Універсітэт кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве

Універсітэт кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (польск.: Uniwersytet Kardynała Stefana Wyszyńskiego w Warszawie) — польская дзяржаўная і царкоўная вышэйшая навучальная ўстанова са статусам універсітэта, утвораная ў 1999 годзе на базе Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве. Знаходзіцца пад сумесным кіраваннем Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы і Каталіцкага Касцёла.

Універсітэт кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве
польск.: Uniwersytet Kardynała Stefana Wyszyńskiego w Warszawie
Выява лагатыпа
Арыгінальная назва польск.: Uniwersytet Kardynała Stefana Wyszyńskiego w Warszawie
Заснаваны 1999
Рэктар Ryszard Czekalski[d][1]
Студэнты 16 000
Краіна
Размяшчэнне Варшава
Юрыдычны адрас вул. Дэвайціс 5,
01-815 г. Варшава
Сайт uksw.edu.pl
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

У 1954 годзе быў ліквідаваны факультэт каталіцкай тэалогіі Варшаўскага ўніверсітэта і тэалагічны факультэт Ягелонскага ўніверсітэта. Яны былі пераўтвораны ў Акадэмію каталіцкай тэалогіі, у той час як выключаны з Варшаўскага ўніверсітэта факультэт евангелічнай тэалогіі стаў асновай стварэння міжканфесійнай Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. У тым жа годзе з былога камедульскага кляштара, размешчанага ў варшаўскім раёне Бяляны, былі выселеныя манахі-марыяне, а новаўтворанай акадэміі быў прадастаўлены былы манастырскі корпус.

Акадэмія каталіцкай тэалогіі была дзяржаўным універсітэтам, створаным рашэннем Савета Міністраў ПНР. Паколькі па кананічным праве багаслоўскія факультэты павінны быць створаны або зацверджаны Ватыканам, стварэнне новага універсітэта было дрэнна ўспрынята царкоўным асяроддзем. Прымас Польшчы Стэфан Вышынскі, тагачасны архібіскуп Варшаўскі, у 1953—1956 гадах знаходзіўся пад вартай. Атрымаўшы свабоду, ён не адразу прыняў універсітэт. Толькі з 1960 года, з дазволу Ватыкана, ён прызнаў акадэмію і абвясціў сябе вялікім канцлерам універсітэта. Поўныя царкоўныя правы Акадэмія каталіцкай тэалогіі атрымала ў 1989 годзе і з тых часоў была дзяржаўным і царкоўным універсітэтам адначасова.

У 1954 годзе ў Акадэміі каталіцкай тэалогіі працавала 60 выкладчыкаў. У ёй вучылася 415 студэнтаў. Яна мела тры факультэты: багаслоўскі, кананічнага права і хрысціянскай філасофіі. Універсітэт цалкам фінансаваўся дзяржавай. На вучобу дазвалялася прымаць студэнтаў у колькасці, строга вызначанай уладамі ПНР. Толькі ў 1980-я гады колькасць студэнтаў значна ўзрасла. У 1987 годзе з часткі багаслоўскага факультэта быў створаны факультэт царкоўных гістарычных і грамадскіх навук.

Далейшае развіццё навучальнай установы адбылося ў 1990-я гады: павялічылася колькасць выкладчыкаў і студэнтаў, адкрыліся новыя напрамкі навучання. Змены ва ўстанове дазволілі ператварыць яе ва ўніверсітэт. Гэта адбылося ў 1999 годзе. Тады ж яму надалі імя кардынала Стэфана Вышынскага.

Кампус

правіць

Універсітэт ажыццяўляе навучанне ў двух галоўных кампусах: на вул. Дэвайціс д. 5 у Бялянах і на вул. Вайціцкага 1/3 на Млацінах. У першым з іх акрамя навучальных залаў знаходзяцца Галоўная бібліятэка і адміністрацыя ўніверсітэта.

Кампус на Млацінах знаходзіцца ў пастаянным пашырэнні. 14 лютага 2008 года ў ім была адкрыта першая частка Цэнтра міждысцыплінарнай адукацыі і даследаванняў — Auditorium Maximum (будынак № 21), дзе размешчаны лекцыйныя залы, майстэрні і студэнцкая сталовая. У лютым 2009 года быў уведзены ў эксплуатацыю будынак № 23, у якім праводзяцца заняткі факультэта гістарычных і сацыяльных навук, хрысціянскай філасофіі, біялогіі і навук аб асяроддзі. У 2015 годзе быў адкрыты нядаўна пабудаваны лабараторны цэнтр прыродазнаўчых навук (будынак 24). У цяперашні час таксама будуецца спартыўная зала, у плане таксама знаходзіцца студэнцкі інтэрнат. У 2020 годзе пачалося будаўніцтва Мультыдысцыплінарнага даследчага цэнтра у Дзяканаве Лясным.

Зноскі

правіць

Спасылкі

правіць