Хле́бны Клін[1] (трансліт.: Chliebny Klin, руск.: Хлебный Клин) — пасёлак у Слуцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Знаменскага сельсавета.

Пасёлак
Хлебны Клін
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1795
Аўтамабільны код
5
Хлебны Клін на карце Беларусі ±
Хлебны Клін (Беларусь)
Хлебны Клін
Хлебны Клін (Мінская вобласць)
Хлебны Клін

Гісторыя правіць

Заснаванне правіць

Гісторыя пасёлка Хлебны Клін пачынаецца з 1926 года, калі 12 самых багатых гаспадароў са сваімі сем’ямі пакінулі вёску Сераднякі і пасяліліся воддаль. Зямля там была ўрадлівай, хлебнай. Ад гэтага, лічаць мясцовыя жыхары, і ўтварылася назва пасёлка. Пазней такім жа чынам узніклі пасёлкі Ваўкатня (Беларусь), Загуменне (Усход), Хлынаўка (Дуброва), Чырвоная Ніва (зараз вёска з гэтай жа назвай), пасёлак Сераднякі.[2]

«Архаваныя» правіць

Паняцце правіць

Першыя пасяленцы Хлебнага Кліна былі ў той ці іншай ступені сваякамі. Сярод іх сустракаліся такія прозвішчы, як Гапановіч, Бародзіч, Козел, Хаценка, Каруліс. Жылі дружна, у дастатку. Мелі сваю жывёлу: кароў, свіней, па два і болей коней, трымалі памногу авечак, птушкі. Суседзі называлі іх «архаванымі», што значыла — выбраныя, лепшыя, заможнейшыя.

Архаванымі лічыліся тыя, у каго былі свае ўласныя архаркі — самаробныя драўляныя прыстасаванні для ачысткі зерня. Яго прасявалі праз некалькі сіт, упарадкаваных адно пад другім, з дапамогай вентыляцыі. Архаркі былі амаль у кожнага гаспадара пасёлка, а ў некаторых — і малатарні. Дзякуючы добрым землям у пасёлку атрымлівалі добры ўраджай зерня, лішкі якога вазілі на продаж. Шмат садзілі бульбы, сеялі каноплі для вязання вяровак, ільну — для вырабу адзення.

Заняткі «архаваных» правіць

«Гаспадары — што трэба, а яшчэ — майстры на ўсе рукі», — так гаварылі пра Фёдара Фёдаравіча Бародзіча, які займаўся майстраванем саней, хамутоў і іншай вупражы для коней, Івана Давыдавіча і Івана Дзям’янавіча Гапановічаў — шаўцоў абутку, апошні з якіх быў яшчэ і добрым краўцом, пра Уладзіміра Мікалаевіча Барысаўца, які вырабляў посуд з дрэва, мэблю. Матэрыял для вопраткі (кажухоў, паўкажукоў) мясцовыя жыхары навучыліся вырабляць з авечай скуры, а з цялячай — абутак. Шмат пакінулі пасля сябе і плеценых вырабаў. На жаль, многія з вырабаў не захаваліся. Сучасныя гаспадары нешта выкінулі як смецце, а штосьці — спалілі. Толькі нямногае ўсё ж засталося: драўляныя самаробныя прылады для разьбы па дрэве, плеценыя кашы, а яшчэ — куфры.

Вялікая Айчынная вайна правіць

 
Хлебны Клін пад коўдрай вераснёвых зорак

Трыццатыя гады XX стагоддзя. Калектывізацыя. Яна прыйшла і ў Хлебны Клін. Амаль усе гаспадары добраахвотна паставілі сваю жывёлу ў адзін калгасны хлеў, аддалі вупраж. І да 1941 года ўваходзілі ў адну з чатырох брыгад калгаса імя Сталіна. З пачаткам вайны, як і астатнія жыхары наўкольных вёсак, атрымалі ва ўладанне па сем гектараў зямлі, участак сенакосу, забралі назад сваю жывёлу.

Вайна да іх пасёлка наблізілася на трэці дзень. Жыхары (а навакольнага лесу тады яшчэ не было) маглі здалёк назіраць, як па шашы Брэст-Слуцк рухаюцца нямецкія калоны. Час ад часу ў вёску наведваліся партызаны з аддаленых лясоў. «Яны прасілі дапамогі: ежы ці адзення, — успамінае карэнны жыхар пасёлка, ветэран вайны Іван Васілевіч Каруліс, — а ў вёсцы Леніна — побач — размяшчаўся нямецкі ўчастак. Таму трапіць у партызаны не давялося. У 1944-ым прыйшло вызваленне. Было мне амаль васямнаццаць гадоў, тады і прызвалі ў армію».

Іван Васільевіч удзельнічаў у баях у Польшчы, за Варшаву, дайшоў да Берліна. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй». Пасля заканчэння вайны Іван Васільевіч служыў у савецкіх войсках у Германіі і да 1953 года праходзіў звыштэрміновую службу. Потым вярнуўся ў Хлебны Клін, трынаццаць гадоў працаваў участковым інспектарам у страхінспекцыі, 20 гадоў — рахункаводам-касірам і галоўным бухгалтарам у Знаменскім сельвыканкаме. Разам з жонкай выхаваў шасцёра дзяцей, дачакаўся дзесяці ўнукаў, якія час ад часу прыязджаюць наведаць, дапамагчы па гаспадарцы.

У 1944 годзе былі прызваны ў рады Чырвонай Арміі аднавяскоўцы Ф. Ф. Бародзіч, І. П. Козел, якія загінулі ў час вайны. На фронце ваявалі А. Ф. Бродзіч, В. Я. Гапановіч, І. Я. Гапановіч, І. П. Хаценка. У ваенных дзеяннях прымаў удзел і савецкі лётчык, выхадзец з Хлебнага Кліна Віктар Паўлавіч Козел.

Пасляваенныя часы правіць

Ішлі гады. Ручная праца замянялася машыннай. Змяняўся і знешні выгляд пасёлка. Хаты замест саломы пакрывалі гонтай, а хто — і чарапіцай, пазней — шыферам. А на змену гліняным печам прыйшлі цагляныя. Драцяныя агароджы замянілі драўлянымі платамі, што стварала асаблівае адчуванне парадку. У сярэдзіне 80-х зрабілі добрую пясочную дарогу.

Але моладзь імкнулася да навукі, ад’язджала ў горад, заставалася там. Сярод іншых — стрыечны брат Івана Васільевіча — Віктар Якаўлевіч Гапановіч (беларускі вучоны ў галіне оталарынгалогіі, доктар медыцынскіх навук, дацэнт кафедры оталарынгалогіі Мінскага медыцынскага ўніверсітэта, які распрацаваў і ўкараніў у практыку біялагічны прэпарат крыві). Родны брат Івана Васільевіча Віктар Васільевіч Каруліс быў начальнікам планава-фінансавага аддзела Міністэрства аховы здароўя БССР. Аляксандр Фёдаравіч Бародзіч — палкоўнікам, ваенным хірургам.

Пачатак 2000-х правіць

Ад колішняга гаманлівага пасёлка, дзе ў кожнай сям’і было па шэсць і больш чалавек, застаўся, можна сказаць, ціхі куточак. На момант 2008 года ў Хлебным Кліне заставалася дзесяць сядзіб, чатыры з якіх — дачныя. Акрамя Івана Васілевіча Каруліса, тут жылі чатырнаццаць чалавек: пяць жанчын-пенсіянерак — Вольга Міхайлаўна Пішчэўская, Ніна Якаўлеўна Барысавец, Таццяна Фёдараўна Гапановіч, Вольга Аляксандраўна Шпак, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў паляводчай брыгадзе, Надзея Ігнацьеўна Бародзіч, якая працавала загадчыцай магазіна ў вёске Сераднякі, і былы трактарыст Міхаіл Іванавіч Гапановіч.

На розных работах у СВК «Знаменскі» працавалі Міхаіл Аляксеевіч Бародзіч, Ігар Васільевіч і Вераніка Анатольеўна Козел, падвозчыкам кармоў для жывёлы — Аляксандр Сямёнавіч Пішчэўскі.

Самай маладой сям’ёй былі Вераніка Анатольеўна і Ігар Васільевіч Козел, з трыма дзецьмі: Сашам, Максімам і Кацярынай Козел.

Але у тыя гады цярпела росквіт прымусова дачнае жыццё: улетку на дзесяць хат прыязджалі вабіць свой час каля 20 дзяцей розных узростаў — то былі праўнукі першапасяленцаў. Як правіла, прыязджалі яны на канікулы да сваіх бабуль з дзядулямі.

У шчыльнай сувязі «хлебнаклінаўскія» дзеці знаходзіліся з дзяцьмі найбліжэйшага пасёлка Беларусь. Пад кіраўніцтвам Аляксандра Харэвіча з Беларусі была нават арганізавана ўласная футбольная каманда, у складзе якой былі найбольш здольныя гульцы з абодвух пасёлкаў. Выкошвалі калгаснае поле, ставілі вароты, абсталёўвалі месца для гледачоў. Праходзілі трэніроўкі, стваралі захапляльныя матчы з навакольнымі вёскамі.

Таксама ўдзень дзеці праводзілі свой час за пабудовай буданоў, маштабнымі матчамі ў самаробныя «бэйблэйды» (пад уплывам тагачаснага аднайменнага мультсерыяла), рознымі класічнымі гульнямі і нават ручной лоўляй рыбы ў мясцовай канаве, у якой на той час вадзіліся нават адзінкавыя шчупакі. Ноччу часам ладзіліся дыскатэкі.

Такім чынам, Хлебны Клін не ператвараўся ў занядбаную вёску і кожным летам адраджаўся новым подыхам, смехам дзяцей і жыццёвым рухам.

Сучаснасць правіць

З цягам часу пасёлак Хлебны Клін страціў усіх архаваных і большасць іх першых нашчадкаў, але гэта не пашкодзіла яму стаць калыскай прыемных успамінаў і сапраўды вясковага вобразу жыцця для некалькіх пакаленняў дзяцей.

Цяпер Хлебны Клін мае толькі 2 хаты з пастаяннымі жыхарамі — хата Пішчэўскіх, дзе пражывае Вольга Міхайлаўна Пішчэўская, і хата Давыдавых, дзе пражывае Ніна Якаўлеўна Барысавец.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Грамыка Н.. Хлебны Клін . nasledie-sluck.by. «Слуцкі край» (11 сакавіка 2008). Праверана 18 студзеня 2024.

Спасылкі правіць