Аўстранезійцы (ад лац.: australibus «паўднёвы» і грэч. ῆσος «астравы») — буйная група народаў (больш за 386 млн чал.), якія размаўляюць на аўстранезійскіх мовах. Тэрыторыі, населенныя аўстранезійцамі, вядомы пад агульнай назвай Аўстранезія.

Храналогія рассялення аўстранезійцаў

Паходжанне правіць

Існаванне аўстранезійскай моўнай сям’і было выяўлена яшчэ ў XIX ст. Некаторыя вучоныя першапачаткова лічылі, што прарадзімай аўстранезійцаў была Паўднёва-Усходняя Азія, дзе яны ў наш час складаюць абсалютную большасць насельніцтва (Малайзія, Інданезія, Філіпіны, Усходні Тымор), што і стала прычынай іх агульнай назвы аўстранезійцы ў навуцы.

У XX ст. дзякуючы лінгвістычным дадзеным стаў пераважаць пункт гледжання, што прарадзімай аўстранезійцаў было субтрапічнае ўзбярэжжа паўднёва-ўсходняга Кітая і востраў Тайвань, дзе сутыкаліся прадстаўнікі аўстралоіднай і мангалоіднай рас, і дзе рана ўзніклі земляробства, ткацтва, пляценне з раслінных валокнаў.

Важным набыццём протааўстранезійцаў былі ўменне будаваць марскія парусныя судны і перамяшчацца на вялікія адлегласці па акіяну. Паводле гэтай думкі, продкі аўстранезійцаў у 5 — 2,5 тыс. гг. да н.э. мігрыравалі з першаснага месца рассялення ў Паўднёва-Усходнюю Азію, адкуль выціснулі або асіміліравалі папярэдняе аўстралоіднае насельніцтва. У 2 — 1 тысячагоддзях да н.э. яны адкрылі астравы Акіяніі, а ў 1 — пач. 2 тысячагоддзяў н.э. засялілі Мадагаскар.

Археалагічныя знаходкі звычайна тлумачаць на карысць «паўночнай» тэорыі паходжання аўстранезійцаў, паколькі культурныя інавацыі спярша адбыліся на кітайскім узбярэжжы і толькі потым былі занесены на поўдзень і далей на ўсход і захад. Дадзеная тэорыя і сёння пераважае ў навуковай літаратуры.

Аднак, у пач. XXI ст. яна была аспрэчана брытанскімі генетыкамі, якія пры вывучэнні метахандрыяльнай ДНК прыйшлі да высновы, што аўстранезійскія народы развіваліся на тэрыторыі Паўднёва-Усходняй Азіі большы прамежак часу, чым гэта было прынята думаць. Месцам іх фарміравання ў 15 — 7 тысячагоддзях да н.э. маглі быць прасторы сушы Паўднёва-Усходняй Азіі, яшчэ не затопленыя акіянам і не ператвораныя ў астравы. Адтуль яны мігрыравалі на поўнач, у Акіянію і Мадагаскар. На карысць пункту гледжання генетыкаў кажа той факт, што генетычная разнастайнасць больш адпавядае паўднёвым папуляцыям.

Маракі і навігатары правіць

Адной з культурных асаблівасцей большасці аўстранезійскіх народаў з’яўляюцца іх навыкі выдатных навігатараў і мараплаўцаў. Некаторыя аўстранезійскія народы, што пад час перасяленняў апынуліся ва ўнутраных раёнах астравоў і кантыненту, далёка ад марскога ўзбярэжжа, працягваюць захоўваць памяць аб марскім мінулым у сваіх звычаях, рытуалах і традыцыйнай архітэктуры.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць