Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка

Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка — комплекс архітэктурных і абарончых прыстасанняў, якія былі закліканы абараніць Мірскі замак у выпадку нападзення або аблогі.

Паўднева-заходняя вежа амаль цалкам захавала першапачатковы выгляд, на ёй добра відаць абарончыя элементы замка

Мірскі замак для свайго часу быў магутным ваенным збудаваннем, дзе знайшлі ўжыванне амаль усе вядомыя элементы сярэднявечнай фартыфікацыі і былі ўвасоблены мясцовыя традыцыі замкавага дойлідства. Будавалі яго па праекце таленавітага архітэктара, які, хутчэй за ўсё, быў майстар з народа і валодаў мастацкім густам. Адсутнасць добрых прылад не перашкодзіла дойліду стварыць першакласнае для таго часу ваенна-інжынернае збудаванне і ўпрыгожыць яго разнастайнымі архітэктурнымі дэталямі[1]. Вялікая насычанасць агнявых сродкаў пры ўзаемна-перакрываючыхся сектарах абстрэлу, пастаноўка веж з разлікам вядзення флангавага агню ўздоўж сцен, высокія, стромкія земляныя валы з бастыёнамі па кутах рабілі Мірскі замак першакласным абарончым збудаваннем свайго часу[2].

Агульнае апісанне замка правіць

Замак у плане блізкі да квадрата са стараной каля 75 метраў, па вуглах мае пяціпавярховыя вежы вышынёй 25—27 м, якія выходзяць за межы сцен. Пятая вежа — шасціпавярховая з уязной брамай[3].

Мірскі замак быў пабудаваны на невялікім узвышшы ля супадзення рэчак Міранка і Замкавай. Раўнінны характар мясцовасці абумовіў залажэнне ўмацавання правільнай формы: праслы абарончых сцен даўжынёй 55—60 метраў утвараюць блізкі да квадрата ўнутраны двор-дзядзінец. Па вуглах замка пастаўлены чатыры фланкіруючыя вежы памерамі 10x10 м, якія цалкам выступаюць за перыметр сцен. Пятая вежа, вежа-брама памерамі 12x12 м, пабудавана пасярэдзіне заходняй сцяны. Правільная канфігурацыя муроў стварала найлепшыя ўмовы для абароны сцен з вуглавых вежаў[4].

Фартыфікацыя вежаў правіць

Агульны малюнак фартыфікацыі першапачатковага замка меў наступны выгляд. На далекай адлегласці ворага стрымлівала артылерыя, размяшчанная трох вуглавых вежах; эфектыўная далёкасць стральбы складала каля 250—300 метраў, размешчанныя на трэцім паверсе гарматы яшчэ больш павялічвалі дальнасць стрэлу. Падыходы да сценаў закрыаалі драўляныя востраколы і сухі ці напоўнены вадой роў, які аднак не падыходзіў да самых сценаў. Каля саміх замкавых сцен агонь вёўся з рушніц і гакаўніц з вуглавых вежаў, машыкуляў і з байнічнага пояса ў праслах сцен, эфектыўная далёкасць стральбы не перавышала 100 метраў[5].

Абарона замка была сканцэнтравана ў вежах, якія былі сапраўднымі цэнтрамі абароны замка, і ў якіх маглі размяшчацца гарматы. У найлепшым стане захавалася паўднёва-заходняя вежа. Яе першы, чацвёрты і пяты паверхі прызначаліся для стралкоў з ручной агнястрэльнай зброяй, аб чым сведчыць форма байніц. На першым паверсе знаходзілася 7 байніц, на чацвёртым — 4, на пятым — 8. Другі паверх мог прызначацца для ўстаноўкі цяжкіх гакаўніц і гармат-фоглераў. Трэці паверх вежы значна вышэйшы і мае тры вялізныя нішы ў паўднёвым, заходнім і ўсходнім баках. Цяпер яны закладзены тонкім мурам, у якім зроблены невялікія акенцы. Нішы пачынаюцца амаль ад узроўню падлогі, што рабіла магчымым устаноўку гармат на стацыянарным драўляным ложы. Вялікія праёмы давалі магчымасць наводзіць гарматы на цэль і хутка праветрываць памяшканне ад дыму пасля выстралу. Для абароны пушкароў і іх памочнікаў у час чысткі і перазарадкі гарматы байніцы маглі закрывацца звонку вялікімі драўлянымі шчытамі. Перад выстрелам шчыт падымаўся з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. Спецыялісты лічаць, што пасля ўстаноўкі гармат праёмы замуроўвалі, пасля чаго пакідалася толькі невялікая байніца. Артылерыя трэцяга паверха паўднёва-заходняй вежы прызначалася для вядзення агню на далёкую адлегласць, што тлумачыць адсутнасць байніцы з паўночнага боку, дзе меней чым у 20 метрах знаходзіцца вежа-брама[6].

У вялікай колькасці байніц на вежах захаваліся сляды ад спецыяльных планак, на якія клаліся рушніцы ці гакаўніцы ў час стральбы. Зачэпванне гакаўніцы пры дапамозе гака на пярэдняй частцы ствала за такую планку ці парапет сцяны было неабходна для кампенсавання моцнай аддачы пры выстрале.

Абарончыя элементы Мірскага замка акрамя свайго прамога прызначэння займалі значную ролю ў дэкаратыўным афармленні збудавання. Нагадваючы пра суровыя ваенныя часы, яны ў той жа час надавалі архітэктуры замка святочнасць, урачыстасць. Невядомыя дойліды здолелі стварыць замест жаданай замоўцам "дэманстрацыі сілы" несмяротную "імпрэзу прыгажосці"[7].

Асаблівасці фартыцікацыі асобных вежаў правіць

Форма паўднёва-заходняй вежы пабудавана з улікам спецыфікі абароны замка. Для размяшчэння гармат на трэцім паверсе былі патрэбны вялікія байніцы, таму да гэтага ўзроўню вежа захоўвае чатырохгранную форму. Далей вежа ператвараецца ў васьміграннік, што стварала магчымасць пашырыць вобласць абстрэлу вакол вежы, ліквідуючы "мёртвыя зоны" перад вугламі чатырохгранніка. На паўднёва-заходнюю падобныя і дзве іншыя вежы: паўднёва-ўсходняя і паўночна-заходняя, якія былі перабудаваны ў апошняй чвэрці XVI ст. Яны таксама да трэцяга паверха захоўваюць чатырохгранную форму, а вышэй пераходзяць у васьміграннік; трэція паверхі гэтых вежаў таксама маглі прызначацца для ўстаноўкі гармат[8].

Паўночна-усходняя вежа значна адрозніваецца ад іншых, у ёй пераход з чатырохгранніка ў васьміграннік адбываецца на ўзроўні трэцяга паверха. Байніцы на ўсіх паверхах невялікія, і таму маглі прызначацца толькі для ручной агнястрэльнай зброі. Істотнай асаблівасцю гэтай вежы з'яўляецца надзвычай багатае дэкаратыўнае афармленне і да ўзвядзення палацаў яе маглі выкарыстоўваць як жылую. Гэтае меркаванне падцвяржаецца тым фактам, што ўнутры вежы ў адрозненне ад трох іншых не было месца для гармат. У вежы на другім паверсе захаваліся дзве ўнікальныя трайныя байніцы, якія дазвалялі весці фланкіруючую стральбу[8].

Вежа-брама па форме і дэкаратыўнаму аздабленню нагадвае паўночна-ўсходнюю вежу. Першы паверх займае праезд брамы, а на другім паверсе знаходзіцца капліца, пачынаючы з трэцяга паверха вежа пераходзіць у васьміграннік. Пры гэтым усе баявыя ўзроўні прызначаліся для стралкоў з ручной агнястрэльнай зброяй, аб чым сведчыць форма байніц[8].

Артылерыя замка правіць

 
Ядры, якія знойдзены ў замку

Звесткі пра гарматы ў Міры вельмі скупыя. Даследчыкі лічаць, што гарматы маглі знаходзіцца ў байніцах, а ў брамной вежы меліся "3 жалезныя гарматы, неапраўленыя".

Самай ранняй крыніцай, дзе апісваецца ўзбраенне Мірскага замка, з'яўляецца "Апісанне рэчаў у мірскім скарбцы" 1636 года. У ім згадваецца невялікая гармата "спіжовая дзялка" з 30 ядрамі, якая знаходзілася ў паўднева-ўсходняй вежы[9].

У мірскім арсенале мелася 56 гакаўніц, 20 "меншых" гакаўніц, 8 гакаўнічных і 15 паўгакаўнічных ствалоў, 15 "кабыл", альбо "старасвецкіх пулгакаў" (паўгакаўніц). Большасць зброі трапіпа ў замак яшчэ пры Мікалаю Радзівілу Сіротку, аднак некаторая зброя магла захоўвацца ў замку яшчэ з першай паловы XVI ст. Гакаўніцы заставаліся асноўнай зброяй для абароны замка яшчэ ў першай палове XVII ст.

Паводле апісання ад 14 жніўня 1660 года ў замку заставалася 11 гакаўніц, 12 неапраўленых кнотавых мушкетаў і 4 самапалы, да якіх яшчэ былі дакуплены 55 мушкетаў. У хуткім часе значная частка зброі была адпраўлена ў Нясвіж, а ў Мірскім замку засталося 35 мушкетаў і 1 гакаўніца. Паводле рэестра замка 1681 года згадваецца толькі 16 стрэльбаў і 3 мушкетныя ствапы[10].

У XVII ст. у складзе агнястрэльнай зброі гараджан Міру былі "гакаўніцы, мушкеты, кнотавыя самапалы, дзіды, бердышы, булавы, а таксама меліся гарматы, "абабітыя жалезам". Частка ўзбраення ў 1660 г. была перададзена ў Нясвіж[11].

Зноскі правіць

  1. Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 142
  2. А. Я. Митятин. Замок в Мире
  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, с.437
  4. Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 13
  5. Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 16
  6. Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 14-15
  7. Калнин В. В. Мирский замок. с. 12
  8. а б в Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 15
  9. Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 12
  10. Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 22
  11. Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.73