Уладзімір Васільевіч Стракапытаў

Уладзімір Васільевіч Стракапытаў (16 чэрвеня 1890, Тула, Расійская Імперыя — 5 красавіка 1941, Талін, Эстонская ССР, СССР) — штабс-капітан царскай арміі, кіраўнік антысавецкага ўзброенага выступу ў сакавіку 1919 года («Стракапытаўскае паўстанне»). У ходзе паўстання на тэрыторыі горада Гомеля і некалькіх прылеглых раёнаў была абвешчаная ўлада Рускай Народнай Рэспублікі.

Уладзімір Васільевіч Стракапытаў
Владимир Васильевич Стрекопытов
Дата нараджэння 16 (28) чэрвеня 1890
Месца нараджэння
Дата смерці 5 красавіка 1941(1941-04-05) (50 гадоў)
Месца смерці
Прыналежнасць  Расійская імперыя
 РСФСР
 Белы рух
Званне
Штабс-капітан
Штабс-капітан
Бітвы/войны

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 1890 годзе ў Туле ў сям’і купца і фабрыканта.

У 1914 годзе, з пачаткам Першай сусветнай вайны паступіў добраахвотнікам у царскую армію.

У 1914—1915 гадах вучыўся ў 2-ой Араніенбаўмскай школе прапаршчыкаў. Пазней атрымаў афіцэрскі чын.

У 1918 годзе ўступіў у РСЧА. У лістападзе 1918 арыштаваны Тульскай ЧК па абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай агітацыі. У канцы снежня 1918 г. вызвалены па хадайніцтву камандзіра палка і ў сувязі з адпраўкай палка ў прыфрантавую зону — у гарады Бабруйск і затым у Гомель.

У студзені 1919 года займаў пасаду загадчыка гаспадарчай часткай 68-га палка 2-й Тульскай брыгады 8-й дывізіі РСЧА. У канцы сакавіка 1919 года дывізія была накіравана на фронт пад Оўруч, дзе з-за праліку камандавання трапіла пад моцны двухдзённы артылерыйскі абстрэл з боку войскаў УНР. Пасля чаго, 68-ы полк дывізіі самавольна пакінуў баявыя рубяжы і вярнуўся ў Гомель, адначасна да яго ў Калінкавічах далучыўся 67-ы полк. Першапачаткова планавалася, што ўзброеныя палкі захопяць паравоз і дэзертуюць у Бранск і Тулу. Аднак, абраны камандуючым, В. В. Стракапытаў пераканаў салдатаў у тым, што план прарыву ў тыл раўназначны самагубству. У якасці альтэрнатывы было прынята рашэнне падняць мяцеж супраць савецкай улады і заручыцца падтрымкай іншых частак у прыфрантавой зоне.

Увечары 24 сакавіка 1919 года паўстанцы пад камандаваннем Стракапытава захапілі Гомель. Колькасць арміі паўстанцаў па розных дадзеных складала ад 6 000 да 10 000 салдат, а таксама мела значную колькасць артылерыйскіх гармат. У ходзе захопу горада стракапытаўцы практычна сустрэлі жорсткі супраціў з боку 300 чырвонаармейцаў і міліцыянераў ў гасцініцы «Савой», аднак пасля прымянення гармат, абаронцы здаліся. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва Гомеля і асобы, якія аказалі супраціў паўстанцам, былі змешчаныя ў гарадскую турму.

25 сакавіка 1919 года в. В. Стракапытаў абвясціў стварэнне Рускай Народнай Рэспублікі з цэнтрам у Гомелі. Мясцовае насельніцтва скептычна паставілася да новай улады (са снежня 1918 года па сакавік 1919 года гэта была 4-я змена ўлады ў горадзе), шэрагі паўстанцаў папоўнілі толькі адстаўныя афіцэры царскай арміі, чыгуначнікі, гімназісты і члены шэрагу спартыўных таварыстваў. У горадзе была ўведзена каменданцкая гадзіна, забаронены продаж спіртнога, жорстка перарываліся рабаванні і марадзёрства.[1]

26 сакавіка 1919 года да паўстання далучыўся горад Рэчыца, дзе паўстала мясцовая каравульная рота.

26-29 сакавіка 1919 года рабіліся беспаспяховыя спробы пашырыць тэрыторыі ўплыву Стракапытава. Да 29 сакавіка Гомель быў з трох бакоў акружаны часткамі РСЧА, паўстанцы прынялі рашэнне адступаць праз Калінкавічы ў Мазыр для наступных перамоў аб злучэнні з арміяй Пятлюры. Перад адступленнем былі пакараныя смерцю 12 арыштантаў турмы (у асноўным, партыйнае кіраўніцтва Гомеля).

30-31 сакавіка 1919 года, адыходзячы з баямі, паўстанцы занялі Васілевічы і Юравічы, ушчыльную наблізіўшыся да Калінкавічаў. Аднак неўзабаве высветлілася, што мост праз Прыпяць, які вядзе ў Мазыр падарваны чырвонаармейцамі, а на падаўленне бунту прыбыло на бронецягніку падраздзяленне кітайцаў. 31 сакавіка 1919 года 6000 стракапытаўцаў уплаў перасеклі Прыпяць і далучыліся да частак УНР у якасці адасобленага Руска-Тульскага атраду, яшчэ каля 2000 паўстанцаў патрапілі ў палон (150 з іх пазней былі пакараныя смерцю).

У сакавіку—маі 1919 года атрад пад камандаваннем в. В. Стракапытава у складзе УНР прымаў удзел у баях супраць РСЧА. У маі 1919 года Стракапытаў трапіў у палон да войскаў Польскай Рэспублікі паблізу Роўна.

У маі—ліпені 1919 года знаходзіўся ў турме ў Брэст-Літоўску.[2]

У ліпені 1919 года Стракапытаў і яго паплечнікі былі вызваленыя і накіраваны ў Эстонію для фарміравання антыкамуністычных атрадаў. У горадзе Гдоў (цяпер Пскоўская вобласць, Расійская Федэрацыя), у другой палове ліпеня з іх быў сфарміраваны 1-ы Тульскі полк пад камандаваннем Стракапытава ў 600 чалавек, які быў нададзены дывізіі А. П. Лівена. У першым жа баі 4 жніўня 1919 года ў Ямбурге большая частка байцоў разбеглася пры першым з’яўленні браневікоў РСЧА. Стракапытаў у далейшым служыў у 1-м пяхотным Георгіеўскім палку таксама ў чыне капітана.

У 1920 годзе пасля ліквідацыі Арміі Лівена стварыў на аснове свайго палка Тульскую працоўную арцель (каля 1000 чалавек), якая займалася высечкай лесу. Канторы па вярбоўцы салдат ПЗА ў арцель знаходзіліся ў Таліне, Нарве і Йыхві.

У пачатку 1930-х гадоў В. В. Стракапытаў жыў у Таліне. Прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці талінскага аддзела Саюза ўзаемадапамогі чыноў былой Паўночна-Заходняй арміі і рускіх эмігрантаў у Эстоніі. Складаўся таксама ў савеце старшын талінскага Рускага грамадскага сходу. Пасля ўводу ў Эстонію савецкіх частак і наступных арыштаў, спаліў усе свае дзённікі.

У кастрычніку 1940 года арыштаваны войскамі НКУС у Таліне.

У лютым 1941 года прыгавораны да расстрэлу. У красавіку 1941 г. прысуд прыведзены ў выкананне.

Зноскі