Упраўленне прыфрантавых і этапных тэрыторый
Упраўленне прыфрантавых і этапных тэрыторый (польск.: Zarząd terenów przyfrontowych i etapowych) — часовы орган цывільнай адміністрацыі на занятай польскай арміяй тэрыторыі Беларусі ў 1920 г. у выніку польска-савецкая вайна 1920 г.
Створана 9 верасня 1920 г. Міністэрствам унутраных спраў паводле загаду галоўнакамандуючага Ю. Пілсудскага, замест Цывільнага ўпраўлення ўсходніх зямель і ўпраўлення галоўнага камісара зямель Валыні і Падольскага фронта. Узначальваў УПЭТ У. Рачкевіч. Кампетэнцыі УПЭТ падлягалі справы дзяржаўнай адміністрапыі і самакіравання, нацыянальныя, грамадскія, гаспадарчыя, падатковыя справы, паліцыя, суды, кіраванне дзяржаўнай маёмасцю і інш. Прынцыповыя пытанні палітыкі ўпраўлення, пацвярджэнне яго бюджэту, спосаб арганізацыі кіравання акупіраванымі тэрыторыямі вырашаліся выключна галоўнакамандуючым.
23 верасня 1920 г. на першапачатковыя патрэбы УПЭТ быў выдзелены ўрадавы крэдыт у памеры 25 млн. марак. Загады ўпраўлення друкаваліся ў весніку УПЭТ («Dziennik urzędowy Zarządu terenów przyfrontowych i etapowych», выйшла 5 нумароў). УПЭТ ахоплівала 20 беларускіх паветаў, у т.л. 9 наваствораных: Белавежскі, Валожынскі, Драгічынскі, Дунілавіцкі, Кажан-Гарадоцкі, Косаўскі, Лунінецкі, Нясвіжскі і Стаўбцоўскі. Размежаванай лініяй паміж Польшчай і УПЭТ была вызначана ўсходняя мяжа Сакольскага, Беластоцкага і Бельскага паветаў. Восенню 1920 г. пасля спынення ваенных дзеянняў, каб не дапусціць пранікнення ў глыб Польшчы «непажаданых элементаў», пры асобных арміях на тэрыторыі УПЭТ былі створаны санітарна-паліцэйскія кардоны. Таксама дзейнічаў 15-кіламетровы дэмаркацыйны пояс, кантроль за якім ажыццяўляла МУС. На месцах органы УПЭТ разгортваліся марудна, у некаторых паветах адміністрацыі улад не існавала некалькі тыдняў пасля ўступлення польскага войска.
Унутранае становішча УПЭТ вызначалася няпэўнай дзяржаўнай прыналежнасцю акупіраваных тэрыторый, злоўжываннямі з боку войска, эканамічнай разрухай. 3-за крытычнага становішча самой Польшчы значную ролю ў забеспячэнні мясцовага насельніцтва прадметамі першай неабходнасці адыграла гуманітарная дапамога з боку дзяржаў Антанты. Тэрыторыя УПЭТ была падзелена на гуманітарныя раёны, у якіх дзейнічала некалькі дзесяткаў мясцовых камітэтаў.
У канцы верасня—лістапада 1920 г. на тэрыторыі УПЭТ актывізаваўся беларускі нацыянальны рух, цэнтрам якога стала Гродна. Была адноўлена дзейнасць Гродзенскага беларускага нацыянальнага камітэта, Грамады беларускай моладзі ў Горадні, выходзіла газета «Беларускае слова», адчынена беларуская гімназія, адбыўся каапёратыўны з’езд, на якім заснаваны «Саюз спажывецкіх кааператываў Гарадзеншчыны» і інш. У сярэдзіне кастрычніка тут пачаў работу вярбовачны адязел Беларускай вайсковай камісіі. Адначасова разгортвалася нацыянальная праца на Случчыне і Віленшчыне. Больш ці менш прыхільнае стаўленне з боку польскай адміністрацыі да беларускага руху скончылася з канчатковым далучэннем акупіраваных тэрыгорый да Польшчы. У сувязі з падпісаннем польска- савецкага прэлімінарнага міру 27 лістапада 1920 г. УПЭТ як палітычная структура ліквідавана, а яго дэпартаменты ўвайшлі ў склад адпаведных міністэрстваў. У сярэдзіне студзеня 1921 г. загадам Галоўнага камандавання ўздоўж новай усходняй мяжы Польшчы быў створаны пагранічны кардон. 4 лютага 1921 г. закон аб нармалізацыі палітычна-прававога становішча на землях, далучаных да Польшчы згодна з польска-савецкім дагаворам аб прэлімінарным міры, перадаваў акупіраваныя тэрыторыі цэнтральным органам улады: сейму, кіраўніку дзяржавы і савету міністраў.
Літаратура
правіць- Kozyra, W. Polityka administracyjna władz polskich na Ziemiach Wschodnich Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1918—1926 / Waldemar Kozyra // Annales Universitatis Mariae Curie-Skłodowska. Sectio F, Historia. — 2005. — Vol. 60. — S. 419—440.
- Гамулка, К. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фарміраванняў, 1918—1922 / Крысціна Гамулка; пер. з пол.: С. Кузняцоў, А. Шота; навук. рэд. З. Шыбека. — Вільня: [Выд-ва ЕГУ], 2008. — 255 с.: табл. — С. 119—120. — (Гісторыя палітычных ідэй). — ISBN 978-9955-773-26-9.
- Чарнякевіч, А. Упраўленне прыфрантавых і этапных тэрыторый / Андрэй Чарнякевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 587. — ISBN 985-11-0214-8.