Культура Тамбора

Тамбора (індан.: Tambora) — археалагічная культура на заходніх схілах вулкана Тамбора на востраве Сумбава ў Інданезіі. Знойдзена на месцы буйнога паселішча, знішчанага катастрафічным вывяржэннем 1815 г.

Тамбора
Новы час
Геаграфічны рэгіён Паўднёва-Усходняя Азія
Лакалізацыя Сумбава
Датаванне 2 тысячагоддзе
Носьбіты меркавана папуасы
Тып гаспадаркі сельская гаспадарка, гандаль

Культура Тамбора была выпадкова адкрыта ў 2004 г. амерыканскім вулканолагам Харальдурам Сігурдсанам. Як потым высветлілася, мясцовыя жыхары ведалі пра гэта месца, дзе часам адшуквалі розныя рэчы. Археалагічныя раскопкі пачаліся ў 2004 — 2008 гг. Адной з першых знаходак былі рэшткі хаціны з мужчынскім целам, упрыгожаным дарагімі пярсцёнкамі. На думку археолагаў, Тамбора была багатым паселішчам, якое мела шырокія гандлёвыя сувязі. Былі выяўлены рэчы, прывезеныя з тэрыторыі Індакітая. Мяркуюць, што ў Тамборы жыло каля 10 тысяч чалавек.

Этнічная прыналежнасць культуры Тамбора аспрэчваецца. Сучасныя народы Сумбавы — самава і мбоджа — з'яўляюцца аўстранезійцамі. Падчас раскопак высоўвалася думка, што тамборцы маглі быць выхадцамі з Індакітая. Яна засноўвалася на падабенстве рэчаў з вядомымі знаходкамі ў В’етнаме і Камбоджы. Аднак запісы тамборскай мовы, якія былі зроблены незадоўга да вывяржэння, паказваюць, што яна магла быць папуаскай[1]. Такім чынам, культура Тамбора магла належыць старажытнаму папуаскаму насельніцтву Сумбавы, выціснутаму аўстранезійцамі да пачатку XIX ст. на заходнія схілы вулкана Тамбора.

Крыніцы правіць

  1. Mark Donohue The Papuan Language of Tambora(англ.) // Oceanic Linguistics. — 2007. — Т. 46. — № 2. — С. 520–537. — ISSN 1527-9421. — DOI:10.1353/ol.2008.0014

Спасылкі правіць