явы» Томаса Стэмфарда Рафлза, якая змяшчае частку параўнальнага слоўніка некалькіх моў, у тым ліку тамборскай

Лексіка правіць

Адзінай крыніцай лінгвістычных даных пра тамборскую мову з’яўляецца спіс з 48 слоў, які запісаў брытанскі каланіяльны адміністратар Томас Стэмфард Рафлз незадоўга да вывяржэння. Разам са словамі іншых моў рэгіёну спіс быў апублікаваны ў кнізе Рафлза «Гісторыя Явы»[3]. Вось гэтыя словы[4]:

  • seena — адзін
  • kálae — два
  • nih — тры
  • kude-in — чатыры
  • kutélin — пяць
  • báta-in — шэсць
  • kúmba — сем
  • koného — восем
  • láli — дзевяць
  • saróne — дзесяць
  • sisaróne — дванаццаць
  • simári — сто
  • doh — чалавек
  • sia-in — мужчына
  • óna-yit — жанчына
  • homóri — бацька
  • yelai — маці
  • kokóre — галава
  • saing'óre — вока
  • saing kóme — нос
  • búlu — валасы
  • sóntong — зубы
  • sumóre — жывот
  • taintu — рука
  • maimpo — ступня
  • kiro — кроў
  • kóngkong — дзень
  • tádung — ноч
  • kidjum — сон
  • sílam — мёртвы
  • si-yang — белы
  • naido — чорны
  • sámar — добры
  • gonóre — дрэнны
  • maing’aing — агонь
  • naino — вада
  • gónong — зямля
  • ilah — камень
  • kíwu — свіння
  • kilaíngkong — птушка
  • andik — яйка
  • karáyi — рыба
  • ingkong — сонца
  • mang’ong — месяц
  • kingkong — зорка
  • moríhoh — Бог
  • hok-hok — сядзець
  • mákan — есці

Большасць слоў са спісу, імаверна, з’яўляюцца спрадвечнымі. Тамборская лексіка адрозніваецца ад лексікі навакольных моў, як аўстранезійскіх, так і іншых[1]. Да запазычанняў з малайскай ці яванскай мовы адносяцца словы «búlu» («валасы») і «mákan» (есці)[5]. Генрых Цолінгер у 1850 годзе прапанаваў яшчэ некалькі магчымых крыніц для некаторых слоў са спіса: «naino» («вада») — з мадурскага «ain», «andik» («яйка») — з яванскага «endokh», «homóri» — з бугійскага «horo-anie» («мужчына»), «sia-in» («мужчына») — ад слова «ese» на дыялекце санган мовы біма. Яшчэ некалькі прапаноў Цолінгера выглядаюць малаверагоднымі: «si-yang» («белы») — за малайскага «siang» («поўдзень»), «gonong» («зямля») — з малайскага «gunung» («гара») і «hok-hok» («сядзець») — з нямецкага «hocken» («прысядаць»)[6]. Таксама разглядаюцца як магчымыя запазычанні настыпныя словы: «doh» («чалавек») — з мовы біма «dou», «seena» («адзін») — з аўстранезійскіх моваў, «moríhoh» — з санскрыту, «taintu» («рука») — з транснавагвінейскіх моў. Апошні выпадак можа тлумачыцца не толькі моўнымі кантактамі, але і генетычнай роднасцю[7].

Фаналогія правіць

Верагодна, у запісах Рафлза спалучэнне літар ng’ перадае велярны насавы зычны [ŋ], а злучок можа азначаць гартанную змычку [ʔ][4].

На падставе даступнага спісу слоў магчыма рэканструяваць наступную сістэму зычных гукаў[8]:

Губныя Альвеалярныя Палатальныя Велярныя Глатальныя
Выбухныя Глухія t k (ʔ)
Звонкія b d g
Насавыя m n ŋ
Фрыкатыўныя s h
Плаўныя r, l
Апраксіманты w j

Сістэма галосных магла складацца з пяці гукаў: /a/, /e/, /i/, /o/ /u/[8]. Варта адзначыць, што рэканструкцыя можа быць няпоўнай: тамборская мова таксама магла мець імплазіўныя зычныя, галосныя сярэдняга рада, насавыя галосныя ці зычныя з прыдыханнем — фанемы, якія сустракаюцца ў іншых мовах рэгіёну, і якія, магчыма, не атрымалася перадаць праз англійскую ці малайскую арфаграфіі, якімі карыстаўся Рафлз[4].

Націск, імаверна, заўсёды на перадапошнім складзе[4].

Марфалогія правіць

Два словы ў спісе, якія называюць часці цела, пачынаюцца з «saing-» («saing'óre» — «вока» і «saing kóme» — «нос»). Магчыма, словы «sóntong» («зубы») і «sumóre» («жывот») таксама пачынаюцца з рэдуцыраванай формы прыстаўкі «saing-», якая можа мець значэнне прыналежнасці. Тым не менш, у спісе ёсць іншыя словы, якія абазначаюць часці цела, але не пачынаюцца з адпаведнага прэфікса[9].

Шэраг слоў, якія абазначаюць з’явы навакольнага свету, маюць аднолькавыя канчаткі «-kong» ці «-ong»: «kóngkong» («дзень»), «kilaíngkong» («птушка»), «ingkong» («сонца»), mang’ong («месяц»), «kingkong» («зорка»), «gónong» («зямля»), што можа сведчыць аб наяўнасці суфіксацыі ў тамборскай мове[7].

Слова «hok-hok» («сядзець») паказвае, што ў тамборскай мове была магчыма рэдуплікацыя. Імаверна, яна была звязана з дзеясловамі[7].

Генеалагічная класіфікацыя правіць

Лексіка тамборскай мовы, за выключэннем некалькіх запазычанняў, адрозніваецца ад лексікі навакольных моў[1]. Ужо ў XIX стагоддзі было адзначана, што яе нельга адносіць да аўстранезійскіх моў, шырока прадстаўленых у рэгіёне[10]. Тамборскую мову адносяць або да ізаляваных моў[1], або, па выніках фаналагічнага аналізу, — да папуаскай моўнай сям’і[11]. На падставе археалагічных знаходак выказвалася таксама гіпотэза аб прыналежнасці тамборскай мовы да аўстраазіяцкай сям’і[6].

Тамборская мова можа значна пашырыць геаграфію распаўсюджання папуаскіх моў, бо востраў Сумбава знаходзіцца ў 500 кіламетрах на захад ад астравоў Тымор, Алор і Пантар — самых заходніх тэрыторыях, дзе ў цяперашні момант жывуць носьбіты моў папуаскай сям’і[6].

Крыніцы правіць

  1. а б в г Hammarström 2018, p. 288.
  2. Eve Okura. Endangerment of Language Isolates // Language Isolates (англ.) / Lyle Campbell. — Routledge, 2018. — С. 344–371. — (Routledge Language Family Series). — ISBN 978-1-317-61091-5. — DOI:10.4324/9781315750026-13.
  3. Hein Steinhauer The Indonesian Language Situation and Linguistics: Prospects and Possibilities(англ.) // Bijdragen Tot de Taal-, Land- En Volkenkunde. — Т. 150. — № 4. — С. 755-784.
  4. а б в г Donohue 2007, p. 523.
  5. Crawfurd 1852, p. 93.
  6. а б в Donohue 2007, p. 522.
  7. а б в Donohue 2007, p. 525.
  8. а б Donohue 2007, p. 524.
  9. Donohue 2007, pp. 524–525.
  10. Donohue 2007, p. 521.
  11. Donohue 2007, p. 535.

Літаратура правіць